Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Я б устрымаўся ад спадзеваў на тое, што ў 2025-м Лукашэнку пераабяруць і ён супакоіцца»

Пра што сведчыць пагаршэнне сітуацыі з палітвязнямі – пра гэта Филин паразмаўляў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам.

Юрый Дракахруст

— Паліна Шарэнда-Панасюк атрымала яшчэ год няволі. Раней падобным чынам асудзілі Змітра Дашкевіча. Палітзняволеных масава пераводзяць з «хіміі» ў калоніі. Што гэта ўсё азначае? Гэта перамога жорсткай лініі ці проста знак набліжэння моманту пераабрання Лукашэнкі?

— Я думаю, што гэта азначае, што хутчэй за ўсё хардлайнеры выйгралі. Выйгралі ў тым сэнсе, што праект другога боку, умоўных галубоў, не даў плёну з пункту гледжання логікі самой улады.

І ў гэтым сэнсе мне падаецца вельмі цікавым фрагмент гутаркі праваабаронцы Леаніда Судаленкі з Юрыем Васкрасенскім, у якім апошні пытае: а якія плюшкі атрымала ўлада за чатыры хвалі вызвалення?

Ніякіх. Быў зроблены жэст. Зразумела, ён быў абмежаваны, бо вызвалілі не дзевяцьсот чалавек, нават не некалькі сотняў. Але нейкую колькасць дэманстратыўна вызвалілі: маўляў, мы дасылаем вам пас.

Яны чакалі, што, прынамсі, будзе нейкі адказ. Не абавязкова, што здымуць санкцыі, але можа будзе нейкая камунікацыя: давайце мы абмяркуем, вызначым — хто і што. І зразумела, што гэты пасыл, гэтае запрашэнне на плюшкі сыходзіла ад «галубоў».

Зразумела, тут не варта ўяўляць сабе сітуацыю так, што вось ёсць нейкая выразная партыя «галубоў», нейкая партыя «ястрабаў», і яны між сабой змагаюцца. Гэта ўсё адбываецца пад коўдрай, у выглядзе змагання за вушы Лукашэнкі. Бо ён прымае канчатковае рашэнне.

І, тым не менш, з улікам гэтай агаворкі, у гэтым змаганні на пэўны момант «галубы» атрымалі нейкую перамогу. Прынамсі ў выглядзе гэтых чатырох хваляў вызваленняў. А потым высветлілася тое, пра што сказаў Васкрасенскі: плюшак няма.

І хардлайнеры сказалі: «Ваша ідэя атрымала вось такі адказ. А калі так, то мы пакажам, як мы можам пагоршыць сітуацыю».

Маўляў, яны паспрабавалі яе палепшыць, з пункту гледжання Захаду. Адтуль ніякага адказу няма, таму яны цяпер пагоршаць сітуацыю.

Гэта не азначае, што сітуацыя цяпер будзе пагаршацца на гады наперад. Магчыма, гэта таксама дэманстрацыя: мы можам усё пагоршыць у параўнанні з папярэдняй сітуацыяй. Мне падаецца, гэта даволі лагічнае тлумачэнне.

Калі не атрымліваецца праект нейкай гульні, бо гэтыя заляцанні ніхто не прымае, тады адбываецца дэманстрацыя таго, што беларускі бок можа дзейнічаць не пернікамі, а пугай. Пернікам ад рэжыму былі кропкавыя вызваленні. Рэакцыі на гэта не было, таму разлік цяпер на тое, што Захад, магчыма, адрэагуе на пугу.

— Гучаць меркаванні пра тое, што пасля палітычнай кампаніі 2025-га рэжым можа трошкі знізіць градус рэпрэсій. Зважаючы на цяперашняе пагаршэнне сітуацыі, ці можна зрабіць нейкі прагноз наконт таго, чаго нам чакаць пасля выбараў?

— Гэта залежыць ад таго, якое будзе бачанне будучыні пасля выбараў у Лукашэнкі і ягонага атачэння. Не выключана, што будзе тое, пра што ў якасці версіі нядаўна казаў Рыгор Астапеня: пасля выбараў будзе ўзяты курс на транзіт улады.

Калі будзе так ці іначай сказана, што выбары 2025-га стануць апошнімі выбарамі, на якія ідзе Лукашэнка. Што ў 2030-м будуць ужо іншыя персанажы. І пад гэта будзе выбудоўвацца нейкая новая, іншая палітыка.

Але, нават калі і так, то гэта зусім неабавязкова будзе азначаць аслабленне рэпрэсій. Бо пра гэта кажа папярэдні досвед. Калі памятаеце, такія размовы ўжо былі. І ў 2022-м, калі казалі, што Лукашэнка правядзе рэферэндум і пасля гэтага супакоіцца. Не супакоіўся — рэпрэсіі не зменшыліся.

І падчас сёлетніх выбараў у парламент былі такія размовы: вось яны правядуць кампанію, атрымаюць тое, чаго хацелі, і ўсё неяк сцішыцца. Не сцішылася — усё працягваецца дагэтуль. Тое самае зараз кажуць пра 2025 год. А ўласна з чаго ім змяншацца?

Адзіны момант — я бачыў не ў адным праўладным тэлеграм-канале меркаванне, што тэрмін даўніны на падзеі 2020-га складае пяць год. А пяць год — гэта акурат 2025-ты. І мы бачым, што вельмі многія крымінальныя справы, якія цяпер адкрываюцца, датычаць удзелу ў пратэстах 2020-га.

