Двубой Канстытуцыяў. Спрэчка Карбалевіча і Лябедзькі

Разважанні палітыка і аналітыка на Радыё Свабода пра тое, ці ёсьць умовы, пры якіх прыхільнікам пераменаў варта было б падтрымаць на рэфэрэндуме афіцыйны праект Канстытуцыі? Ці магчыма палітычна супрацьпаставіць афіцыйны праект і альтэрнатыўны праект «Народнай Канстытуцыі»? Якія ёсьць магчымыя варыянты дзеяньняў?

Па гэтых тэмах у «Праскім акцэнце» спрачаюцца дырэктар цэнтру «Эўрапейскі дыялёг», адзін з кіраўнікоў Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі Анатоль Лябедзька і палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Карбалевіч

За афіцыйны праект Канстытуцыі варта галасаваць пры пэўных умовах — калі будзе прапанаваны менавіта той праект, які быў абнародаваны, калі пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму адбудуцца датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары і калі Лукашэнка ў іх ня будзе ўдзельнічаць.

Калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя — гэта для прыхільнікаў пераменаў будзе пэўны выхад з тупіку.

Сёньня дэмакратычныя сілы ня могуць накінуць уладам свой парадак дня.

Я ня бачу мэханізму, пры дапамозе якога на рэфэрэндум можа быць вынесены альтэрнатыўны праект Канстытуцыі, распрацаваны пад кіраўніцтвам Анатоля Лябедзькі.

Ёсьць тры варыянты:

  1. Заклікаць людзей прыйсьці на рэфэрэндум і прагаласаваць за афіцыйны праект Канстытуцыі, і гэта адкрывае пэўную палітычную пэрспэктыву.
  2. Заклікаць людзей прыйсьці на рэфэрэндум і прагаласаваць супраць афіцыйнага праекту Канстытуцыі, і тады застаецца цяперашняя Канстытуцыя і Лукашэнка на чале дзяржавы да 2025 году.
  3. Заклікаць людзей не хадзіць на выбары. Любы байкот — гэта стратэгія дэмабілізацыі.

З гэтых трох рэальных варыянтаў найменшае зло — гэта першы варыянт.

Лябедзька

Да нядаўняга часу ў публічнай прасторы быў толькі адзін праект новай Канстытуцыі, прапанаваны Грамадзкай канстытуцыйнай камісіяй, падтрыманы і НАК Латушкі, і Каардынацыйнай Радай, і Ціханоўскай.

Гэты праект — рэальная альтэрнатыва.

Тое, што прапануецца камісіяй на чале зь Міклашэвічам — гэта не альтэрнатыва існай сытуацыі і гэта ня шлях да пераменаў.

Што тычыцца афіцыйнага праекту, то варта пачакаць, пакуль на ім зьявіцца рэзалюцыя Лукашэнкі.

Заўчасна падтрымліваць праект, абнародаваны нейкім Васкрасенскім.

Я не пагаджаюся зь ніводным з трох варыянтаў, агучаных Валерам.

Нам трэба праводзіць новы этап абмеркаваньня альтэрнатыўнага праекту Канстытуцыі новай Беларусі.

Заклік аб’ядноўваць людзей вакол прапановаў Міклашэвіча-Васкрасенскага абсалютна няправільны і з палітычнага, і з маральнага пунктаў гледжаньня.

Рэалізацыя прапановы Валера вядзе да легітымацыі сыстэмы, якую Лукашэнка ствараў 27 гадоў.

Калі мы абʼяднаемся з уладай, то такое галасаваньне і фальсыфікаваць ня трэба будзе.

І што нам з гэтым далей рабіць?

З умоваў, агучаных Валерам, дзьве — па-за кантролем грамадзтва.

Хто можа даць гарантыі, што будуць праведзеныя сумленныя і свабодныя датэрміновыя выбары?

Тады мы легітымізуем уладу Лукашэнкі яшчэ на 14 гадоў.

Карбалевіч

Ці ёсьць альтэрнатыва?

Тое, што Канстытуцыя, распрацаваная пад кіраўніцтвам Анатоля, цудоўная, што яе трэба прасоўваць — я абсалютна за.

Я таксама лічу, што яна лепшая за тую, якую рыхтуе камісія Міклашэвіча.

Праблема ў тым, што высунуць альтэрнатыўны праект на рэфэрэндум няма ніякіх магчымасьцяў.

Я зыходжу з рэальнасьці, Анатоль — зь нейкіх фантастычных умоваў.

Датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары наўрад ці будуць дэмакратычнымі. Але гэта пачатак працэсу пераменаў.

Гэта ня столькі легітымізацыя існага рэжыму, колькі легітымізацыя паступовага працэсу пераменаў.

Хто б ні быў абраны, а гэта, хутчэй за ўсё, будзе стаўленік Лукашэнкі, ён будзе вымушаны дзеля сваёй легітымізацыі ісьці па шляху дэлукашэнізацыі.

Гэта пэрсаналісцкі рэжым, і таму, калі на вышэйшую пасаду паставіць іншага чалавека, рэжым непазьбежна будзе трансфармавацца.

