Общество

Двух хлопцаў з Маладзечна пазбавілі волі за патасоўку, падчас якой амапавец дастаў пісталет

На тры гады.

У аўторак вынеслі прысуд двум маладзечанцам Паўлу Пяскову і Уладзіславу Еўсцягнееву, паведамляюць праваабаронцы.

Хлопцаў судзілі па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса за супраціў супрацоўнікам АМАПу з ужываннем гвалту падчас патасоўкі з сілавікамі на акцыі 19 чэрвеня, на якой амапавец дастаў пісталет.

Суддзя Вікторыя Паляшчук прызнала абодвух вінаватымі і пакарала іх пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму: Паўла Пяскова — на тры гады і тры месяцы, а Уладзіслава Еўсцягнеева — на тры гады. Менавіта такое пакаранне для маладзечанцаў у суддзі і прасіў пракурор Сяргей Габруковіч.

Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў на першым судовым паседжанні. Усе фоты spring96.org

25-гадовага Уладзіслава Еўсцягнеева затрымалі для адбыцця пакарання ў зале суда адразу пасля агалошвання прысуду. 31-гадоваму Паўлу Пяскову змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту яшчэ 18 верасня. Гэтыя 11 дзён будуць залічаныя ў 3,3-гадавы тэрмін пазбаўлення волі.

Момант затрымання Уладзіслава Еўсцягнеева

Суд вырашыў, што Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцягнееў аказалі гвалтоўнае супраціўленне супрацоўнікам мінскага АМАПу Вячаславу Якавенку і Яўгену Баранаву адпаведна, тым самым здзейснілі злачынства, прадугледжаннае ч. 2 арт. 363 КК.

Суд устанавіў, што падчас дзеянняў маладзечанцаў амапаўцы атрымалі пашкоджанні: пашкоджанне форменнага абмундзіравання і цялесныя пашкоджанні ў выглядзе драпіны на каленях і локце, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя і значнай страты працаздольнасці.

У перадапошні дзень судовых разбіральніцтваў судовы медэксперт Міхаіл Скабей, які аглядаў пацярпелых амапаўцаў і даваў заключэнне па іх пашкоджаннях, сказаў, што зафіксаваў у Якавенкі драпіну на левым калене памерам 2 см на 1,5 см. Але фотафіксацыі пашкоджанняў не рабілася — «не прадугледжана ўнутраннымі распараджэннямі».

Уладзіслаў Еўсцігнееў

На судзе Уладзіслаў Еўсцягнееў прызнаў віну цалкам, Павел Пяскоў — часткова. Еўсцягнееў растлумачыў свае дзеянні тым, што ў патасоўку ўвязаўся праз крык жанчыны каля міліцэйскага бусу. Ён падумаў, што жанчыне прычыняюць боль.

Тады ён падбег да супрацоўніка АМАПу і «прыхапіў яго рукой», пасля чаго ў выніку ціску натоўпу людзей і праз тое, што Еўсцягнееў падвярнуў нагу, ён упаў разам з супрацоўнікам АМАПу: «Я ўтрымліваўся за АМАПаўца, каб падаючы, не ўдарыцца аб плітку».

Павел Пяскоў заявіў на судзе, што на вуліцы пачуў крыкі накшалт «Ратуйце, дапамажыце!» і ўбачыў патасоўку, у якой «АМАПавец націскае на чалавека», пасля чаго ён умяшаўся. Па яго словах, ён хацеў спыніць гэты канфлікт, бо там прысутнічалі дзеці і гэта адбывалася ў грамадскім месцы. Намеру прычыніць шкоду супрацоўнікам АМАПу, як сцвярджалася падчас суда, не было ні ў Паўла Пяскова, ні ў Уладзіслава Еўсцягнеева.

Павел Пяскоў

Нагадаем, 19 чэрвеня ў Маладзечне падчас акцыі салідарнасці маладзечанцы паспрабавалі адбіць у сілавікоў затрыманага Міколу Алейніка. Кадры патасоўкі каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі вялікі рэзананс, бо адным з відэа бачна, што ў нейкі момант у руках аднаго з АМАПаўцаў апынуўся пісталет.

Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле 363 «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак».

У межах гэтай крымінальнай справы былі затрыманыя 25-гадовы Уладзіслаў Еўсцягнееў і 31-гадовы Павел Пяскоў. 16 верасня суд Маладзечанскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да іх. Адзін з падазраваных па гэтай справе — Уладзімір Непагода — знаходзіцца ў вышуку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(18)