Дзейкала: «Сутнасная гарантыя нармальных перамен — у змене падыходаў, а не прозвішчаў»
Юрыстка-міжнародніца і кандыдатка юрыдычных навук Кацярына Дзейкала паразважала, ці магчыма вяртанне статуса-кво беларускім уладам і ці патрэбна ў Беларусі пасля зменаў люстрацыя.
— Тут не моцна ёсць, куды вяртацца, бо мы не моцна кудысьці пайшлі. Ніякага пытання аб непрызнанні ўрада ў Беларусі ніколі не стаяла, — тлумачыць Кацярына Дзейкала ў інтэрв’ю Свабода Premium. — Такія пытанні ўзнікаюць у сітуацыі, напрыклад, калі нейкія канкуруючыя урады, якія кантралююць розныя часткі краіны, і ў замежных краін стаіць пытанне, з кім ім падтрымліваць стасункі, хто прадстаўляе краіну афіцыйна. Ці, напрыклад, здараецца канстытуцыйны пераварот і не ясна: у краіне хаос або ўлады могуць штосьці кантраляваць.
У нашым выпадку ўлада фактычна ажыццяўляе эфектыўны кантроль: гэта значыць, што ўсё, што здараецца, падпарадкоўваецца законам, якія гэтая улада выдае.
У 2020 годзе, адзначае юрыстка, шмат якія краіны не прызналі вынікі выбараў у Беларусі, але гэта быў палітычны момант.
— Ніхто не парваў дыпламатычныя адносіны, толькі панізілі ранг дыпламатаў. На міжнародных пляцоўках, куды яшчэ дапускаюць Беларусь (напрыклад, ААН), Беларусь як дзяржаву прадстаўляе афіцыйны ўрад. І вось гэта фактычнае становішча спраў. Таму, я думаю, што чым больш цягнецца фактычная сітуацыя, тым больш верагодна вяртанне да палітычнага статуса-кво.
Юрыстка таксама адказала на пытанне, што будзе з законамі, якія прымаліся дзеючай уладай, калі ў Беларусі адбудуцца перамены.
— Безумоўна, не можа быць так, што адразу ўсе законы адменяць. Краіна не можа застацца без права, без захавання прававога парадку, у хаосе. Гэта вельмі важна на гэтым этапе.
Спачатку прымаюцца пераходныя акты, дзе прапісана, што ўсё заканадаўства пакуль дзейнічае ў той частцы, у якой яно не супярэчыць, напрыклад, абавязацельствам па правах чалавека.
Дзейкала таксама не мае адназначнага адказу, ці патрэбна ў будучыні люстрацыя ў Беларусі.
— Гэта не гарантыя нармальных перамен. Я лічу, што люстрацыя можа быць адным з інструментаў. Але сутнасная гарантыя — у змене падыходаў, а не прозвішчаў, і вось тады будзе нейкая надзея на поспех.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное