Комментарии

Андрэй Дынько, Наша Ніва

Дынько: Чаму я падпісаў зварот за перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі. І некалькі інсайдаў

Перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі будзе прыгожым актам сцвярджэння. Гэта, калі коратка, чаму я падпісаў. А зараз некалькі інсайдаў і тлумачэнняў.

Прайдуся па сумневах тых, «хто супраць».

Першы сумнеў: «Нехта сапраўды думае, што літоўскі ўрад нешта зараз возьме і аддасць, прытым фактычна невядома куды і невядома каму?».

Рэч у тым, што ідэю перапахавання Каліноўскага ў Беларусі першым выказаў літоўскі бок. Зрабіў гэта далікатна, канфідэнцыйна, па дыпламатычных каналах. Гэты высакародны і дальнабачны жэст быў зроблены пасля абрання новага прэзідэнта Літвы. Беларуская дыпламатыя марудзіць з адказам. Мы можам здагадвацца, чаму: прапанова нязручная з прычыны тых няпростых адносін, якія звязваюць улады Беларусі з Расіяй. Масква адказала б на перапахаванне Каліноўскага з удзелам дзяржавы істэрыкай Салаўёвых.

Грамадскасць перахапіла ініцыятыву, раз дзяржаўныя ўлады не свабодныя ў гэтым пытанні. Зварот беларускай грамадскасці — гэта знак волі беларускага грамадства на ажыццяўленне такога гістарычнага акта — калі не ў гэтым годзе, то ў будучыні, як толькі складуцца ўмовы.

Другое. «Так і бачу перапахаванне Каліноўскага на Усходніх могілках, праз дарожку ад 3-га сакратара ЦК КПБ Кузякіна. Ці мо лагічней у Калінкавічах перапахаваць?»

Прагучала мудрая прапанова іерархаў — перапахаваць Каліноўскага каля касцёла на Залатой Горцы, у самым цэнтры сталіцы і дзе, магчыма, спачываюць іншыя героі паўстання.

Трэцяе. «Навошта вазіцца з косткамі?» Гэта не косткі, гэта нацыянальная памяць і наша ўяўленне пра сябе.

Чацвёртае. «Вільня была цэнтрам беларускага руху…» Была. А цяпер цэнтр іншы.

Пятае. «Каб потым на ягонай магіле малявалі двухгаловых арлоў, розныя зоркі ды рабілі рознае непатрэбства? Не, хай у Летуве ляжыць, там нашая спадчына традыцыйна лепш захоўваецца». «У Вільні значна менш шанцаў, што магілу Каліноўскага спаганіць «рускі мір».

Гэта не так. Ніхто не малюе двухгаловых арлоў ні на магіле Купалы, ні на магіле Быкава, ні на магіле Іваноўскага.

Увогуле, тым, хто так ужо зневажае Мінск і так ужо ўзносіць Вільню, я скажу вось што. У якім стане ў Мінску магілы Купалы і Коласа, Быкава і Мулявіна, а ў якім у Вільні — магіла Аляхновіча? Беларуская грамада Вільні малая, некалькі адданых сямей робяць, што могуць, але людзей там мала.

Як выдавец, я ведаю, што ў Вільні прадаецца сем асобнікаў «Нашай гісторыі», а ў Мінску — 3300.

Шостае. «Толькі пасля змены ўлады». «…напісаў бы ўраду Літвы мэйл, каб не аддавалі парэшткі Каліноўскага ў Беларусь, нават калі б беларусы стаялі перад імі на каленях. Перапахаванне ў Беларусі было б пры цяперашняй уладзе ператворанае ў «Дажынкі» або свята на Лініі Сталіна ці Аўцюкі».

Папраўдзе, такія выказванні ідуць не ад няверы ва ўлады, а ад няверы ў беларускі народ. Бо некаторыя справы здольны рабіць і народ без удзелу дзяржавы, калі выявіцца, што цяперашнія ўлады яшчэ не саспелі. Перапахаванне Шаўчэнкі — не царскія ўлады яго арганізоўвалі. І нагадаю пра пахаванне Быкава.

Але адзначу — годнае перапахаванне Каліноўскага магчымае або пры ўдзеле дзяржавы, або пры яе добразычлівым нейтралітэце, як са стагоддзем БНР. Калі гэтых умоваў не будзе, то лепш не спяшацца. І, калі адказ Літвы на зварот грамадскасці будзе пазітыўны, патрэбны будзе аналагічны зварот інтэлігенцыі да беларускіх уладаў.

Сёмае. Калі чарнасоценцы супраць, калі Салаўёў і Крыштаповіч супраць, то я за. А яны такі супраць, ды яшчэ і як супраць.

Восьмае. «Ягоная смерць у гэтым месцы [Вільні] — сакральная. Туды беларусам трэба хадзіць калі не на каленях, то хаця б пешшу».

Беларусь для аўтара гэтых радкоў — мара і рамантычны, недасяжны ідэал. Для падпісантаў жа звароту Беларусь — гэта рэальнасць, дадзеная нам у адчуванні. Я не бачу сэнсу ў сакралізацыі Вільні, аддзеленай ад рэальнай беларускай дзяржавы мяжой.

Дзявятае. Хто зводзіць Каліноўскага толькі да нацыянальнага, той звужае і прыніжае яго. «У нас няма дваран!» — гэта таксама Каліноўскі. Пачытайце нумар «Нашай гісторыі», прысвечаны яму.

Для літоўцаў, палякаў Каліноўскі — «адзін з». Для беларусаў ён адзін. «Каго любіш? Люблю Беларусь!» — не скрэсліваецца.

Улады мяняюцца, дзяржава застаецца (або не застаецца), нацыя застаецца (або не застаецца). Беларусь такая, якая яна ёсць, а не такая, якой я, ці ён, ці яна, можа, хацелі б яе бачыць. Адназначна толькі, што лёс Беларусі вырашаецца і будзе вырашацца ў такой Беларусі, якая яна ёсць, а не за межамі яе.

Дзясятае. «Прах Каліноўскага, Багдановіча, Івана Луцкевіча, Гаруна можна будзе перанесці ў Менск. калі ў Менску будуць па-сапраўднаму беларускія школы, па-сапраўднаму беларускія ўніверсітэты, а галоўнае — беларуская ўлада!»

Толькі, каб гэта ўсё стала ў Беларусі, патрэбныя дзеянні, і без дзеяння ўсяго гэтага не станецца. «Тыя, хто супраць [перапахавання ў Беларусі — Рэд.], не маюць палітычнага мыслення: эфект ад такой падзеі быў бы супастаўны з трыма нобелеўскімі прэміямі», — цалкам падзяляю гэтае меркаванне філосафа Валера Булгакава.

Перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі наблізіць сцвярджэнне тых ідэалаў, за якія ён аддаў жыццё.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(25)