Общество

«Дзеці разумеюць, што папраўдзе адбываецца ў краіне»

Размова Радыё Свабода са звольненым дырэктарам школы, дзе на ўчастку перамагла Ціханоўская.

Яўгена Макарэвіча, які кіраваў маладачанскай школай № 5, звольнілі 1 красавіка. Заяву ён напісаў у ноч пасьля выбараў у кабінэце начальства ў выканкаме.

«У душы апошнія месяцы нешта такое было, як камень»

— Як адчуваю сябе? Нармальна. Ня тое каб нейкая палёгка, але я ж практычна чакаў гэтага звальненьня, — адразу кажа Яўген Макарэвіч. — Заяву на звальненьне напісаў яшчэ 9 жніўня, хоць мне і сказалі, што яна згубілася. Але я разумеў, што некалі ўсплыве. Я ў вёсцы цяпер. То ў Маладэчна, то тут. Сыну дапамагаю, ён дом будуе ў Маладэчне, пабудаваў ужо. Унук хварэў, то зь ім быў тыдзень. Я цяпер свабодны чалавек, магу дапамагаць.

Яўген Васілевіч кажа, што плянуе займацца рамонтам. «Халасьцякуе» на гаспадарцы бацькоў жонкі. Да пэнсіі былому дырэктару маладачанскай школы № 5 не далі дапрацаваць крыху больш за год. Макарэвіч кажа, што за гэта не турбуецца, бо працоўнага стажу хапае.

— Калі паўстане пытаньне, што я там нейкі «дармаед» ці не дармаед, то працу знайду, — гаворыць Яўген Макарэвіч. — Можа кваліфікаваную, ці нават некваліфікаваную — усё адно. Знайсьці можна. Разумееце, у мяне ў душы апошнія месяцы нешта такое было, як камень.

Зьмянілася штосьці ў апошнія месяцы, пасьля падзей жніўня. Сыстэма стала таксычная. Калі раней я заходзіў у кабінэты, то адчуваў, што мяне прымаюць, слухаюць. Насустрач ідуць. А са жніўня ўсё з нацяжкай ужо было. Разумееце, я ж адзін у раёне такі аказаўся. Які «не як людзі» зрабіў. Баяцца, відаць, што ім знаёмства са мной бокам выйдзе.

Макарэвіч кажа, што гаворыць найперш пра чыноўнікаў з кіраўніцтва раённага аддзелу адукацыі і іншых месцаў. Былы дырэктар расказвае, што яшчэ 1 верасьня 2020 году зь ягонай школы звольнілася намесьніца па выхаваўчай працы. Кажа, што там таксама былі пытаньні, зьвязаныя з выбарамі.

Яўген Васільевіч прапаноўваў на гэтую пасаду некалькі кандыдатур зь ліку сваіх настаўнікаў, але ўсіх іх не зацьвердзілі. Намесьніка дырэктара па выхаваўчай працы ў 5-ю школу пры Макарэвічу так і не прызначылі.

«Здалі мы гэты пратакол, і пачалося тое, што пачалося»

Дырэктарам у 5-й школе Яўген Макарэвіч прапрацаваў 22 гады. Да таго быў настаўнікам у 12-й школе Маладэчна, выкладаў гісторыю. У сыстэму адукацыі Макарэвіч пайшоў працаваць з 1985 году, адразу, як скончыў Менскі пэдагагічны інстытут. У розных школах агулам ён прапрацаваў 34 гады.

— Я ў адпачынак пайшоў, у мяне яшчэ зь мінулага году заставалася 25 дзён, — расказвае Яўген Васілевіч пра сваё звальненьне. — Пагода была, рамонт рабіў. Сыну адному цяжкавата было. А недзе за тыдні два да 1 красавіка начальніца ўпраўленьня адукацыі Маладэчна пазваніла і сказала, што будуць звальняць па той заяве, якую напісаў 9 жніўня. Я не пытаўся, за што звальняюць. Сам жа тую заяву напісаў.

Заяву на звальненьне з пасады дырэктара школы № 5 Маладэчна Яўген Макарэвіч напісаў а 2-й гадзіне ночы ў кабінэце раённага начальства. Туды яго выклікалі званком з райвыканкаму пасьля таго, як дырэктар адвёз у выканкам пратакол зь лічбамі галасаваньня на выбарчым участку ў сваёй школе.

— Разумееце, прагаласаваць на гэтыя выбары прыходзілі нават нашыя былыя вучні, якія даўно жывуць за мяжой. Яны знарок прыехалі прагаласаваць, мы не маглі падлічыць іхныя галасы няправільна, — гаворыць Яўген Васільевіч. — Як жа ім потым у вочы глядзець? У нас усё было згодна з Выбарчым кодэксам. Усё арганізавалі так, як там прапісана.

