Политика
Арцём Гарбацэвіч, Наша Ніва

Дзе жывуць і чым займаюцца дзеці лідараў беларускай апазіцыі?

Іх бацькі — вядомыя і заўважныя ў краіне людзі, якія дэкларуюць непадзельнасць свайго лёсу з будучыняй Беларусі: гэта не толькі палітыкі, але і грамадскія дзеячы, праваабаронцы. Але дзе жывуць і чым займаюцца іх дзеці?

«Наша Ніва» даведалася — мы склалі адмысловы спіс, знайшлі старонкі ў сацсетках, пагаварылі з бацькамі.

Даведайцеся і вы.

У Мікалая Статкевіча дзве дачкі ад першага шлюбу, абедзве жывуць у Германіі.

Вучыліся яны ў Беларусі, але потым па даследчыцкіх праграмах паехалі вучыцца за мяжу і там засталіся. Адна з дачок, Кацярына, нават абараніла доктарскую — жыве ў Інгальштадце. Яе профіль — прамысловая лагістыка.

Кацярына Статкевіч

Ганна Статкевіч

Абедзве — замужам за эмігрантамі з былога СССР.

У дэпутаткі Ганны Канапацкай двое дзяцей, жывуць яны таксама ў Германіі.

«Дзеці ў Нямеччыне не застануцца, сказалі, што будуць вяртацца ў Беларусь — гэта не маё, іх рашэнне», — запэўнівала дэпутат пасля абрання ў Палату прадстаўнікоў.

У лідара АГП Анатоля Лябедзькі адзін сын, яму 32 гады, працуе ў Мінску.

Арцём Лябедзька

Доўгі час хлопец не мог адшукаць у Беларусі работу, хоць скончыў прэстыжны факультэт міжнародных адносін БДУ. Як кажа Лябедзька-старэйшы, ён ужо сам падбухторваў сына пашукаць работу за мяжой, але ўрэшце склеілася — хлопца ўзялі ў адну мінскую кампанію ў сферы нерухомасці.

«Не буду адказваць. Гэта прыватныя справы, усяго добрага», — так на пытанне пра дзяцей адказаў нам мовазнаўца і адзін з лідараў аргкамітэта «Беларускага Руху» Вінцук Вячорка.

Вядома, што ў Вінцука трое дзяцей. Старэйшая дачка Радаслава жыве ў Барселоне.

Радаслава Вячорка

Сярэдняму сыну, Франаку, хутка будзе 30 гадоў, ён працуе ў Беларускай службе амерыканскага «Радыё Свабода», а ў дадзены момант вучыцца ва ўніверсітэце ў ЗША.

Малодшая ж дачка Вінцука, Ружана, вучыцца на біяфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску.

Ружана Вячорка

У дэпутаткі Алены Анісім трое дарослых сыноў, усе жывуць у Беларусі.

Вышэйшай адукацыі, да жалю бацькоў, не атрымалі, расказвала Анісім. Але ўсе дзеці пры справе: адзін рамантуе машыны, другі — тэлефоны, трэці працуе ахоўнікам.

У старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука трое сыноў, двое з іх жывуць у Беларусі, трэці ўжо 11 гадоў жыве ў Нью-Ёрку.

Ён пераехаў туды, выйграўшы амерыканскую грын-карту. Як кажа Ярашук, сын застаецца патрыётам Беларусі і прыязджае на радзіму аднойчы на год.

Лідар камуністычнай партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін мае дваіх дзяцей, яны працуюць у Мінску.

Абое ўжо дарослыя: дачцэ 36 год, сыну 25. Яны інжынеры, дачка працуе на заводзе, а сын у прыватнай кампаніі.

У паэта Уладзіміра Някляева дзве дачкі. Старэйшая жыве ў Маскве — пераехала туды яшчэ за саветамі. Малодшая жыве ў Хельсінкі, працуе менеджаркай у культурнай сферы.

Ева Някляева з бацькам

Зянон Пазняк родных дзяцей не мае, але ў яго ёсць прыёмная дачка Надзея. Яна працуе на тэлеканале «Белсат», жыве ў Варшаве.

Яна замужам за такім жа беларусам-эмігрантам.

Надзея, прыёмная дачка Пазняка

Старэйшы сын Алеся Лагвінца, Антось, вось толькі-толькі скончыў варшаўскі палітэх, цяпер шукае работу, малодшы яшчэ малы.

Алесь Лагвінец з сынамі

«Працу Антось шукае ў Беларусі і Польшчы, — сказаў нам Лагвінец. — Я вельмі хачу, каб мае сыны былі прыстойнымі людзьмі і беларусамі, дзе ж яны будуць знаходзіцца — справа іхняга выбару. Напрыклад, два гады павучыцца ў Францыі і вярнуцца ў Беларусь мне нічога не перашкодзіла. Можна пазнаваць іншыя культуры, а потым вярнуцца ў Беларусь. А можна зарабляць грошы і дзейнічаць на карысць Беларусі з-за мяжы».

У шматгадовага старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава адна дачка.

«Жыве яна, вядома, ў Беларусі, — запэўніў Трусаў. — Скончыла Універсітэт культуры, цяпер працуе ў бібліятэцы. А ўнучка вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі».

Дачка Дзмітрыя Бандарэнкі з Хартыі'97, Юлія, жыве ў Польшчы, як і яе бацька.

Нядаўна, калі «Хартыю-97» штарміла, гэты папулярны партал перарэгістравалі на яе.

У Вячаслава Сіўчыка два сыны: адзін жыве ў Фінляндыі, другі вучыцца ў Польшчы.

