Политика

Кацярына Батлейка

Дракахруст: «Знак, што Лукашэнка не збіраецца спыняць дыялог з ЗША»

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст пракаментаваў «Салідарнасці» вызваленне Міколы Статкевіча і Наталлі Левай, якое адбылося 19 лютага.

— Думаю, важным матывам гэтага рашэння было тое, што Лукашэнка не здолеў паехаць у Вашынгтон на саміт «Рады міру», — кажа Дракахруст. — Хутчэй за ўсё, ён не паехаў туды з-за ціску Масквы: было некалькі так бы мовіць папярэджанняў ад СВР, Захаравай і намесніка Лаўрова, сэнс якіх у тым, што Захад, у тым ліку ЗША, — гэта сумесны праціўнік і з ім трэба акуратна.

Юры Дракахруст

У гэтай сітуацыі прыгадваецца гістарычная аналогія: быў такі праект Еўразвязу «Усходняе партнёрства», мэта якога была падобнай да цяперашняй мэты Трампа: вывесці шэсць краін (Беларусь, Украіну, Малдову, Арменію, Грузію і Азербайджан) з арбіты Масквы.

Лукашэнка не ездзіў ні на адзін саміт гэтага праекта. Напачатку, бо яго не хацелі бачыць, а потым, пасля 2016-га, калі ўжо мір, сяброўства, жвачка з Еўрасаюзам, — бо гэта было б чырвонай анучай для Масквы.

Калі бліжэйшы саюзнік едзе на саміт арганізацыі, дзе Масквы няма, гэта кепска і з'яўляецца выклікам. І Лукашэнка не ездзіў. Масква так бачыла і бачыць свет.

Але, я мяркую, Лукашэнка не збіраецца спыняць дыялог з ЗША, і гэтыя вызваленні — знак гэтаму. Маленькі, але дастаткова выразны. І каб гэты знак не раздражняў Маскву, ён быў зроблен у гуманітарнай абалонцы. Бо выпадкі бясспрэчныя. У Статкевіча быў інсульт, а Левая — цяжарная.

Таксама я думаю, што вызваленне Статкевіча — у пэўным сэнсе закрыццё гештальту. Ён быў у спісе і яго хацелі вызваліць. Падвязлі да мяжы, а ён не захацеў яе перасякаць. І паколькі дамоўленасць была, вырашылі давыконваць свае абавязкі ў сувязі з гэтай «Радай міру». І нават было зроблена выключэнне, што яго не выправадзілі з краіны.

— Ці можна разлічваць, што будучых вызваленых палітвязняў таксама не будуць прымусова дэпартаваць, а дазволяць ім застацца дома?

— Не факт, што Левай дазволяць застацца ў Беларусі. Не выключаю, што будуць падштурховаць з'ехаць. Тут ёсць усё-такі арыентацыя на нейкія маральныя нормы, што перашкаджала цяпер цяжарнай жанчыне апранаць мех на галаву і выправаджваць.

Да таго ж, мы не ведаем, ці была яна ў амерыканскім спісе. У мінулым годзе было вызваленне да так званага Дня народнага адзінства, калі некалькі дзясяткаў чалавек вызвалілі і нікуды не выправаджвалі. Логіка Лукашэнкі, як я яе разумею, вельмі жорсткая: тых, за каго просяць амерыканцы — выправаджваюць, а каго вызваляюць па іншых матывах — не абавязкова.

Таму, магчыма, Наталля народзіць і будзе жыць у Беларусі. А з Міколай зроблена выключэнне.

Калі казаць пра будучыя вызваленні, то хутчэй за ўсё яны будуць працягвацца з выправаджваннем людзей з Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)