Скандалы

Дырэктар Інстытуту сацыялёгіі пра забарону онлайн-апытаньняў у СМІ: «Не гаварыў і не пісаў. БЕЛТА ўжо выбачылася»

Дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў запатрабаваў, каб дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА зьняла з сайта інфармацыю зь ягонымі заявамі, якіх ён «не гаварыў і не пісаў». У размове з карэспандэнтам Радыё Свабода ён патлумачыў сваё стаўленьне да онлайн-апытаньняў, якія забаранілі праводзіць сродкам масавай інфармацыі.

Сёньня Генадзь Коршунаў апублікаваў пост у сваім Фэйсбуку і запатрабаваў, каб БЕЛТА выбачылася перад ім.

«Учора я, на жаль, быў на пахаваньні і выпаў з інфармацыйнага поля. Калі я ўключыў тэлефон, то быў зьбянтэжаны патокам інфармацыі, зьвязанай зь нібыта маім інтэрвію, што апублікавала БЕЛТА. Афіцыйна заяўляю, што тэкст, падпісаны маім прозьвішчам, мною не пісаўся і не вымаўляўся», — напісаў Генадзь Коршунаў.

«Яны папрасілі прабачэньня»

БЕЛТА апублікавала ўчора матэрыялы круглага стала з удзелам экспэртаў Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і сацыёлягаў.

Паводле агенцыі, Генадзь Коршунаў нібыта заявіў, што онлайн-апытаньні, якія зьявіліся ў інтэрнэце па тэме прэзыдэнцкіх выбараў, вельмі далёкія ад рэальнай сацыялёгіі.

«З аднаго боку, яны сапраўды нясуць усе прыкметы апытаньняў грамадзкай думкі і цалкам могуць быць да такіх аднесены. А з другога — уяўляюць сабой і навукова, і мэтадалягічна не абгрунтаваныя дасьледаваньні, якія, мякка кажучы, вельмі далёкія ад рэальнай сацыялёгіі», — сказаў, паводле БЕЛТА, Генадзь Коршунаў.

«Але, тым ня менш, усе мы бачым, што вынікі гэтых апытаньняў грамадзкай думкі актыўна тыражуюцца ў СМІ (ужо і ў замежных), іх прыводзяць у сваіх заявах лідэры думак прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Такім чынам, гэтыя лічбы вэрыфікуюцца ў сьвядомасьці людзей. Папросту кажучы, грамадзкасьць уводзяць у зман адносна рэальнай сытуацыі. Бо гэтыя дасьледаваньні, паўтаруся, далёкія ад тэорыі і практыкі навукі сацыялёгіі. А тэма апытаньняў больш чым вострая, якая выклікае сур’ёзны грамадзкі рэзананс», — прывяла БЕЛТА нібыта словы Коршунава.

Як далей гаворыцца ў публікацыі, у свой час у Беларусі тэма апытаньняў грамадзкай думкі стала прадметам заканадаўчага рэгуляваньня, і за парушэньні тут прадугледжана адказнасьць.

«Таму мы заклікаем арганізатараў онлайн-апытаньняў па тэматыцы прэзыдэнцкіх выбараў задумацца як наконт таго, ува што ў выніку выліваецца іх „сацыялёгія“, так і наконт правамернасьці сваіх дзеяньняў», — нібыта працытавала дырэктара Інстытуту сацыялёгіі БЕЛТА.

Атрымаць камэнтар у кіраўніцтва БЕЛТА не ўдалося. Па абедзе гэтая публікацыя была ўжо недасяжная.

Аднак на сайце засталася публікацыя пра «круглы стол», у якой прыведзены выказваньні двух сацыёлягаў, у тым ліку Генадзя Коршунава, пра тое, чаму сацыёлягі з асьцярожнасьцю ўводзяць у практыку онлайн-апытаньні.

Генадзь Коршунаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што «адбылася накладка», ён прыняў прабачэньні ад БЕЛТА.

«Тэкст заменены, мае словы прыведзены ў адпаведнасьць. Яны папрасілі прабачэньня, і ніякіх прэтэнзій да БЕЛТА на гэты момант у мяне няма».

