Общество
Любоў Лунёва, «Народная воля», фота photo.bymedia.net

«Дзе ж ваша пачуццё годнасці, беларусы?»

Святар Аляксандр Надсан распавёў, што змянілася ў Беларусі параўнальна з 90-мі гадамі,

Даведка

Нарадзіўся Аляксандр Надсан у сям’і настаўніка ў Гарадзеі 8 жніўня ў 1926 годзе. Вучыўся ў гімназіі, а падчас нацысцкай акупацыі скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

У 1944 годзе, як і сотні прадстаўнікоў інтэлігенцыі, з’ехаў у эміграцыю. Спачатку ў Францыю, дзе стаў удзельнікам Руху супраціўлення. Потым ваяваў у другім Польскім корпусе генерала Андэрса і быў паранены пад Монтэ-Касіна.

У 1953 годзе скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэта. У гэты час ён заснаваў Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі.

У 1958 годзе прыняў святарскае свячэнне. Стаў дырэктарам школы-інтэрната імя Кірылы Тураўскага пры каталіцкай місіі. Пазней, у 1971 годзе, стварыў і стаў кіраўніком знакамітай бібліятэкі імя Ф.Скарыны ў Лондане. Айцец Надсан з 1989 года з’яўляецца старшынёй Беларускага камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі.

Аляксандр Надсан — аўтар больш за 250 навуковых публікацый, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысціянства. Яго малітоўнік “Госпаду памолімся”, выдадзены ў 2002 годзе, стаў афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

***

Днямі апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы Аляксандр Надсан наведаў Беларусь. Ён прысутнічаў на прэзентацыі кнігі, якую яму прысвяцілі сто навукоўцаў, пісьменнікаў, тэолагаў і мастацтвазнаўцаў з 14 краін свету.

— Эмігранты, з якімі даводзілася сустракацца, казалі, што першыя пасляваенныя гады ўсе былі перакананыя, што камуністы хутка сыдуць і можна будзе вярнуцца на Бацькаўшчыну. І што толькі потым прыйшло разуменне, што ўсё значна горш. А як заставацца ў краіне і ведаць, што можаш ніколі не ўбачыць сваіх бацькоў, родных?

— Канечне, гэта вельмі цяжка. Тады Саветы разгарнулі такую прапаганду, агітавалі ехаць на Радзіму, абяцалі залатыя горы. Але большасць эмігрантаў не верылі ім, бо ўжо былі сведчанні пра тое, як абыходзіліся з тымі, хто вяртаўся.

У мяне ў тыя гады быў сябар, якога я ўгаворваў не ехаць. А ён кажа: “У мяне мама хворая, і я павінен ёй дапамагаць”. І як я ні адгаворваў, колькі ні тлумачыў, што нікому не будзе лепей, калі яго сашлюць на Калыму, ён усе ж такі паехаў. Вось так і атрымалася, што паехаў фактычна транзітам, бо яго адразу арыштавалі — і на Калыму.

Быў ён у лагеры, пакуль Сталін не памёр. А мама яго памерла, так і не дачакаўшыся сына. Вось і маме не дапамог, і сам здароўе сваё згубіў... Але вярнуцца хацелася ўсім.

— Калі ж адбыўся ваш першы прыезд у Беларусь?

— У 1990-м я прывёз лекі. Але тады не было часу, каб паехаць на радзіму, у Гарадзею. У свой родны горад трапіў толькі ў 1992 годзе. Там некаторыя месцы не змяніліся, а некаторыя не пазнаць.

Знайшоў свой дом. Гаспадароў не было, суседзі сказалі, што яны на працы... Я не стаў чакаць. Навошта?..

— Цяпер вам удаецца калі-нікалі бываць на радзіме. Што кідаецца ў вочы? Ці мяняецца сітуацыя неяк прыкметна, бо збоку лепш відаць.

— Так. Я б сказаў, што ў другой палове 90-х панавала нейкая антыбеларускасць. Пачынаеш гаварыць па-беларуску, на цябе неяк глядзяць з агрэсіяй. А цяпер — не.

Я вось вымушаны быў набыць кепку, і пайшлі мы ў такі вялікі ўнівермаг “Беларусь”. І я размаўляў па-беларуску, але ніхто не здзівіўся, ніхто не сказаў, што не разумее. Зараз абсалютна спакойна можна размаўляць, і ніякіх праблем.

