Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Я не выключаю, што палітычныя перспектывы Сахашчыка могуць быць вялікія і вельмі нечаканыя»

Палітычны аглядальнік Юры Дракахруст у каментары Филину падзяліўся думкамі пра высокія кантакты прадстаўніка пераходнага Кабінета і міратворчыя перспектывы Лукашэнкі.

Юры Дракахруст

— Лукашэнка падпісаў указ аб абвяшчэнні 2023-га Годам міру і стваральнасці. У сваім навагоднім звароце ён стараўся пазбягаць тэмы вайны. У адрозненне, дарэчы, ад Ціханоўскай.

На вашу думку, наколькі паспяховым можа быць гэтае стварэнне вобраза міратворцы, улічваючы тое, якім быў зварот Пуціна — у атачэнні вайскоўцаў?

— Я думаю, што многае залежыць ад волі Лукашэнкі, ад яго палітычнага майстэрства. Але далёка не ўсё. Таму Беларусь можа быць уцягнутая ў ваенны вір, у тым ліку і ўдзелам яе войска. Калі Пуцін скажа, што трэба, то наўрадці ў Лукашэнкі будзе магчымасць адмовіцца.

Ён будзе працягваць умацоўваць гэты вобраз. І калі мы будзем гаварыць на гэтую ж тэму ў студзені 2024-га, калі Беларусь на працягу гэтага года не будзе наўпрост уцягнутая ў вайну, то многія будуць лічыць, што, напэўна, і ўнёсак Лукашэнкі ў гэтым ёсць. Калі ён пры гэтым будзе заставацца пры ўладзе.

Як і на працягу 2022-га было, калі напрыканцы лютага і ў сакавіку здавалася, што вось-вось. Але калі за спіной ужо больш за дзесяць месяцаў вайны, то гэта ўжо ёсць фактам беларускай палітыкі, грамадскага жыцця.

Можна, зразумела, спрачацца — ці Пуціну так не спатрэбілася беларускае войска, так пашанцавала ці Лукашэнка ўдала брыкаўся. Але ў любым выпадку, працяг гэтай лініі будзе фактарам, які будзе ўплываць на думкі людзей, і частка беларусаў будзе адносіць гэта да высілкаў Лукашэнкі.

І тонам свайго выступу, і кантрастам паміж сваёй прамовай і прамовай Пуціна, ён прадэманстраваў: я забяспечваю мір. А ці забяспечвае ён мір насамрэч? Не факт. У любым выпадку, гэта не толькі ад яго залежыць.

Яго ўласная рыторыка прарасійская. Тое, што расейцы робяць у Беларусі, што захочуць, што залежнасць Мінска ад Масквы толькі расце, сведчыць пра тое, што не толькі ў Лукашэнку справа.

— Пакуль мала падрабязнасцяў пра сустрэчу або сустрэчы прадстаўніка пераходнага кабінета Валерыя Сахашчыка з галоўнакамандуючым ЗСУ Валерыем Залужным. Пра што могуць сведчыць такія кантакты?

— Палітычную вагу Сахашчыка публікацыя сумеснага фота з Залужным падымае. Ён паказвае, што з’яўляецца менавіта палітычнай фігурай. Прычым палітычнай фігурай, з якой кантактуюць ваенныя лідары Украіны. І гэта пэўны кантраст з тым холадам, з якім прымаюць Ціханоўскую ў Кіеве.

У яе, а таксама іншых прадстаўнікоў яе каманды, акрамя Сахашчыка, такіх кантактаў нават на ўзроўні такога фотаздымка няма. Дарэчы, кантактаў такога ўзроўню няма і ў прадстаўнікоў палка К*ліноўскага. Так, іх могуць прымаць у Радзе, іх можа прымаць Клічко, але ў масавай свядомасці ва Украіне і ў свеце, і ў Беларусі ў тым ліку, Залужны ўспрымаецца, як другая асоба ў краіне пасля Зяленскага. Гэта ваенны лідар Украіны. Таму гэта вельмі важная сустрэча.