«Камісія нічога ня можа забараніць»

Як жа Генадзь Коршунаў ставіцца да інфармацыі, што СМІ цяпер забаронена праводзіць апытаньні сярод сваёй чытацкай аўдыторыі, у тым ліку адносна рэйтынгу патэнцыйных кандыдатаў?

«Гэтае пытаньне ўзьнікае рэгулярна падчас перадвыбарчых кампаній. З 2002 году існуе Камісія па апытаньнях грамадзкай думкі. Сэнс камісіі ў ацэнцы прафэсіяналізму арганізацый, якія прэтэндуюць на апытаньні грамадзкай думкі і іх публікацыю. Камісія нікому нічога ня можа забараніць, гэта кансультатыўны орган і дарадчы.

Гэта не маё рашэньне як дырэктара, у камісіі зьбіраецца 15 чалавек і рашэньне прымаецца калегіяльна. Што было ў гэтым выпадку? Тут пытаньне насамрэч вельмі складанае. Ёсьць заканадаўства і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Там ёсьць артыкулы, прысьвечаныя апытаньням грамадзкай думкі. Камісія пры Акадэміі навук дае экспэртызу, яна нічога ня можа забараніць, гэта не ўваходзіць у яе кампэтэнцыю», — сказаў Коршунаў.

Дык як ставіцца камісія да такіх апытаньняў, якія праводзяць СМІ?

«Камісія ня можа вызначаць праваздольнасьць арганізацый — могуць яны нешта рабіць ці не. Мы працуем строга па законе. Паводле заканадаўства арганізацыі, якія хочуць праводзіць дасьледаваньні грамадзка-палітычнай сытуацыі і публікаваць вынікі, павінны прайсьці акрэдытацыю ў Камісіі па апытаньнях грамадзкай думкі пры НАН. Камісія робіць гэтую акрэдытацыю і адсочвае навуковы ўзровень, навуковую абгрунтаванасьць мэтодык (а ня дадзеных), па якіх дасьледаваньні праводзіліся. Усё астатняе не ўваходзіць у круг кампэтэнцыі камісіі».

Аднак СМІ, якія праводзяць такія апытаньні, пазначаюць, што гэта не сацыялягічныя дасьледаваньні?

«Прашу зразумець правільна: законы пішам ня мы. Мы законы выконваем. У заканадаўстве словазлучэньне «сацыялягічныя дасьледаваньні» адсутнічае. Там ёсьць словазлучэньне «апытаньні грамадзкай думкі». Тут ёсьць мэтадычны нюанс. Нюанс у тым, што дакладна не прапісана, што такое «апытаньне грамадзкай думкі».

З навуковага гледзішча тэарэтычна можна аднесьці онлайн-апытаньні, як гэта робяць на онлайн-пляцоўках, да дасьледаваньняў грамадзкай думкі. Гэта з аднаго боку. З другога боку, безумоўна, такога кшталту мерапрыемствы ня могуць прэтэндаваць на навуковасьць. І назваць іх сацыялягічнымі дасьледаваньнямі нельга. Калізія, разумееце? Камісія і Інстытут сацыялёгіі ня могуць трактаваць нормы закону. Мы можам выказаць сваю думку з навуковага гледзішча».

То бок СМІ могуць зьвярнуцца ў камісію, каб атрымаць акрэдытацыю для правядзеньня апытаньняў?

«У дзейным заканадаўстве ніякіх абмежаваньняў для таго, каб зьвярнуцца ў камісію па акрэдытацыю, няма. Зьбіраем дакумэнты, выконваем прапісаныя патрабаваньні, напрыклад адносна наяўнасьці сацыёлягаў, і калі ласка. За мінулыя гады ніякіх такіх зваротаў ад СМІ ў камісію не было».

Беларускім мэдыя забаранілі праводзіць онлайн-апытаньні чытацкай аўдыторыі пра рэйтынг прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах. Міністэрства інфармацыі сабрала рэдактараў некаторых СМІ і дало зразумець, што калі яны будуць працягваць такую дзейнасьць, то могуць атрымаць штрафы згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а гэта каля ста базавых велічыняў. Паводле онлайн-апытаньняў на сайтах nn.by, tut.by, за Аляксандра Лукашэнку галасавалі толькі 3–6%, а за Віктара Бабарыку 50–55%.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(31)