Общество
Анастасія Зелянкова

«Дзеля агульнай беларускай справы трэба ўмець дамаўляцца»

Вось ужо некалькі дзён у СМІ і на форумах у Інтэрнэце шырока абмяркоўваецца сустрэча беларускіх рок-музыкаў з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Алегам Праляскоўскім. Адны ўжо паспелі запісаць музыкаў у здраднікі, іншыя — называюць іх учынак “разумным прагматызмам”. Сваё меркаванне наконт гэтай сустрэчы выказаў “Салідарнасці” паэт Генадзь Бураўкін.

— Не трэба спяшацца з ацэнкай учынку музыкаў, — адзначае паэт. — Даваць ацэнкі трэба па выніках. Я не зусім разумею таго вэрхалу, што ўзняўся. Ну сустрэліся — і што з таго? На мой погляд, гэта толькі даказвае, што нашыя чыноўнікі пачалі крыху разумнець або проста не могуць рабіць больш выгляду, што няма гэтых таленавітых музыкантаў, няма іх творчасці. Дык што ж у гэтым дрэннага?

На думку Генадзя Бураўкіна, разумны кампраміс паміж музыкамі і ўладай будзе толькі на карысць.

— Я, канешне, не прысутнічаў пры гэтай размове, але нават не сумняваюся, што чыноўнікі прасiлі музыкаў адысці ад апазіцыйных спраў, не прымаць удзелу ў мітынгах і дэманстрацыях, а ўзамен паабяцалі ім выхад да масавага слухача — ратацыю на радыё і тэлебачанні. Як у гэтай сітуацыі паступяць музыкі — паглядзім. Наколькі я ведаю Вольскага, Хаменку, то не думаю, што яны здрадзяць сваім прынцыпам.

Тым не менш пэўны капраміс з уладамі быў бы апраўданым. Будзем рэалістамі — у чыноўнікаў ва ўладзе значна большыя магчымасці спрыяння ў справе папулярызацыі іх творчасці. З’яўленне на радыё і тэлебачанні — гэта ўжо не тыя некалькі тысяч, што могуць пачуць цябе на мітынгах, гэта ўжо мільёны слухачоў.

Генадзь Бураўкін бачыць пэўныя паралелі ў сённяшняй сітуацыі з савецкімі часамі, калі зрабіць нешта было магчыма, толькі інтэграваўшыся ва ўладныя структуры.

— Сітуацыя з музыкамі ў нечым нагадвае савецкія часы. Дзеля агульнай беларускай справы трэба ўмець дамаўляцца. Гэта і ёсць палітыка. У свой час, калі я быў кіраўнком Белтэлерадыёкампаніі і даваў прамы эфір з Зянонам Пазьняком, мы з ім таксама на цывілізаваным узроўні дамаўляліся, што некаторыя лозунгі ён не будзе агучваць у прамым эфіры. І ён пагаджаўся, бо данесці сваю пазіцыю да людзей было важней. У палітыцы такія кампрамісы апраўданы. Канешне, я буду вельмі рады пачуць “Краму”, “N.R.M” і “Палац” па радыё. Але ўся справа, якой цаной гэта будзе дасягнута. І калі музыканты будуць рабіць пэўны крок, то я хацеў бы, каб гэты крок быў зроблены на карысць Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)