Я, дарэчы, звярнуў бы ўвагу на цікавае кола кантактаў Сахашчыка. Гэта не толькі Кабінет, гэта яшчэ і Зянон Пазняк. Мы памятаем словы Сахашчыка, сказаныя ў адрас Пазняка яшчэ падчас стварэння Кабінета. Ці ягоныя звароты да кіраўніка Рады бяспекі Вальфовіча.

Так што я не выключаю, што палітычныя перспектывы спадара Сахашчыка могуць быць вялікія і вельмі нечаканыя. 

Што тычыцца нейкіх канкрэтных рэчаў, то мне тут цяжка сказаць. Можа і ёсць нейкія дамоўленасці. Але менавіта тыя вайсковыя структуры, якія арыентуюцца на Сахашчыка ва Украіне, напрыклад, полк «Пагоня», наколькі я ведаю, больш малалікія. Яны саступаюць колькасна таму ж палку К*ліноўскага, які, мякка кажучы, прахалодна ставіцца да Сахашчыка.

Таму, чым рэальна мог бы, ці збіраецца Залужны дапамагчы Сахашчыку, для мяне абсалютна невідавочна. І ці стане ён нешта рабіць. Але не выключаю і таго, што гэта можа быць такі далёкі разлік украінскіх уладаў. Разлік на тое, што ў беларускім пытанні не варта ўсе яйкі складаць у адзін кошык.

Вось яны і з палком К*ліноўскага робяць пэўныя жэсты. Робяцца жэсты ў дачыненні да афіцыйнага прадстаўніка Кабінета Валерыя Кавалеўскага. І ёсць жэст у іншым кірунку — чалец кабінета сустракаецца са сваім ваенным калегам. Гэта ж не сустрэча Зяленскага з Ціханоўскай, але тым не менш, гэта такі сігнальчык.

— Група хакераў, якая называе сябе «Аб’яднаны штаб супраціву», заявіла пра ўзлом сайту «галоўнай клінікі Лукашэнкі».

Тут ёсць некалькі характэрных момантаў. Гаворка пра надзвычай далікатную тэму — здароўе правіцеля. І акцэнт на тэме палітвязняў — у сваім звароце хакеры вінавацяць у тым, што зняволеныя ўсё яшчэ за кратамі, Лукашэнку, а таксама Ціханоўскую з Латушкам.

Каму можа быць выгадная такая інфармацыйная нагода?

— Мне цяжка сказаць, каму канкрэтна гэта патрэбна. Шмат розных сілаў у Беларусі ёсць. І пэўная тэндэнцыя на радыкалізацыю розных групаў у грамадстве прысутнічае. Але я не выключаю чыста абстрактна, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра нейкую руку Масквы. Тут вельмі складана адказаць, бо гэтыя гульні спецслужбаў пад чужымі сцягамі вельмі заблытаныя.

Зрэшты, калі згадаць заявы тых жа «К*берпартызанаў», іх цяперашні альянс з палком К*ліноўскага, то гэта людзі, схільныя да больш рашучых, радыкальных дзеянняў. У іх больш радыкальныя ўяўленні пра палітыку. І тое, што яны крытыкуюць Ціханоўскую, магчыма, гэта такая ўнутрыапазіцыйная палітыка.

Палітыку ж ніхто не адмяняе. І калі Ціханоўская і Латушка нешта робяць, або не робяць, ёсць іншыя сілы, якія ў значнай ступені будуюць сваю палітыку на іх крытыцы. Але калі яны вінавацяць Ціханоўскую ў нейкім патуранні перамовам, то як гэты штаб уяўляе сабе іншы шлях да вызвалення палітвязняў?

Я, па-шчырасці, не ведаю. Можа яны ведаюць? І калі яны думаюць, што сваімі хакерскімі атакамі вызваляць палітзняволеных, думаю, яны заведама памыляюцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(21)