Прыгажуня дня
Марына ЗАГОРСКАЯ, фота Уладзiмiра Багданава

Дзе Бог гаворыць па-нямецку

Нямецкай кірхай ахрысцілі гродзенцы адзіны евангелісцка-лютэранскі храм, што дзейнічае цяпер у Беларусі. Народ, хоць і не ўнікае ў гістарычныя тонкасці, але рацыю мае: калісьці тут сталаваліся немцы, цяпер — ладзяць набажэнствы лютэране.

Праўда, дакладна не вызначана, калі ўсё ж пабудова страціла бытавое прызначэнне, пераўтварыўшыся ў рэлі-гійную ўстанову. Вядуцца спрэчкі і наконт старадаўнасці цяперашніх рысаў.
Асноўную адметнасць царквы аўтар яшчэ савецкага праекта рэстаўрацыі Ігар Трусаў вызначае, не вагаючыся: “Яе перараблялі калісьці з былой карчмы”.
— У гэтым ёсць доля праўды, — каментуе старшыня савета лютэранскай суполкі Любоў Зорына. — Але па дакументах будынак праходзіць як сталоўка для галандскіх і нямецкіх рамесні-каў. Іх запрасіў на работу гродзенскі стараста Антоні Тызенгаўз, калі па загадзе Станіслава Аўгуста Панятоўскага наладжваў вытворчасць на каралеўскіх мануфактурах. Майстры разам абедалі і, натуральна, маліліся. Не было больш у горадзе настолькі ж вялікага будынка, дзе маглі б сабрацца прадстаўнікі дзвюх сотняў лютэранскіх сем’яў, якія прыехалі працаваць у Гродна.

Афіцыйнай датай заснавання кірхі лічыцца 1793 год, калі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прэзентаваў будынак нямецкай суполцы. Гэта засведчана ў адным з тамоў юрыдычнага збору соймавых канстытуцый “Volumina legum”.

Неўзабаве ў лютэран з’явіўся і першы пастар. Цягам часу яны набывалі ў князёў Друцкіх-Любецкіх усё новыя ўчасткі зямлі вакол пабудовы. Былі ўзведзеныя дом пастара і нядзельная школка. Колькасць прыхаджан пераўзыходзіла ўжо тысячу.

— Канчатковы выгляд кірхі склаўся ў 1873 годзе, — лічыць Любоў Зорына. — Тады ж на вежы ўсталявалі гадзіннік. Механізм захаваўся дагэтуль. Пры жаданні яго, пэўна, можна адрамантаваць. Тым больш што фірма, якая стварыла гадзіннік, і цяпер існуе ў Германіі.

— На тагачасным акварэльным малюнку Напалеона Орды кірха, на фоне якой змешчана выява чыгуначнага вакзала, выглядае зусім не так, як цяпер, — сведчыць гісторык Юрый Гар-
дзееў.

Маецца і яшчэ адно дакументальнае пацверджанне ягоных словаў — стары здымак, што захаваўся ў архівах гро-дзенскага абласнога музея.

— Гэта даволі рэдкая паштоўка пачатку XX стагоддзя, — гаворыць супрацоўнік гістарычнага аддзела музея Андрэй Вашкевіч. — На тым самым месцы, дзе цяпер стаіць кірха, адлюстраваны невялікі дамок. Няма сумневу: гэта зусім іншы будынак.

У музейным аддзеле рэдкай кнігі можна знайсці і нямецкую брашурку перыяду першай сусветнай вайны. З яе вынікае, што дзесьці ў 1910 годзе храм значна перабудоўвалі.

У тым ці іншым выгля-дзе, але кірха дзейнічала ў Гродне да 1944 года.

— Калі савецкія войскі ўвайшлі ў горад, камендант Саўкоў загадаў абсталяваць у храме архіў, — узгадвае Любоў Зорына.

Немцаў у пасляваенным Гродне не было. Нават тых з іх, хто нарадзіўся і вырас на берагах Нёмана, як магчымых памагатых акупантаў перасялілі далёка за Урал. За калючы дрот траплялі не толькі па пятай графе, але і за тое, што маліліся па Евангеллі на нямецкай мове — кнігу з гатычным шрыфтам супрацоўнікі НКВД адносілі да фашысцкай літаратуры. Некаторыя з сённяшніх нешматлікіх прыхаджан гро-дзенскай евангелісцка-лютэранскай суполкі, якая зноў ладзіць набажэнствы ў адзінай на ўсю Беларусь кірсе, нарадзіліся ў Сібіры.

У той жа час адзіны ў краіне лютэранскі пастар жыве ў Мінску, дзе прадстаўнікі канфесіі маюць толькі малельны дом. Бо будынак лютэранскай царквы, на якую па хадайніцтве віленскага губернатара імператар Мікалай I выдзяліў ка-лісьці 20 тысяч рублёў, “перапрафіліравалі” ў 1933 годзе ў Тэатр юнага гледача.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)