Лябедзька

У вас, Валер, кульгавая лёгіка. Давайце будзем рэалістамі. Калі зрабіць, як вы прапануеце, упершыню за 27 гадоў «ябацькі» і прыхільнікі пераменаў прагаласуюць за прапанову Лукашэнкі.

І Лукашэнка скажа, што ўвесь народ даў яму права яшчэ двойчы балятавацца ў прэзыдэнты.

Цяпер на нашым баку — пераважная большасьць сусьветнай супольнасьці, цяпер на Лукашэнку ідзе ціск з боку эўраатлянтычнай супольнасьці, ня ўсё ясна з пазыцыяй Крамля.

Дык можа рэалістычны сцэнар — гэта настойваць, каб на рэфэрэндуме быў прапанаваны выбар паміж варыянтам Канстытуцыі Лукашэнкі-Міклашэвіча і варыянтам прыхільнікаў пераменаў?

Гэта праект, які мяняе сыстэму, які дае гарантыі, што будуць свабодныя сумленныя выбары.

Трэба, каб грамадзяне ў вялікай колькасьці, сотнямі тысячаў, зьвярталіся ў інстанцыі былой легітымнай улады, каб у іх была альтэрнатыва, каб у іх быў выбар.

Час да рэфэрэндуму трэба патраціць на тое, каб людзі ўзялі ўдзел у напісаньні Канстытуцыі новай Беларусі, каб гэта была іх Канстытуцыя, каб яны рабілі ціск на ўладу.

Мы павінны задзейнічаць міжнародныя мэханізмы ціску на ўладу з Захаду і, магчыма, з Усходу.

Карбалевіч

Я цалкам падтрымліваю ідэю вылучэньня на рэфэрэндум двух праектаў Канстытуцыі.

Я таксама за ўдзел народу ў канстытуцыйным праекце, але сёньняшняя рэальнасьць такая, якая ёсьць.

Калі Лукашэнка зьбіраецца кіраваць да 2025 году, навошта яму канстытуцыйная рэформа, навошта яму рэфэрэндум?

Прапануецца праект, у якім паўнамоцтвы прэзыдэнта ўрэзаныя ў параўнаньні зь дзейнай Канстытуцыяй.

Калі б ён зьбіраўся заставацца, то ўся гэтая гульня ў канстытуцыйную рэформу была б абсалютна непатрэбная.

Лябедзька

Я ўяўляю сабе, як Васкрасенскі будзе спасылацца на Карбалевіча — як на чалавека зь іншага боку, які праяўляе мудрасьць.

Хаўрус Карбалевіча і Васкрасенскага, хай і сытуатыўны, выглядае для мяне нязвыкла.

Спадзявацца, што Лукашэнка выканае сваё абяцаньне сысьці, не выпадае. Калі ён выконваў свае абяцаньні?

Лукашэнку рэфэрэндум непатрэбны. Але ёсьць расейскі фактар.

Чым далей Пуцін падтрымлівае Лукашэнку, тым больш Крэмль забірае на сябе таксычнасьць Лукашэнкі.

Разьлік Расеі — на тое, каб Лукашэнка сышоў, а яна паставіла на Беларусь свайго чалавека.​

Што было раней

Канстытуцыйная камісія, прызначаная Лукашэнкам, падвяла вынікі працы. Апошняе яе паседжаньне адбылося 21 ліпеня ў Менску.

Старшыня камісіі, кіраўнік Канстытуцыйнага суду Пятро Міклашэвіч агучыў некалькі з прапаноў на ўнясеньне ў новую Канстытуцыю:

прэзыдэнт ня можа выбірацца больш як на 2 тэрміны;

узроставы цэнз для пасады прэзыдэнта — 40 гадоў;

цэнз аселасьці — пастаяннае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі;

Юры Васкрасенскі апублікаваў праект Канстытуцыі, які, паводле яго, быў распрацаваны афіцыйнай Канстытуцыйнай камісіяй. Праект прадугледжвае пэўнае скарачэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта і не зьмяшчае апісаньня пасадаў кіраўніка Рады бясьпекі і Ўсебеларускага народнага сходу.

Каардынацыйная рада заявіла пра ініцыятыву «Народная Канстытуцыя». Заснавальнікі кампаніі — супольнасьць «Честные люди» пры ўдзеле Кабінэту прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушкі, Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі. Яны запусьцілі плятформу «Честный выбор».

Праект «Народная Канстытуцыя» прадугледжвае выкананьне наступных прынцыпаў:

Рэальны падзел уладаў, вызначэньне сыстэмы стрыманьняў і супрацьвагаў.

Рэформа судовай сыстэмы, бо без справядлівага суду немагчыма рухацца далей. Судовы сход зь ліку прадстаўнікоў юрыдычнай навукі, адвакацкай супольнасьці, былых судзьдзяў будзе прызначаць судзьдзяў, а тыя спаміж калегаў будуць выбіраць сваіх кіраўнікоў.

Склад судзьдзяў Канстытуцыйнага суду будзе фармаваць парлямэнт на прапанову Вярхоўнага суду, ураду і прэзыдэнта.

Прэзыдэнт страчвае вялікую колькасьць бязьмежных паўнамоцтваў. Застаецца прадстаўніком краіны ў міжнародным полі, кіраўніком войска падчас ваеннага становішча.

 

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4 (оценок:3)