Значна горш тое, што называецца абыякавасць. Людзей больш турбуе, дзе набыць пральную машыну... Жыццё, канечне, паляпшаецца. Але трэба разумець, што было б дзіўна, калі б яно пагаршалася.

І ўсё ж самае галоўнае, што вырасла добрая, свядомая моладзь. Гэта вельмі важна. А побытавыя праблемы — гэта другаснае...

— Прапаганда палохае, што на Захадзе жыццё горшае, асабліва кепска пенсіянерам.

— Вось я пенсіянер. У Англіі на пенсію і мужчыны, і жанчыны выходзяць ва ўзросце 60 гадоў. Пенсіянеры маюць бясплатны праезд аўтобусам на ўсёй тэрыторыі Англіі. Нават калі я еду ў аэрапорт на цягніку, то мне налічваюць грошы за квіток з улікам таго, што да мяжы горада я мушу ехаць бясплатна, і возьмуць толькі ад мяжы да аэрапорта. Таму я плачу не 15 фунтаў, а толькі 3.

Калі я захварэю, то лекі даюць бясплатна, хаця яны дорага каштуюць. Бясплатны выклік урача, бясплатны шпіталь, бясплатная аперацыя. Можа, гэта таму, што ў Лондане жыве больш за 9 мільёнаў чалавек, а на горад толькі адзін лядовы стадыён, і нікому ў галаву не прыходзіць будаваць паўсюды лядовыя палацы?..

— Што можна пажадаць беларусам?

— Трэба паслядоўна пры ўсіх абставінах пачынаць гаварыць па-беларуску. Ідзеш у якую-небудзь установу ці ў краму — гавары па-беларуску. Цябе зразумеюць, не бойся. Можа, нехта скрывіцца, але зразумее. Не чакайце, што нехта загадае, пачынайце з сябе.

Мяне вельмі здзівіла, што толькі пару сем’яў у Магілёве дабіліся таго, што іх дзеці пойдуць у беларускі садок. І гэта на ўвесь вялікі горад. Ну, калі ўлады дазволілі, то дзе ж гэтыя беларусы? Хто ж тады вінаваты, што нічога беларускага няма? Я не кажу, што ўлады не вінаватыя, але дзе ж вы?

А сітуацыя ў Гродне?.. Нават калі ўлады дазволілі, то на сто тысяч жыхароў не змаглі знайсці дзесяць сем’яў, якія хацелі б вучыць дзяцей у беларускіх класах. А калі будуць беларускамоўныя класы ў школе, то з іх пачнецца беларускі ўніверсітэт. Тады ў ім будзе патрэба, тады ён з’явіцца, і сотні дзяцей стануць студэнтамі, беларускамоўнымі спецыялістамі... І далей, далей... Не трэба чакаць, калі ўлады для цябе нешта зробяць.

Часам даходзіць да смешнага — прыязджаюць міністры, якія валодаюць беларускай мовай. Сядзіць перакладчык і з англійскай мовы перакладае на рускую, а потым дае адказ англійскаму міністру па-руску. Я ўжо раззлаваўся і кажу: “Што ж ты робіш? Англічанам, якія не ведаюць ні рускай, ні беларускай, напляваць, на якой ты мове гаворыш. Дзе ж тваё пачуццё годнасці?!” Вось дзе бяда!

Быў у Францыі на навуковай канферэнцыі. Сядзіць перакладчык. Нашы навукоўцы па-беларуску гавораць. А перакладчык перакладае ім па-руску...

У нас комплекс непаўнавартасці: маўляў, з замежным панам трэба гаварыць на панскай мове. А нармальны чалавек мусіць мець хаця б пачуццё годнасці. Адмова ад роднай мовы — гэта пачатак непавагі да сябе.

Калі пачынаюць гаварыць “Мы славяне...” — усё, гэта канец. Дык і чэхі ж славяне, але яны ж пішуць “чэх”, а не “славянін”. Некалі Гітлер хацеў, каб усе шведы і нарвежцы былі германцамі. Так і тут са славянамі...

Трэба быць беларусам. Гэта вельмі важна. Бо будзе пачуццё сваёй годнасці, і не трэба будзе ні перад кім кланяцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)