Коктейль
Юлія Ружачка

Дзеці Шрэка пачалі размаўляць па-беларуску

У пачатку студзеня будзе прэзентаваная трэцяя беларуская частка мультыплікацыйнай эпапеі пра самага вядомага ў свеце людажэра — Шрэка. Дзякуючы “хуліганству з беларускімі тэкстамі і перакладамі” школа Worrestershire стала нагадваць Ліцэй БДУ, яго вучаніцы скандуюць “Верым! Можам! Пераможам!” ды абмяркоўваюць размеркаванне ў Крупкі, а з вуснаў герояў гучаць вядомыя цытаты беларускіх дзячаў. Пра тое, якія змены адбыліся са Шрэкам у беларускіх рэаліях даведалася “Салідарнасць”.

Шрэк не ўяўляе пагрозы

Творчая ініцыятыва “Беларускі гальфстрым” працавала над “Шрэкам 3” з верасня 2007 года. Таццяна Беланогая з Міколам Андрэевым зрабілі пераклад з ангельскай мовы. І з лёгкай рукі лірычнай бардэсы і яе сябра ў фільме з’явіліся беларускія ўстойлівыя выразы, вядомыя афарызмы, лаянкі і нават непрыстойныя словы. У далейшым рэдактары праекту вырашылі не пакідаць некаторыя з іх, паколькі “Шрэка” ў адрозненні ад таго ж “Крымінальнага чытва” будуць глядзець і дзеці. Таму кіраўнік праекта завярае, што пакінутыя дробныя лаянкі не ўяўляюць пагрозы для маральнага стану малодшай аўдыторыі фільма.

З той жа прычыны “Шрэк 3” пазбавіўся і некаторых смешных момантаў:

— Бальшыня смешных момантаў не ўваходзіць, застаецца ў межах студыі, а са студыі выходзіць творчае, эстэтычнае, прагожае.

І сапраўды, наўрад ці дзеці ацанілі б тое, што Шрэк лаецца матам падчас сваёй урачыстай прамовы ў канцы фільма, бо ў Аляксандра Памідорава папросту ўпала мікрафоная стойка.

Цікава, што над “Шрэкам 3” у студыі працавалі пазменна з “Паўлінкай Нью”. Такім чынам сутыкнуліся два значных беларускіх праекта мінулага года.

— Супрацоўнікі студыі казалі, што нават у працы з людзьмі над Шрэкам і над Паўлінкай адчуваецца кантраст. Кантраст падыходу, кантраст ідэалёгіяў, кантраст светаўспрымання, — кажа Франак Вячорка, кіраўнік праекта “Беларускі гальфстрым” і ўдзельнік перакладу і агучкі.

“Памідораў — прататып Шрэка ў жыцці”

Галоўных персанажаў Шрэка агучылі прафесійныя акцёры.

 

Персанаж

Галівудскі голас

Беларускі голас

Шрэк

Mike Myers

Аляксандр Памідораў

Аслюк

Eddie Murphy

Ягор Маёрчык

Фіёна

Cameron Diaz

Святлана Зелянкоўская

Кот у ботах

Antonio Banderas

Мікола Рабычын

Прынц Артур

Justin Timberlake

Алесь Жуковіч

Чароўны прынц

Rupert Everett

Павал Юшкевіч

Выбар акцёраў тлумачыць кіраўнік праекту Франак Вячорка:

— Памідораў — гэта прататып Шрэка ў рэальным жыцці, да таго ж, калі ён у студыі, то адразу ў вобразе. З ім вельмі проста працаваць.

Асёл — гэта асобная гісторыя. Яго агучыў Ягор Маёрчык, журналіст Радыё Свабода. І нашая выдатнейшая знаходка — зрабіць асла картавым. Сярод беларусаў шмат хто картавіць, а тут яшчэ і асёл — такі няўрымслівы, непрадказальны, трошкі тупаваты, тупагаловы тып, які сваёй тупасцю і аслінай адданасцю паўсюль суправаджае Шрэка. Гэтая картавасць надае вобразу абсалютна непаўторнае гучанне.

Змяніўся і голас Фіёны, якую ў другой частцы агучвала Алёна Хмяльніцкая. Ў 3й частцы Фіёну пачалі называць Зелянушкай. Так, кажучы сваёй жонцы “мая Зелянушка”, Шрэк нібы парадыруе — “мая Зелянкоўская”.

У амерыканскім варыянце прынца Артура агучваў Джасцін Тымберлэйк, у рускім — поп-спявак Сяргей Лазараў, а ў нас — дванаццацігадовы актор Алесь Жуковіч, і таму голас прынца Арці атрымаўся жывы і сапраўдны, бо па сцэнарыі ён жа з’яўляецца дзіцём.

Можна казаць, што акторы надавалі сваіх жыццёвых вобразаў персанажам: Рабычын надаў сваёй шляхетнасці і пыхлівасці голасу ката, Зелянкоўская дадала Фіёне сэксуальнасці, сваім эратычным голасам зрабіла гэты не самы прывабны ў мультфільме вобраз больш рамантычным.

І ўсё ж уздзеянне “Шрэка” акторы адчулі і ў рэальным жыцці. Ролю чараўніка Мэрліна агучваў прафесійны акцёр. І ў момант, калі ён прамаўляў заклінанне, на словах “адгарніся, вымярэнне.. у імгненне” ў студыі акурат побач са Святланай Зелянкоўскай рухнула шафа. Так акторка стала маральнай ахвярай агучвання “Шрэка 3”, але гэты эпізод быў для творчай групы зусім не трагічным, а хутчэй смешным.

