Комментарии

Андрэй Дынько, Наша Нiва

Дынько: Гэта наша свята і наша Перамога

Гэта нашы дзяды ваявалі. Яшчэ невядома, кім былі дзяды, скажам, тых беснаватых матацыклістаў з імперскімі стужкамі. А нашы прадзеды — мы кожны сваіх ведаем, колькі яны нацярпеліся і дзе паляглі.

Таму гэта наша свята і наша Перамога. Гэта была перамога беларусаў і рускіх, украінцаў і палякаў, амерыканцаў і яўрэяў. Нашых з вамі прадзедаў. І як яны праводзілі 9 Мая, мы таксама ведаем, і ці насілі на гэты дзень якія стужкі.

У сваёй геніяльнай аповесці «Мёртвым не баліць» Васіль Быкаў апісаў такіх розных ветэранаў і такую розную памяць. Сам Быкаў, нагадаю, прайшоў усю вайну і цудам застаўся жывы. Успамінаюцца ў гэты дзень светлай памяці партызанскі камандзір Пятро Машэраў, партызаны Аляксей Карпюк, Янка Брыль і Валянцін Тарас, разведчык Фёдар Янкоўскі, артылерыст Іван Шамякін і мільёны такіх, як яны, успамінаюцца гандляркі і паэты, дактары і сяляне, што перажылі страшныя гады, ваюючы, сеючы хлеб або ратуючы людзей.

Нельга аддаваць Дзень Перамогі шушары. Гэта не значыць, што трэба браць удзел у фальшывых мерапрыемствах. Але гэта значыць, што сярод іншых еўрапейскіх сцягоў у гэты дзень па праве ўздымаецца і беларускі. Сярод іншых моў у гэты дзень павінна гучаць і беларуская, на якой гаварылі пераможцы-беларусы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(54)