Магчыма, пройдуць гэтыя пяць гадоў і гэты сегмент адыдзе ў мінулае. Прынамсі паводле гэтых эпізодаў саджаць людзей не будуць. Але гэта толькі гіпотэза, толькі размовы. Не выключана, што такія публікацыі пра тэрмін даўніны — гэта нейкае заманьванне часткі грамадства. Маўляў, мы можам і па-харошаму. Калі-небудзь.

Я б не рабіў на гэта стаўку. Паўтаруся, ёсць досвед 2022 года, калі вяліся падобныя размовы. І 2024-га, калі ні выбары ў парламент, ні фармаванне УНС ніякіх істотных зменаў у палітыцы не выклікалі.

А сёлета былі і справы Каардынацыйнай рады і «аналітыкаў Ціханоўскай», і пераслед за дапамогу палітвязням, і далёка шырока пайшла канфіскацыя маёмасці, чаго раней не было.

Таму я б устрымаўся ад спадзеваў на тое, што ў 2025-м Лукашэнку пераабяруць і ён супакоіцца.

Баюся, што хутчэй не, чым так. Тут прасцей і лагічней прагназаваць паводле трэндаў. Нейкага механізму ўнутры сістэмы, які б працаваў на змены, я, напрыклад, не бачу. У дадзеным выпадку трэба аддзяляць нашыя жаданні і чаканні ад рэалістычнага прагнозу.

Гэта можа адбывацца, калі працуе пэўны механізм, а яго не бачна. Бачныя зусім іншыя тэндэнцыі. Не працуе такая штука, як «абставіны прымушаюць». Іх абставіны ні да чаго не прымушаюць.

Эканоміка расце. Можа, яна і абрынецца, а можа, і не. Расія дапамагае, рэсурсы ў яе ёсць — можа, пакуль, а можа, і доўга яны будуць. І таму сітуацыі «калі мы не спынім рэпрэсіі, то ў нас ўсё абрынецца» пакуль няма.

Такога механізму няма. Магчыма, дарэчы, яны працягвалі б рэпрэсіі і тады, калі б гэты механізм працаваў. Умоўна кажучы, калі б было нейкае эканамічнае зніжэнне. Але яго няма. А таму дзеля чаго? Калі глядзець на сітуацыю іхнімі вачыма.

Ну, і да таго ж, той сюжэт, які мы з вамі разабралі. Мы даслалі сігнал, а нас паслалі ў адказ на тры літары. Ну, тады мы не будзем слаць сігналы. Альбо яны будуць іншыя. Яны так гэта бачаць.

— Улады прызналі экстрэмісцкім тэлеграм-канал «За Союзное Государство Беларуси и России», які вёў былы карэспандэнт Regnum Сяргей Шыптэнка. А яшчэ раней пад раздачу трапілі некалькі прарасійскіх актывістаў з рэгіёнаў. Ці варта чакаць паўтарэння справы рэгнумаўцаў? Наколькі далёка гэта можа зайсці?

— Вельмі далёка — наўрад ці. Да крымінальных спраў дойдзе наўрад. Так, ёсць пэўны супрацьрух, прыгадаем кампанію ў расійскіх тэлеграм-каналах у часе курскай аперацыі ўкраінскіх войскаў. Маўляў, Лукашэнка здаў фронт, украінцы перакінулі сілы, гэта ён вінаваты.

Што яго ўсе аблізваюць, гэта не зусім так. Ёсць гэтыя думкі, заявы пра тое, а чаму Беларусь не ваюе, што яна недастаткова Расію падтрымлівае. Але мэйнстрым — гэта тое, што Лукашэнка саюзнік, і ці не адзіны саюзнік. Ордэн выдалі, на саміце СНД дазволілі зрабіць галоўную справаздачу.

І таму, я думаю, пад шумок таго, што Расія амаль на ўсё дае карт-бланш, было вырашана, што можна трошкі прыціснуць гэтых байцоў. Каторыя, у прынцыпе, уяўляюць пагрозу ўладзе Лукашэнкі.

Але тут вытрымліваецца пэўны баланс. Я не думаю, што іх будуць нішчыць гэтаксама, як нішчаць тытульную апазіцыю. Ім фактычна шчоўкнулі па носе. Паказалі, што межы ёсць. Дарэчы, тое самае мы бачылі і на нядаўніх выбарах у «палату».

Калі людзі кшталту Бондаравай нейкім цудам праляцелі. І тут зразумела, якім менавіта цудам — іх проста не прапусцілі. Наступная стадыя — і вашыя інфармацыйныя магчымасці мы таксама крышачку прыціснем. Прычым, вядома даўно, што гэтыя інфармацыйныя магчымасці сілкуюцца з Масквы. І, тым не менш, мы іх усё адно крышачку прыціснем.

Масква розная, шматаблічная. Нейкая Масква, дарэчы, судзіць Суздальцава. Расійскага грамадзяніна, аматара «спецыяльнай ваеннай аперацыі». Ну і што? А вось можна судзіць і яго, з падачы беларускай амбасады. Я не думаю, што яго пасадзяць на нейкі рэальны тэрмін. Але таксама шчоўкнуць па носе, каб нагадаць, што межы ёсць.

Таму я б не стаў разлічваць на тое, што гісторыя з блакіроўкай гэтага канала стане пачаткам нейкай больш шырокай кампаніі. Але межы ім пакажуць, ужо паказалі. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(5)