І ўвечары, калі мы ўсё падлічылі, кандыдат Ціханоўская атрымала на 120 галасоў больш, чым кандыдат Лукашэнка. Я разумеў, што могуць быць праблемы. Што гэтая лічба будзе не зусім імпанаваць начальству. Таму я зьвярнуўся да ўсіх сяброў камісіі. Сказаў, што кожны зь іх мае права выказаць сваю думку. Усе пагадзіліся зь лічбамі і падпісалі пратакол.

Школа № 5 Маладэчна

Пратакол з выніковымі лічбамі Яўген Макарэвіч разам з сакратаром выбарчай камісіі павёз у выканкам, копію павесілі на стэндзе ва ўчастку ў школе.

— Здалі мы гэты пратакол — і пачалося тое, што пачалося, — расказвае Яўген Васілевіч. — Пазванілі мне з выканкаму ўначы, выклікалі на размову. Я прыехаў. Разумеў, у чым праблема. Там мне ўжо выказалі меркаваньне, што я, як вам сказаць, своеасаблівая «белая варона».

Пагрозаў не было. Казалі толькі, што мне паўтара года да пэнсіі, што я мушу нешта «разумець». Там былі прадстаўнікі розных структур раённых. А я палічыў, што не заслужыў такога. І калі зрабіў такую дрэнную рэч, то маю права звольніцца проста сёньня. Заяву на звальненьне напісаў проста там. Нават ня ведаю, хто яе забраў: там і маё кіраўніцтва было, і намесьнік старшыні райвыканкаму, і іншыя асобы».

Былы дырэктар гаворыць, што нічога іншага зрабіць 9 жніўня ня мог, нягледзячы на тое, што шмат хто са старшыняў выбарчых камісій змаглі, а яму да пэнсіі сапраўды заставалася зусім ня шмат.

— Мяне так у сям’і выхавалі, — кажа Яўген Васільевіч. — Мы ўсе вельмі рупліва ставімся да праўды. Памятаю, калі бацька ў хаце знаходзіў паперку ад цукеркі, то пытаў у нас з братам, хто кінуў. А мы ж дзеці, як звычайна: «Ня я!».

 То тады ўдвох адну паперку былі вымушаныя выкідваць. Я сваіх дзяцей таксама так выхоўваў, што трэба гаварыць праўду. І ад калег сваіх патрабаваў. А што я ім мог тады сказаць?

Чаму яго ня звольнілі яшчэ ў жніўні, Яўген Макарэвіч не ведае. Кажа, што, магчыма, не было ўказаньняў «зьверху». Альбо проста чарга дайшла толькі цяпер. Па словах былога дырэктара, у Маладэчне цяпер ідзе цэлая хваля звальненьняў кіраўнікоў. Пазбавілі працы дырэктара дзяржаўнага каледжу, старшыню прафсаюзу работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый. Па словах Макарэвіча, кіраўніком камісій падчас выбараў ён быў і раней, тады ў выканкам таксама падаваў праўдзівыя лічбы.

Сытуацыя з галасаваньнем за альтэрнатыўнага Лукашэнку кандыдата кардынальна зьмянілася толькі сёлета, кажа былы дырэктар.

— У нас у акрузе своеасаблівы электарат заўсёды быў, — гаворыць Яўген Васільевіч. — Прыватны сэктар, людзі ў асноўным пажылыя. Прэзыдэнт даў ім пэнсію; калі выберуць іншага, то невядома, што будзе. Яны стаялі пад дзьвярыма школы, каб прагаласаваць першымі. Сапраўды галасавалі за Лукашэнку. Але ў апошні час усё зьмянілася. Людзі захацелі пераменаў.

«Хацеў стварыць дзецям такія ўмовы, каб яны вучыліся ў ня горшай за іншыя школе»

— Я вучыўся на гістарычным факультэце ў Менскім пэдінстытуце, тады яшчэ імя Горкага, — успамінае Макарэвіч. — Настаўнік гісторыі і францускай мовы. Але францускую мову я толькі год выкладаў.

Гісторыю люблю, выкладаў заўсёды яе, да апошняга часу таксама, калі дырэктарам быў. У мяне заўсёды было 9-10 гадзін, палова стаўкі прыкладна. Але настаўнікам я выпадкова стаў, можна сказаць. Усё жыцьцё марыў стаць археолягам.

