Лучшее из архива
Генадзь Бураўкін

Дзеці свабоды

Так атрымалася, што ўсе мае самыя светлыя ўспаміны і ўражанні апошняга часу звязаныя з моладдзю, з дзяўчаткамі і хлапчукамі, што па ўзросце падыходзяць мне ўжо ва ўнукі. Іх мілыя шчаслівыя твары развейвалі мой змрочны настрой у перапоўненых душных электрычках. Ад іхняга бесклапотнага смеху рабілася лягчэй на душы падчас сумнага блукання па крамах у пошуку не дужа дарагога адзення ці абутку. Іхняя безаглядная ўпэўненасць у перамозе дабра і справядлівасці не дала пагаснуць кволаму агеньчыку надзеі пасля нядаўняга “гістарычнага” рэферэндуму...

Калі зусім апускаліся рукі ад бяссілля і адчаю, калі, здаецца, не заставалася ўжо ніякай магчымасці прабіць каменную сцяну беспакаранасці і самаўпраўства чыноўнай улады, якраз іхнія аптымістычныя тэлефанаванні і рашучыя вулічныя дзеянні напаўнялі збалелае сэрца энергіяй і ўпэўненасцю...

Я не раз задумваўся, чаму менавіта моладзь узяла пад ахову святыя нашы Курапаты, калі іх хацелі сцерці з зямлі і памяці магутныя бульдозеры будаўнікоў, калі невядомыя зламыснікі, не баючыся Бога, на якога так часта і так голасна спасылаюцца высокія асобы краіны, ламалі і палілі жалобныя крыжы. Чаму ў намётах каля магіл ахвяр сталінскага тэрору пад дажджамі і маразамі цёмнымі начамі заставаліся на варце не пасі-велыя жанчыны і мужчыны, якія добра ведаюць цану жыцця і смерці, мужнасці і прыніжэння, а нявопытныя юнакі і дзяўчаты, што толькі па фільмах ды аповедах бацькоў маюць уяўленне пра трагічныя трыццатыя гады мінулага стагоддзя?

Хіба ім болей баліць, чым яшчэ жывым сведкам бальшавіцкіх злачынстваў? Хіба іхнім яшчэ неакрэплым сілам прасцей супрацьстаяць жалезнай машыне дзяржаўнага прымусу і манкурцкага бяспамяцтва?..

Думаю, што разгадка гэтай, калі можна так сказаць, няпростай з’явы хаваецца ў тым, што ў душах самаахвярных нашых нашчадкаў зусім няма страху — страху перад міліцыяй, перад даносамі, перад тупою сілай бюракратаў. Іх не ламалі ні нечаканая здрада сяброў, ні нахабная хлусня напалоханых настаўнікаў, ні баязлівае апякунства бацькоў.

Яны яшчэ шчыра лічаць, што жыць трэба толькі па законах справядлівасці і сумлення і пры любой нагодзе бараніць ад глуму і няўдзячнасці і сваіх жывых сучаснікаў, і тым болей — бязвінна і бязлітасна забітых продкаў, якім не далі ні далюбіць Бацькаўшчыну, ні спраўдзіць лепшыя мары. Іх яшчэ не паспелi сапсаваць цынічны прагматызм сённяшніх удачлівых дзялкоў і прыліпчывая неспатоленасць прыстасавальніцтва.

Яны — лепшыя за многіх з нас, хто баіцца рызыкі і нястачы, неразумення і незапатрабаванасці. І дай Божа, каб будзённая рэальнасць не “адрэдагавала” іх, не патушыла ў іхніх вачах глыбіннага агню веры і маладой няўступчывасці. Бо выпрабаванняў ім, на жаль, наш жорсткі і няўстойлівы час падрыхтаваў дастаткова.

Прызнаюся шчыра, я вельмі баяўся, што няўклюдная савецкая педагагічная сістэма бязлітасна раструшчыць рамантычныя парыванні навучэнцаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. Здавалася, куды ім, наіўным і даверлівым шкалярам, выстаяць у змаганні з мастадонтамі з Міністэрства асветы, якія дзесяцігоддзямі назапашвалі майстэрства стрыгчы ўсіх пад адзін грабянец, не дазваляць ніякага адступлення ад застарэлых афіцыйных інструкцый? А вось жа вытрымалі і высяленне з роднага будынка, і пагрозы адміністрацыйнага пераследу, і прыдзірлівыя экзамены ў “чужых” школах, і просьбы некаторых бацькоў змірыцца з воляю начальства.

Гучна кажучы, перад усім светам выявілі яны сапраўдны беларускі характар — стойкі, упарты, цярплівы. І яшчэ паказалі непахісную адданасць ідэалам розуму, высакародства і праўды. Упэўнены, што іхняе супрацьстаянне з бяздумнай і нецывілізаванай аўтарытарнай уладай не проста застанецца прыкметнай старонкай у гісторыі суверэннай Беларусі, а ўжо сёння стане ўрокам і прыкладам для многіх не толькі юных суайчыннікаў...

З пякучым сардэчным болем глядзеў я тэлерэпартажы пра разгон акцый пратэсту студэнцкай і школьнай моладзі супраць грубых парушэнняў законаў на нядаўніх рэферэндуме і выбарах у Палату прадстаўнікоў. Было проста жахліва бачыць, як спрактыкаваныя бугаі ў камуфляжнай форме валаклі па асфальце хударлявых хлапчукоў, як кідалі яны ў міліцэйскія аўтобусы дзяўчатак з сумкамі для падручнікаў за плячамі.

Хіба нармальная еўрапейская дзяржава можа так абыходзіцца са сваімі юнымі грамадзянамі? Хіба дубінкамі можна ўбіць у галовы нешта добрае і высакароднае?..

Ох, гэтая саманадзейная чыноўніцкая ўпэўненасць, што страхам і сілаю можна дамагчыся ўсяго: і маўклівай згоды, і ўсеагульнай дысцыплінаванасці, і грамадскай стабільнасці!.. Магчыма, яна і дае нейкі жаданы вынік у дачыненні да прывыклых да ўсяго пенсіянераў, да замардаваных працаю і нішчымнiцаю людзей сталага веку. Але яна бяссільная, калі сутыкаецца з моладдзю, з яе неагляднай верай у справядлівасць і праўду, з яе адданасцю разняволенай Радзіме, з яе апантанасцю і бескампраміснасцю.

І давайце не будзем асуджаць яе за наіўную гарачлівасць і залішнюю катэгарычнасць, за “арганізацыйную” няўмеласць і адсутнасць цвярозага разліку. Парадуемся, што нашы мілыя хлопцы і дзяўчаты — дзеці Свабоды, якая прыйшла да нас разам з нацыянальным адраджэннем і дзяржаўнай самастойнасцю і не дала ўзысці ў іхніх душах ні “саўковасці”, ні звыкламу страху перад уладаю, якія ўсё яшчэ варушацца ў цёмных закутках падсвядомасці тых, каму за шэсцьдзесят, а то і за пяцьдзесят.

Яны — дзеці новага часу, дзеці Свабоды. І давайце дапаможам ім вырасці сапраўднымі рыцарамі і мужнымі салдатамі Свабоды! І павучымся ў іх, і падтрымаем іх...

Артыкул надрукаваны ў штотыднёвіку Салідарнасць” ад 5.11.2004

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)