Общество
Eolonir

Два народы. Дзьве блёгасфэры. Адныя думкі

У расейскай і беларускай блёгасфэрах апошнія два дні актыўна абмяркоўваюцца дзьве асобныя тэмы. У Расеі – карная псыхыятрыя (актывістку Аб’яднанага Грамадзянскага Фронту з Мурманску гвалтоўна “засунулі” ў вар’ятню за яе артыкул пра ўнутраныя парадкі ў гэтых установах Мурманскае вобласьці). У Беларусі – маючае адбыцца скарэчэньне паставак газу на Беларусь на 45% адсоткаў – прапарцыйна праплочанае колькасьці.

Адразу па з’яўленьні артыкула пра пазазаконную шпіталізацыю журналісткі на аўтара палілася плынь камэнтараў з агульным стрыжанем “усе вы там, у АГФ, ненармальныя”. Выказваліся пажаданьні пакласьці як мага больш “Несогласных” у такія вар’ятні. Частка наведвальнікаў з высокае трыбуны разважала пра тое, што такія рэчы не пазьбежныя ў грамадзтве, і ўвогуле, яно яшчэ “не падрыхтаванае” да турбот, і таму лепей бы такім журналістам змоўкнуць. Той факт, што да людзей у такіх зачыненых установах насамрэч ставіліся як да рабоў, што ў такую халепу можа патрапіць любы з тых, хто так піша, нікога з камэнтуючых, за невялікім выняткам, не турбаваў (вытрымкі дыскусіяў можна праглядзець на адпаведных допісах tapirr або падсумоўку – на Pozirk.org.

У Беларусі народ выказваўся наконт маючага быць скарачэньня паставак газу за няўплату ўрадам яго часткі. Шавіністычнага тону сабе ніхто не дазваляў, але з’яўляліся заявы кшталту таго, што, калі няма газу, ня будзе й базаў (вайсковых). Што Лукашэнка мае рацыю, таму што Расея гуляе не па правілах. Што трэба распрацоўваць новыя правілы працы з краінаю, якая цісьне на нас.

Такім чынам выказваліся не прадзяржаўныя суполкі – бо такіх у беларускім ЖЖ амаль няма, а тыя, што ёсьць, ледзьве трымаюцца. Яно й зразумела – ідэалістаў на тым баку замала, а блёгі – справа ідэалістычная. Выказваюцца звычайныя людзі, з дэмакратычнымі поглядамі, без шавінізму. Але кірунак іх думак вымагае думаць, што пры ціску нават дэмкакраты згуртоўваюцца вакол дыктатару ў пэўным сэньсе. Нават калі той, другі бок, гуляе па правілах. Спрацоўвае рэфлэкс “прыціснутае годнасьці”.

Тое, што Расея цісьне – факт аддаўна вядомы. Але ці не сучаснае кіраўніцтва прыкруціла краіну да Расеі настолькі, што пры кожным Газпрамаўскім руху ўся верхаліна ўлады пачынае вішчаць? І ці не з’яўляецца гэты газ насамрэч расейскім? Праданым нам напавер, магчыма, перасьледуючы пэўныя палітычныя мэты, але праданым – і не аплочаным. У той час як расейскі бок своечасова пераводзіў грошы за Белтрансгаз (625 мільлёнаў за 12,5% акцыяў) і астатнія траншы таксама праводзіў бездакорна (пакідайма па-за дужкамі матывы тых дзеяньняў)?

Незалежнасьць каштуе дорага, значна болей тых жабрачых 500 мільёнаў, якіх ня можа наскубсьці ўрад пры тым, што зараз усе – і прадпрымальнікі, і паспаліты люд -- плоцяць за газ паводле рынкавых коштаў. Тое, што расейскае сеціва заўжды было шавіністычным, а дэмакратычных выспачкаў там значна меней, чым у нашым, – гэта вядома. І гэта абумоўлівае з’яўленьне такіх камэнтароў. Тое, што ў Беларусі наадварот у блёгасфэры – да й у Сеціве ўвогуле – самымі актыўнымі й вядучымі гульцамі з’яўляюцца дэмакратычна налаштаваныя карыстальнікі – таксама вядома.

У Расеі дасяг да Сеціва танны й неабмежаваны. Ураду яго кантраляваць ня трэба – бо, прынамсі, 60 адсоткаў насельніцтва ў тае ці іншае ступені прынадна ставяцца да Сталіна й Пуціна, а апанэнтаў лічаць “адмарозкамі”. У нас няма такой прапорцыі. Можа, праз мэнталітэт, дарагавізну Інтэрнэту, згубленага дзяржаўнымі “актывістамі” часу на “захоп думак” інтэрнаўтаў. І тым ня меней у некаторых выпадках кірункі думак набліжаюцца адзін да аднога. Хаця й ня ў той вастрыні, як у Расеі.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)