Общество
Анастасія Зелянкова

Дзед, на якім варта пасядзець «голым месцам»

У аб’ектыве праекта «Ілюстраваная гісторыя» — валун “Дзед”.

Фота wikimedia.org

Сёння на месцы гэтага вялізнага каменя на беразе Свіслачы ў Мінску – рэстаран «Старое русло». Але яшчэ нядаўна сюды, да Мінскага паганскага капішча, прыходзілі людзі, каб папрасіць у “Дзеда” (так ахрысціў народ гэты валун) здароўя, спрыяння ў асабістым жыціі і іншых даброт. Нават у пачатку ХХ стагоддзя ён заставаўся месцам паломніцтва бясплодных жанчын. Лічылася, што варта толькі сесці на яго "голым месцам", закрыўшы спадніцаю ўвесь камень, і “Дзед” абавязкова падорыць дзіця.

Так выглядала капішча ў сярэдзіне XX стагоддзя. Фота wikimedia.org

Дарэчы, яшчэ ў 19 стагоддзі побач з каменем рос вялізны дуб (у чатыры абхваты), аднак у 1880 годзе ён стаў ахвярай барацьбы з паганствам і быў спілены. Пад гэтай маркай перад святкаваннем 900-годдзя хрышчэння Русі раскідана было і вогнішча, дзе палілі рэшткі ахвяравальных жывёл, а таксама пазбаўлены сваёй хлебнай пасады знахар, які жыў пры капішчы, дзе ладзіў абрады і пастаўляў людзям святую ваду (вядро за цэлага барана) са Свіслачы. Каб адвучыць людзей ад паганскіх забабонаў, на гэтым месцы пачалі праводзіць багаслужэнні. Але не дапамагло.

Пакланенне валуну не ўдалося спыніць нават ў 20 стагоддзі. У пачатку 80-х камень перавезлі ў Музей валуноў, што ва Уруччы. І што дзіўна, нават сёння каля яго можна бачыць «ахвяраванні»: грошы і цукеркі.

Таксама ў праекце:

Напамін пра Беларусь, які захоўваўся ў кабінеце Гітлера

Як Гродна адкопвалі

Як Скарына прасоўваў эротыку ў масы