Политика
Анастасія Зелянкова

«Дык, можа, і на выбары дуэтам пойдзем?» (фота)

Актывісты «Гавары праўду» завяршылі святочнай імпрэзай збор подпісаў за наданне вуліцам імя Васіля Быкава. Адначасова яны наладзілі перфоманс у знак пратэсту супраць выкрадання бланкаў з подпісамі і растлумачылі, дзе пралічыліся ўлады. Як Зміцер Вайцюшкевіч ледзь не падседзеў Уладзіміра Някляева на будучых выбарах, якую «агаворку па Фрэйду» дапусціў Сяргей Калякін і як Быкаў аказаўся заснавальнікам кампаніі «Гавары праўду» — у рэпартажы «Салідарнасці».

Па традыцыі месца правядзення імпрэзы да апошняга трымалася ў сакрэце. Удзельнікі гадалі: куды ж зараз іх завядзе фантазія арганізатараў, якія мінулым разам ладзілі мерапрыемства на цеплаходзе ў водах Мінскага мора. Цяпер канечным пунктам стала вёска Строчыцы, дзе усіх чакаў добры пачастунак з квасам і медавухай.

— Нягледзячы на непрыемнасці, звязаныя з выкраданнем подпісаў, ператрусамі і многімі іншымі праблемамі, у нас сёння свята, — адзначыў лідэр кампаніі “Гавары праўду” паэт Уладзімір Някляеў . — Скончыўся збор подпісаў за наданне вуліцам імя Васіля Быкава. Прычым гэтая кампанія мела такую папулярнасць, што па колькасці ўдвая перабольшыла нашыя чаканні.

Разам з тым арганізатары выказалі вялікае абурэнне дзеяннямі ўладаў, якія пайшлі на такі крок, як выкраданне бланкаў з подпісамі . З гэтай нагоды актывісты кампаніі зладзілі своеасаблівы перфоманс, прадэманстраваўшы прысутным каробкі з надпісам “Знак бяды”. Назва, якая была ўзятая з аповесці Васіля Быкава, павінна была сімвалізаваць тую прыкрую сітуацыю, якую стварылі ўлады.

— Акцыя з выкраданнем подпісаў была накіравана на тое, каб людзі потым казалі, што мы тут нейкія балбатуны і нічога не сабралі, — адзначыў Някляеў. — Аднак яны пралічыліся. Мы да гэтага паспелі зрабіць копіі. Нават, калі ўлады не пагодзяцца прыняць іх, ёсць яшчэ каля 5 тысяч арыгіналаў. Гэтага хопіць. Сутнасць не ў колькасці — насамрэч, зараз цяжка дакладна падлічыць, колькі ўсяго было сабрана. Аднак такімі дзеяннямі ўлады плюнулі ў твар не кампаніі, не Някляеву, а беларускаму народу. Бо Быкаў – гэта нацыянальная каштоўнасць.

Каб прысутныя не сумняваліся, актывісты прадэманстравалі сваю працу і дзеля дадатковай перастрахоўкі тут жа сталі рабіць ксеракопіі з тых арыгіналаў, што засталіся.

У гэты час Уладзімір Някляеў уручаў падарункі найбольш актыўным ўдзельнікам кампаніі.

— Медалі і ордэны яны потым атрымаюць, — запэўніў прысутных Някляеў, раздаючы дыскі з аўдыёкнігай “Доўгая дарога дадому”, запісанай Васілём Быкавым, і выданні з бібліятэкі “Радыё Свабода”.

Акрамя падзякі актывістам, Уладзімір Някляеў выказаў удзячнасць таксама журналістам і партыям, якія дапамагалі ў гэтай кампаніі — у прыватнасці, АГП, БНФ і партыі аб’яднаных левых “Справядлівы свет”. Лідэр апошняй Сяргей Калякін узяў з гэтай нагоды слова.

— Я цалкам падтрымліваю кампанію “За свабоду!” — нечакана выгукнуў Калякін, выклікаўшы поўную разгубленасць прысутных.

— Не “За Свабоду!”, а “Гавары праўду!” — паправілі палітыка ягоныя паплечнікі.

Калякін схамянуўся, але працягнуў свой выступ далей. Аднак прамовіўшы яшчэ некалькі сказаў, ён зноў узгадаў кампанію “За свабоду”, выклікаўшы яхідны смех прысутных.

— Ну, гэта я без прывязкі да нейкіх іншых арганізацый, — зразумеўшы сваю памылку, паспрабаваў выкруціцца Калякін. — Калі мы будзем гаварыць праўду, мы ўсе будзем свабоднымі.

“Агаворку па Фрэйду” палітыку прабачылі.

А вось паэт Сяргей Законнікаў, адразу папрасіўшы прабачэння, заявіў, што не Някляеў з’яўляецца заснавальнікам кампаніі “Гавары праўду”.

— Усё гэта было зроблена яшчэ да вас. Васіль Быкаў – вось хто адзін з першых пачаў кампанію “Гавары праўду”, — патлумачыў Законнікаў. — Гэта ён першым пачаў гаварыць праўду пра вайну і рабіў гэта ўсе сваё жыццё. Такія людзі нас яднаюць і вядуць за сабой. Пакуль будзе Беларусь, будзе жыць і імя Васіля Быкава.

Не забыліся арганізатары і пра музычную частку.

— З гэтым чалавека мы заўсёды працуем дуэтам, — прадставіў Някляеў прысутным Зміцера Вайцюшкевіча.

— Дык, можа, і на выбары дуэтам пойдзем? — не разгубіўся музыкант.

— Разагнаўся. Я яшчэ не пайшоў, а ты ўжо лезеш, — прыгразіў паэт.

Добры настрой не сапсаваў нават міліцэйскі “УАЗік”, які прыехаў пад заканчэнне святочнай імпрэзы. Чаго хацелі ахоўнікі правапарадку, ніхто так і не зразумеў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)