Дылема Захаду: як падтрымаць незалежнасьць Беларусі, не ўмацоўваючы аўтарытарны рэжымі?

Перад Захадам стаіць дылема: як падтрымаць незалежнасьць Беларусі ад экспансіі Расеі, пры гэтым не ўмацоўваючы прарасейскага дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі? Піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Фото Global Look Press

13 лютага Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг заклікаў Расею «паважаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць усіх дзяржаў у Эўропе, у тым ліку Беларусі».

11 лютага вядучая амэрыканская газэта Washington Post у рэдакцыйным артыкуле заклікала падтрымаць Беларусь, каб не даць Расеі яе паглынуць. У артыкуле адзначаецца, што, хоць тут пануе дыктатура, але трэба дапамагчы Беларусі эканамічна, пакуль Лукашэнка супраціўляецца Маскве. Дарэчы, якраз крокам у гэтым кірунку быў нядаўні візыт у Менск дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо.

Таксама відавочныя жэсты ў бок афіцыйнага Менску апошнім часам рабілі суседзі Беларусі — Латвія, Літва, Польшча.

Прыкладна ў гэты ж час (12 лютага) былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка ў газэце Rzeczpospolita перасьцерагае Захад ад ілюзіяў. Праблема, паводле Шарэпкі, ня столькі ў тым, што Лукашэнка дыктатар і ў Беларусі няма дэмакратыі. Галоўная ягоная тэза палягае ў тым, што беларускі кіраўнік выкарыстоўвае заляцаньні з боку Захаду ў сваёй гульні з Масквою. Што ён «мэнтальна зьяўляецца неад’емнай часткай «русского мира» і ідэйным праціўнікам Захаду, гарантам не незалежнасьці Беларусі, а яе прарасейскасьці.

Шарэпка нагадвае, як моцна памыліліся эўрапейскія палітыкі ў 2010 годзе, спрабуючы ангажаваць Лукашэнку, а той падмануў, павярнуў у бок Расеі і жорстка разграміў дэмакратычную апазыцыю. Сёлета ў Беларусі зноў прэзыдэнцкія выбары, такі ж канфлікт з Расеяй, пацяпленьне адносін з Захадам, аднак гісторыя дзесяцігадовай даўнасьці можа паўтарыцца.

Сапраўды, Лешэк Шарэпка сфармуляваў дылему, якая сёньня стаіць перад Захадам: як падтрымаць незалежнасьць Беларусі ад экспансіі Расеі, пры гэтым не ўмацоўваючы прарасейскага дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі? Здаецца, што гэтая дылема невырашальная. З дыктатурай там неяк зьмірыліся.

Калі б яна была нацыянальнай, арыентаванай на беларускую этнакультурную ідэнтычнасьць, то ня ўзьнікла б вялікіх пытаньняў. Ці мала ў сьвеце падобных рэжымаў, зь якімі Захад падтрымлівае добрыя стасункі. Уся праблема беларускага кейса ў тым, што рэжым Лукашэнкі выразна прасавецкі і прарасейскі.

З другога боку, і перад Расеяй паўстала новая дылема. Калі эканамічная дапамога Беларусі рэзка скарачаецца, то як забясьпечыць яе ранейшую палітычную ляяльнасьць? Не выпадкова такую балючую рэакцыю ў РФ выклікаў візыт Пампэо ў Менск. І пагрозы расейскіх палітыкаў і мэдыя ў адрас Лукашэнкі зводзяцца да аднаго: не загуляйся і не паўтары лёсу Януковіча.

Выглядае, што ў такой геапалітычнай гульні адзіны, хто адчувае сябе як рыба ў вадзе, гэта сам Лукашэнка. Ён прымае ўсе заляцаньні Захаду, спрабуе выбіць з Расеі парэшткі эканамічных датацый і душыць апазыцыю. Галоўнае — захоўваць пачуцьцё меры, не пераходзіць чырвоныя лініі. Пакуль народ маўчыць, пытаньне «Што яму рабіць?», якое задаюць экспэрты і журналісты, перад ім не стаіць. І ён будзе рабіць тое, што рабіў і раней. Навошта адмаўляцца ад пасьпяховага 25-гадовага досьведу?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(16)