Яўген Макарэвіч расказвае, што паходзіць зь вёскі Мацькаўцы на Вілейшчыне. Да арміі год прапрацаваў на трактары ў сельскай гаспадарцы. Прыгадвае, што дырэктар калгасу намаўляў яго пайсьці ў Інстытут мэханізацыі сельскай гаспадаркі, абяцаў накіраваньне.

Але Макарэвіч усё ж выбраў мару. Археолягам тады можна было стаць альбо ў Горадзенскім пэдінстытуце імя Янкі Купалы, альбо ў Маскве. Яўген Васілевіч паехаў у Горадню.

— Не паступіў, не хапіла мне паловы бала, — успамінае Яўген Макарэвіч. — Напісаў сачыненьне на чатыры балы і не прайшоў па конкурсе. Тэма была «Ты на подзьвіг завеш, камсамольскі білет!» Экзамэны ў адной групе разам з Вольгай Корбут здаваў, зь вядомай гімнасткай. Вядома, яна паступіла. Вучылася яна там ці не, гэта ўжо іншае пытаньне. А я пайшоў у войска.

Пасьля арміі Макарэвіч паехаў вучыцца ў Менск, археалёгію ў Горадзенскім пэдінстытуце да таго часу ўжо згарнулі, да Масквы ехаць было далёка. Старастам групы ў менскім пэдынстытуце, дзе вучыўся Макарэвіч, быў Анатоль Лябедзька. З будучым шматгадовым кіраўніком АГП Яўген Васілевіч доўга сябраваў, Лябедзька нават хрысьціў яго сына.

Учынак Яўгена Макарэвіча 9 жніўня не застаўся незаўважаным у Маладэчне. Яшчэ ўвосень некалькі сем’яў напісалі заявы на перавод іхных дзяцей у 5-ю школу. Калі ў канцы сакавіка стала вядома, што Макарэвіча звальняюць з пасады дырэктара, у аддзел адукацыі Маладэчна пайшлі лісты ад бацькоў з просьбай пакінуць дырэктара 5-й школы на месцы.

— Разумееце, школа ў своеасаблівым месцы знаходзіцца, — гаворыць Яўген Васільевіч. — Гэта такая сельская мясцовасьць у горадзе. Гістарычны цэнтар Маладэчна. У асноўным там прыватны сэктар. Дзеці там, я не скажу, што абдзеленыя ўвагай. Побач гімназія № 3, праз трыста мэтраў ад нашай школа № 1 імя Янкі Купалы.

Наша 5-я ў канцы 50-х яшчэ пабудаваная, усяго 13 кабінэтаў. 400 вучняў прыкладна. Гэта дзеці, якія не пайшлі ў гімназію, ня трапілі ў іншыя школы. І я хацеў ім стварыць такія ўмовы, каб яны ведалі, што вучацца ня ў горшай за іншыя школе, нічым не абдзеленыя.

Умовы для дзяцей Яўген Макарэвіч ствараў з дапамогай выхаваўчых праектаў, больш скіраваных на разьвіцьцё. Былы дырэктар гаворыць, што ў выніку гэтыя праекты сталі вядомыя ня толькі ў Маладэчне, бо рэалізоўваў ён іх з дапамогай замежных калег і фондаў.

Заключыў дамову зь нямецкай гімназіяй Хайдбэрга ў горадзе Гётынген аб тым, што яна кожны год будзе прымаць вучня з Маладэчна, а таксама аб абмене досьведам і дэлегацыямі. За час працы Макарэвіча дырэктарам у Нямеччыне адвучыліся 20 маладачанскіх дзяцей.

Былі таксама сумесныя праекты для барацьбы з цукровым дыябэтам у дзяцей, ушанаваньнем памяці ахвяраў канцэнтрацыйных лягераў.

— Быў яшчэ цікавы праект «Калідорныя дзеці», — расказвае былы дырэктар. — У нас у раёне школы дагэтуль шмат сямей жыве ў інтэрнатах. Ад станказаводу і іншых. Яны некамфартабэльныя, вядома. Адзін туалет, адзін душ на калідор. А чым дзяцей заняць, якія там жывуць?

Мы вырашылі проста ў інтэрнатах зрабіць ім гульнявыя пакоі. Рабілі гэта сумесна з галяндзкай недзяржаўнай арганізацыяй, з маладачанскімі прадпрыемствамі. Галяндцы мэблю нам дапамагалі купляць, усё зрабілі. Для дзяцей настолькі захапляльна гэта было. Мы і мерапрыемствы ў гэтых пакоях рабілі».

