Коктейль
Юлiя Ружaчка

Дуда без межаў

Усё ў нашым жыцці падпарадкоўваецца часу. Але ёсць нешта па-над ім. Тое, што не чуе гаворак пра кліматычныя ўмовы і анамаліі, палітычную сітуацыю і гаротнасць нацыянальнай культуры, яе заняпад. Тое, што адказвае на сотні словаў сваімі гукамі, адказвае на нашыя пытанні і абуджае ад зімовай заспанасці, пазбаўляе абыякавасці. Музыка без межаў стагоддзяў, чыя каштоўнасць вызначаецца не геаграфічнымі межамі.

Чарговы фестываль – “Дударскі фэст 2007” – адбудзецца 20-22 красавіка ў Мінску. Гэта вялікая сустрэча беларускіх дудароў пры ўдзеле гасцей з Польшчы і Літвы. У праграме 2 канцэрты – 20 красавіка ў КЗ ”Мінск” (малая зала) і 22 красавіка ў клубе “Спэп”.

Усё пераплялося. Кіраўнік гурта “Келіх кола” — адначасова гусляр і спявак гурта “Стары Ольса”, лідэр гурта “Litvintroll” — барабаншчык “Старога Ольсы”. І ствараецца ўражанне, што ўсе гэтыя музыкі — адна вялікая сям’я, кшталту вядомых італьянскіх дамоў.

Паназіраўшы за музыкамі, прыходзіш да высновы, што межаў між гуртамі сапраўды няма. Ім далёка (і, спадзяюся, недасягальна) да зайздрасці і канкурэнцыі зорак шоў-біза, бо яднае іх нашмат больш — ідэя пашырэння вядомасці і “паграмчэння” гучання дуды ў Беларусі.

Сёння “каралямі” былі менавіта яны — тыя, хто захоўваюць і адраджаюць дуду, даносяць яе да сучаснага слухача. Усё часцей — да маладога пакалення, якое, як вядома, цяжка нечым здзівіць і зачапіць.

Але ж “рух дударскі ў Беларусі пачаў так моцна пашырацца, што яго патрэбна было аформіць у нейкае мерапрыемства. Зараз за Нацыянальнай бібліятэкаў, а раней у парку Купалы, рэгулярна збіраюцца дудары, граюць, шмат людзей танчыць.Гэты стыхійны рух потым выяўляецца ў канцэрта”, — адзначае Зміцер Сасноўскі, прадзюсар “Дударскага фэста” і кіраўнік гурта “Стары Ольса”. — “Мы вырашылі паказваць беларускую дуду прынцыпова ў кантэксце такіх жа інструментаў іншых краінаў Еўропы.”

На жаль, склалася так, што ва ўяўленні большасці беларусаў дуда — гэта інструмент, на якім граюць у шатландскіх аркестрах. А на самой справе, як адзначаюць і беларускія этнографы, ніводнае свята на нашай зямлі не абыходзілася без дуды. І яшчэ ў 1933 годзе на Ўсесаюзным конкурсе ў Маскве Беларусь прадстаўляў дудар з Полацка Хведар Сцесь са сваёй аўтэнтычнай дудой.

На фэсце мы пачулі розных па стылі выканаўцаў, што выкарыстоўваюць у сваіх творах дуды. У рокавых аранжыроўках, рокавым гучанні выкарыстоўвае беларускую дуду гурт “Litvintroll”.

Але не ўсё так сонечна і проста, як можа падацца.

“Нашыя майстры свядома пайшлі на пэўныя пакуты (маецца на ўвазе выкарыстанне менш зручных частак дуды), каб наблізіцца да аўтэнтычага інструмента” — адзначыў Алесь Чумакоў, удзельнік гурта “Стары Ольса” і яшчэ некалькіх музычных праектаў. “Народны інструмент заўсёды будзе унікальным”, бо кожны майстар дадае нешта сваё, непаўторнае, аўтарскае.

Упершыню падобны фэст ладзіўся ў Менску ў 1992-93 гадах, і толькі пасля доўгага перапынку з’явіўся зноў, у мінулым годзе.

Менск стаў цэнтрам дударскай традыцыі на Беларусі. А цікавасць да гучання беларускай дуды расце. Расце і сам фэст. Множыцца колькасць выканаўцаў, нягледзячы на адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі фестваляў і гуртоў, адпаведных музычных класаў у навучальных установах.

Яшчэ вядуцца перамовы з гуртамі Галандыі, Шатландыі, Швецыі, Чэхіі, Літвы, Латвіі. І, магчыма, некаторых з іх мы ўбачым 20 красавіка на канцэрце ў Канцэртнай залі “Менск” (у малой залі), і патанчыць пад іх музыку ды проста атрымаць асалоду ад атмасферы ды чароўнай музыкі ўжо 22 красавіка ў клубе “Стэп”. Спадзяюся, што менавіта так і будзе. Калі ўдалося сёння стварыць незвычайную атмасферу, “прымусіць” з нецярплівасцю чакаць самога фэсту, атрымаецца падзяліцца гэтым і са слухачамі. Напэўна, хутка на Беларусі вылучыцца новы від захворвання — “хворы на дуду”. Бо нават у нас, далёкіх ад вырошчвання і здабывання ежы, старажытных традыцый, на генетычным узроўні, недзе ў падсвядомасці ёсць адчуванне беларускай музыкі, беларускай дуды. І абудзіць гэтае пачуццё, абудзіць той дух, што захоўвалі нашыя продкі, можа толькі сама музыка, яе, здаецца, знаёмыя, і ў той жа час не зусім яшчэ вядомыя гукі. Гукі беларускай Дуды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)