Общество
Аляксандар Старыкевіч

Дынько выйшаў на волю

У пятніцу а палове на адзінаццатую ля спэцпрыёмніку на Акрэсьціна сабралася ці ня ўся рэдакцыя “Нашай нівы”. Чакалі вызваленьня Андрэя Дынько. Але міліцыянты не сьпяшаліся разьвітвацца з галоўным рэдактарам “НН”. Толькі праз паўгадзіны няголены і ўсьмешлівы Андрэй апынуўся на волі.

Між іншым, і за кратамі Дынько часу не губляў. Пэўна, што зь цягам часу ягоны артыкул “Вясна-2006”, напісаны за адну ноч на Акрэсьціна (гл. таксама на нашым сайце), будуць вывучаць студэнты журфаку.

У дадатак да напісанага Андрэй паведаміў, што сярод іншых вязьняў яго наведваў кіраўнік упраўленьня грамадзкай бясьпекі Міністэрства ўнутраных справаў Фармагей. Прычым гутарку ён вёў у прымірэнчым стылі: “Нам жа з вамі ў адной краіне жыць”. А калі дэлегацыя сыходзіла з камэры, адзін з міліцыянтаў нават гукнуў: “Жыве Беларусь!” Наагул, у адрозьненьні ад спэцназу, які праводзіў затрыманьні, супрацоўнікі спэцпрыёмніку ставіліся да “палітычных” досыць добра.

З волі вязьням перадаюць столькі прадуктаў, што тыя не пасьпяваюць іх зьесьці. У адным куце камэры, дзе сядзеў Дынько, ляжыць мех з цытрусавымі, у другім — пакунак з кілбасой. Таму турэмную ежу затрыманыя ўжываюць хіба толькі ў дыетычных мэтах. Дынько перадаў такі дыялёг паміж ахоўнікам і вязьнямі: “Хто будзе есьці кашу?” — “А якая ў вас сёньня?”

Трэба браць пад увагу, што ў любым выпадку спэцпрыёмнік мала нагадвае санаторый. Аднак гэтым часам у ягоных камэрах пануе добры настрой — значна лепшы, чым шмат у каго на волі. Напярэдадні вызваленьня Дынько здарылася сапраўдная сэнсацыя: судзьдзя, якая разглядала справу Андрэя, і яшчэ адзін яе калега раптоўна звольніліся па ўласным жаданьні. Наўрад ці хто з нашага боку чакаў такога разьвіцьця падзеяў. Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што людзі ў чорным выконваюць усе загады ўлады і не пакутуюць на сумленьне. Высьвятлілася, што гэта не зусім так. Падобна, што ўплыў падзеяў 19-25 сакавіка на беларускае грамадзтва можа быць большым, чым меркавалася. Падобна, што шмат хто ў цёплых кабінэтах пачувае горш, чым палітычныя вязьні — у халодным спэцпрыёмніку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)