Яўген Макарэвіч пра такія праекты расказвае шмат. І пра валянтэрства, і пра стварэньне клюбаў для былых малалетніх вязьняў канцлягераў, і пра працу з былымі пэдагогамі, якія пайшлі на пэнсію.

За больш як 20 гадоў працы на пасадзе дырэктара дзейнасьць Макарэвіча з калегамі правяралі і беларусы, і іншаземцы. Парушэньне, па яго словах, знайшлі адзін раз — не сышліся рахункі. Праз розьніцу курсаў дзесьці згубілася сума памерам 2 эўра.

— Людзі ж бачылі ўсё гэта, усю нашую працу, — гаворыць Яўген Макарэвіч. — І гэта ня толькі мая заслуга. Увесь калектыў падабраўся такі. Лідзія Князева з клюба «Пошук»; Алена Парахня, якая была намесьнікам дырэктара па выхаваўчай працы; настаўніца нямецкай мовы Зоя Дылеўская. Ды шмат хто.

Усе настаўнікі былі задзейнічаныя. Ніхто не казаў, што ім цяжка, што ім за гэта грошы не плацяць. Бацькі ж разумеюць, што калі ўсе нашыя праекты зьнікнуць, то цікавасьць у дзяцей прападзе і да вучобы, і да ўсяго іншага.

Пасьля звальненьня Макарэвіча за яго заступіліся ня толькі бацькі вучняў 5-й школы. Са зваротамі ў абарону дырэктара зьвярнуліся таксама нямецкая гімназія з Гётынгену і фонд «Усходняга партнэрства», які дапамагаў праектам фінансава.

— Мне вельмі крыўдна, калі настаўнікаў называюць фальсыфікатарамі, — прызнаецца Яўген Макарэвіч. — Крыўдна за людзей, крыўдна за прафэсію. Нешта зрабілася такое, што адукацыя стала не асобнай сыстэмай у краіне, а толькі прыдаткам да чагосьці. І настаўнікаў проста выкарыстоўваюць.

Як мне сёньня прыйсьці на ўрок грамадазнаўства і растлумачыць дзецям, што такое прававая дзяржава, калі ім па тэлевізіі гавораць, што «бывае, калі і не да законаў»? Як такое можа быць?

Шмат хто з настаўнікаў робяць тое, што ім кажуць рабіць. Ва ўсіх крэдыты, сем’і. Але я ня ведаю, як пройдуць наступныя выбары. Камісіі жа зноў арганізуюць у школах».

Яўген Макарэвіч кажа, што сучасныя дзеці, нягледзячы на зьмест дзяржаўнай тэлевізіі і друку, выдатна разумеюць, што папраўдзе адбываецца ў краіне. Пасьля выбараў ён выкладаў у старшых клясах і добра гэта адчуў.

— Дзеці атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэту, частку разам з бацькамі абмяркоўваюць, нешта і самі на вуліцах бачаць, — гаворыць Яўген Васілевіч. — Яны маюць свой пункт погляду. Дзеці ў нас мэтанакіраваныя, са сваім сьветапоглядам. Яны ўсьведамляюць, што на самой справе адбываецца. Я аптымістычна гляджу на будучыню. Чалавек заўсёды будзе верыць у будучыню, дзеля сваіх дзяцей. Ды і дзеля самога сябе.

Яўген Макарэвіч расказвае, што ўсьцешаны падтрымкай ад былых вучняў. Пасьля навіны пра звальненьне яму пастаянна нехта зь іх піша альбо тэлефануе.

— Вось акурат перад вамі патэлефанавала адна вучаніца, яна школу больш за 10 гадоў таму скончыла, — кажа былы дырэктар. — Я атрымаў мора словаў падтрымкі. Нават ад тых, ад каго не чакаў. А ад тых, ад каго чакаў, наадварот.

У некаторых расчараваўся. Самым нечаканым было, калі мне адзін з былых вучняў прапанаваў працу. Мае фірму сваю ў Маладэчне. Сказаў мне, што «мы сваіх не кідаем». Хаця які я яму свой, даўно ж ужо не вучань. Але такія словы вельмі прыемныя.

Былы дырэктар таксама кажа, што яго ўжо паціху цягне да дзяцей, хочацца яшчэ папрацаваць настаўнікам. Дырэктарам ужо не, а вось весьці ўрокі гісторыі — так.

— Але я пра тое, што зрабіў 9 жніўня, усё адно не шкадую, — кажа Макарэвіч. — Я ніякага подзьвігу не зрабіў. Усё было рыхтык як напісана ў Выбарчым кодэксе. Я нічога не парушыў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(44)