Вітаўт Сіўчык (у цэнтры)

«Малодшы вучыцца ў Варшаўскім універсітэце [па Праграме Каліноўскага], спецыяльнасць кшталту «эксперт па справах Усходняй Еўропы», ужо на другім курсе магістратуры, — расказала нам Ганна Сіўчык, жонка Вячаслава. — Ён там мае працу [працуе на «Белсаце» — НН], але пра далейшыя планы пакуль невядома, хлопцу 22 гады. А яшчэ адзін працуе у Фінляндыі, яму ўжо 31 год. Паралельна вучыцца ў дактарантуры».

У сям'і экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча трое сыноў.

Два з іх засталіся ў Польшчы пасля навучання па праграме Каліноўскага.

«Ігар Кулей працуе на «Белсаце», без нашай дапамогі ўладкаваўся, па конкурсе, — сказаў «Нашай Ніве» Мілінкевіч. — А Вітаўт Мілінкевіч займаецца бізнэсам — развівае аўтамабільны сэрвіс».

Ігар Кулей

«Ёсць яшчэ старэйшы сын, Аляксандр, жыве пад Гародняй, у вёсцы Бершты, адкуль паходзіць род Мілінкевічаў — там спрабуе зялёным турызмам займацца. Ці не прыкра, што з'ехалі? Ведаеце, павінны быць магчымасці вяртання для тых людзей, якія атрымалі на Захадзе адукацыю. Бо гэта няпростая справа: з напругай прызнаюцца бакалаўрыяты, магістарскія — цяжка, а доктарскія трэба па-новай абараняць. Гэта сур'ёзная праблема, але ёсць яшчэ адна — праблема самарэалізацыі. Я хацеў бы, каб яны вярнуліся. Але так было і ў гісторыі Чэхіі, Грузіі, Эстоніі, Польшчы… Калі людзі набіраліся досведу, а потым вярталіся ў час рэформаў дапамагаць краіне. Я думаю, што і ў нас так будзе. І казаць, што абавязкова ўсе павінны прыехаць і быць тут беспрацоўнымі — гэта неразумна і несумленна».

Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў выгадаваў траіх дзяцей: дзве дачкі і сына.

«Старэйшая Галіна скончыла магілёўскі Педуніверсітэт, цяпер глядзіць траіх дзяцей. Другая дачка, Кацярына, скончыла школу з залатым медалём, пасля Акадэмію музыкі і цяпер вучыць музыцы іншых — працуе ў Магілёве. Сын Андрэй [па Праграме Каліноўскага] скончыў універсітэт у Гданьску, там жа дактарантуру, і цяпер там займаецца бізнэсам. Ён хацеў бы і вярнуцца сюды, чакае, пакуль яго дзяўчына скончыць універсітэт. Але спачатку і тут трэба знайсці працу, бо папярэдні досвед так сабе: без працы некалькі разоў заставаўся я сам, звальнялі са школы маю старэйшую дачку, звальнялі другую дачку за дапамогу бацьку, у сына былі тут праблемы з вучобай і ён вымушаны быў з'ехаць на вучобу, хаця і быў пераможцам абласных алімпіяд», — расказвае Кастусёў.

У прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча двое сыноў, абодва жывуць у Беларусі.

«Малодшы ІТ-шнік, старэйшы заняты ў сферы рэкламы, там сумеснае прадпрыемства з еўрапейцамі», — патлумачыў Федыніч.

У філосафа і колішняга кіраўніка «ЕўраБеларусі» Уладзіміра Мацкевіча двое дзяцей ад розных шлюбаў.

«У мяне ёсць сын ад першага шлюбу, калі я жыў у Латвіі. Ён напалову латыш, грамадзянін Латвіі, але ў пашпарце ён сябе піша беларусам — у іх там ёсць такая графа. Але цяпер ён працуе ў Лондане, мае дзяцей.

А дачка ад другога шлюбу вучылася завочна ў Наргасе і на дзённым у Варшаве. Потым працавала тут, у кансалтынгавай фірме. Але атрымала стыпендыю на навучанне ў Варшаўскім універсітэце на міжнародных фінансавых адносінах, скончыла. Ёй прапаноўвалі працаваць у «Варгеймінгу», але не ў мінскім офісе, таму яна адмовілася, бо хацела штосьці тут. Ну і цяпер робіць у Польшчы, падвышае кваліфікацыю, але і шукае штосьці тут. Яна даволі добры спецыяліст, таму на абы-што не пойдзе», — сказаў Мацкевіч.

Сын праваабаронцы Алеся Бяляцкага, Адам Бяляцкі, жыве ў Польшчы, куды выехаў па Праграме Каліноўскага. Перад тым ён вучыўся ў мінскай Акадэміі мастацтваў.

У сферы мастацтваў ён і спрабуе сябе рэалізоўваць.

Адам Бяляцкі

У лідара «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева трое дзяцей — старэйшы, ад першага шлюбу, паступіў у Акадэмію мастацтваў, малодшыя, ад другога шлюбу, яшчэ не пайшлі ў школу.

Малы сын Андрэя Саннікава разам з маці — Ірынай Халіп, жыве ў Мінску.

Сам Саннікаў — у Варшаве, ён пакінуў Беларусь пасля таго, як яго зняволілі за арганізацыю паслявыбарчых пратэстаў у 2010.

У Віталя Рымашэўскага таксама малая дачка.

У Паўла Севярынца дзяцей пакуль няма. У Аляксея Янукевіча таксама.

Дачка Сяргея Навумчыка разам з бацькамі жыве ў Чэхіі.

Сыну Таццяны Караткевіч 14 гадоў, ён яшчэ школьнік, вучыцца ў Мінску.

У Змітра Дашкевіча — двое малых, у Яраслава Раманчука таксама дзіцю некалькі гадоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)