“Крупкі — коратка і ясна”

У трэцяй частцы “Шрэка” з’явіліся новыя беларускія рэаліі і алюзіі. Маленькі хохлік знаходзіць скрыню са скарбам у Купальскую ноч, Вослік ды Крэкер спяваюць беларускія песні, а абеларушаныя імёны вогненых аслянят гучаць як Сымонка, Марцэля, Гаўрылка... Злобны прынц Чароўны скандуе “За Беларусь!”, з вуснаў Шрэка гучыць вядомы выраз “Валадарства — гэта крыштальны сасуд, які трэба ашчадна несці праз усё жыццё”.

— Сюжэт беларускай інтэрпрэтацыі “Шрэка 3” стаў больш палітызаваным. Калі ў другой частцы Чароўны прынц — хутчэй маменькін сыночак, то ў трэцяй — гэта паўнацэнны палітык-дэмагог, адпаведнік якога зараз лёгка знайсці на беларускай палітычнай сцэне. І таму мяняецца характар мовы, перакладу, падборка акцёраў, але не змяняецца сутнасць, — тлумачыць Франак і з усмешка дадае: — Атрымалася трошкі здзекліва, але настолькі натуральна!

— А я яму: Няхай мяне халера возьме ды ў Крупкі размяркуюць, чым я з табой пайду!

— Ну ты жжош!

— Я перапрашаю. (умешваецца Шрэк у размову дзвюх школьніц)

— Ааа, гэта той бамбіза.

— Жэсць.

Апынулася, што выбар месца размеркавання быў досыць складаным: “Думалі, Хойнікі ўзгадаць, можа Жлобін. Але Крупкі —каротка і ясна.”

Гамбургераў не будзе!

У пачатку студзеня чакаецца прэзентацыя праекта, пасля якой “Шрэка 3” па-беларуску зможа паглядзець кожны. Але і на самой прэзентацыі не абыдзецца без сюрпрызаў. На думку арганізатараў, прэзентацыя мусіць быць яркай падзеяй, шоў, адпаведным самому фільму. На прадстаўленні папярэдняга праекту творчай ініцыятывы “Беларускі гальфстрым” — “Pulp Fiction” (“Крымінальнае чытво”) — кожны з гасцей атрымліваў на ўваходзе гамбургер і кока-колу.

— Была такая атмасфера “Pulp Fiction”, калі ўсе сядзелі, жавалі гамбургеры, запівалі колай ды глядзелі фільм, — кажа Франак Вячорка, — а “Шрэк” — больш дзіцячы, моладзевы фільм, таму забавы на прэзентацыі трэцяй часткі будуць больш дзіцячыя: гульні, хтосьці будзе апрануты ў Шрэка, будуць паштоўкі з рознымі момантамі з мультфільма, маскі Шрэка, цацкі...

Вендэта па-беларуску будзе за Шрэкам

Перакладам “Шрэка 3” удзельнікі праекту засталіся задаволеныя: пасталеў не толькі сам фільм, але і якасць яго апрацоўкі, на дыску з’явілася паўнавартаснае меню на беларускай мове, дарожка на ангельскай мове. Мэта “Гальфстрыма” — кожны месяц рабіць нешта новае, паказаць кожнаму другому беларусу, што вядомыя стужкі могуць быць і па-беларуску. А наступны праект ужо вызначаны — “V for Vendetta”.

— У нас будзе “Вендэта”, стопрацэнтова адпаведная арыгіналу, нічога не мяняем па змесце, не дадаем беларускіх раэлій — яны там лішнія, адзінае — “Свабода назаўжды” стане “Не народ для ўрада, а ўрад для народа. К.Каліноўскі”, — з усмешкай кажа Франак Вячорка.

“Вендэту” і “Шрэка 3” звязвае не толькі матыў помсты, але і акторка, якая агучвае галоўныя ролі ў абодвух праектах: Фіёну ў Шрэку і Іві ў Вендэце. Святлану Зелянкоўскую запрасілі да ўдзелу ў “Вендэце”, але спярша пачалі працу ўсё ж над “Шрэкам”, дзе акторка ўзялася за агучванне Фіёны.

Трэці “Шрэк” абсалютна іншы, непадобны да папярэдніх. Ён больш для дарослых, чым для дзяцей. Тут паўстаюць праблемы сям’і, вернасці, сямейнага шчасця, закранаюцца пытанні ўзаемаадносін паміж людзьмі, дабра і зла, прызначэння чалавека, з’яўляюцца некаторыя пошлыя моманты, якіх у папярэдніх частках не было. Гэты Шрэк сапраўды пасталеў, хаця і не страціў адметнага гумару, беларускіх рэалій, вядомых і блізкіх кожнаму. “Шрэк” па-беларуску дае нам шанец пасмяяцца з сябе, убачыць у казачных героях знаёмыя постаці, а нязменны хэпі-энд пасяляе надзею ды выклікае ўсмешку замілавання.

— Нешта ззаду свярбіць, а мне самому не дацягнуца ў гэтым касцюме дурылы з вялікімі вушамі ды носам. Гэй, ходзь сюды, як цябе зваць?

— Чухазадаў, вашамосць.

— Тое, што трэба.



— Спадарства, давайце назавем каманду! Я прапаную Дынаміт.

— Слухай, я думаў, мы дамовіліся, што мы — Супер Добра Наперад!

— Не, лепш — імя Макса Мірнага!

— Я галасую за Альфа Ваўкі.

— Добра-добра. З гэтага часу мы Супер добрыя ваўкі альфа наперад імя Макса Мірнага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)