Дуда: «Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць вас у вяртанні свабоднай, суверэннай, незалежнай радзімы»

Прэзідэнт Польшчы сустрэўся ў Варшаве са Святланай Ціханоўскай і беларускай грамадскасцю. Плюс фота з Лодзi, якое «лепей тысячы словаў».

— Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць вас у вяртанні свабоднай, суверэннай, незалежнай радзімы. Але пакуль гэтага не здарыцца, заўсёды будзем рады вас бачыць у нас, — заявіў Анджэй Дуда, паведамляе Позiрк.

Ён падкрэсліў, што «бітва [за свабодную Беларусь] працягваецца»:

— І ў нас, палякаў, якія маюць свой гістарычны досвед, ёсць глыбокая вера ў тое, што яна скончыцца перамогай беларусаў — тых сапраўдных, якія хочуць [мець] свабодную суверэнную дзяржаву.

Дуда выказаў надзею, што ў будучыні на польска-беларускай мяжы «не будзе ніякай сцяны».

Акрамя таго, Анджэй Дуда сустрэўся на перадкалядным прыёме з Аленай Бандарэнкай, маці загінулага ў 2020-м  Рамана Бандарэнкі. Польскі прэзідэнт згадаў яе сына:

— Раман Бандарэнка загінуў за вольную і незалежную Беларусь. Гэта цана, якую часам даводзіцца плаціць за свабоду. Нашы суседзі ўкраінцы цяпер плацяць за незалежнасць вельмі вялікую цану. І мы іх падтрымліваем у змаганні. Як і вы, беларусы. Веру, што сапраўдныя беларусы не з Расiяй, што яны не пагодзяцца з акупацыяй і панаваннем, што яны ня ёсць частка «рускага міру«. Жыве вольная і незалежная Беларусь, з якой у Польшчы ня будзе ніякага муру на мяжы.

Адзначым, што таксама лідэр дэмсіл прысутнічала напярэдадні на саміце АБСЕ, які праходзіў у польскім горадзе Лодзі. Там фатограф AFP сфатаграфаваў момант, калі Святлана Ціханоўская нахілілася да прадстаўніка беларускіх уладаў Андрэя Дапкюнаса. Здымак стаў вірусным у Байнэце.

Палiтык расказала Радыё Св*бода, што пабачыла таблічку «Беларусь».

— Я ведала, хто гэта, падышла да яго і сказала яму: «Удачы!». Ён не чакаў мяне пабачыць, спалохаўся, я думаю, нічога не адказаў.

Больш Ціханоўская не спрабавала пагутарыць з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі на тым форуме.

А вось як у сетцы адрэагавалі на гэты кадр:

«Прывет, Андрэй».

«Цяпер яго на паліграф за гэта пацягнуць?»

«Фота лепей тысячы словаў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(23)