Филин

Наталля Север

Дракахруст: «Увогуле дзіўна, што Беларусь у вачах Трампа аказалася значнай. Хай і як «пабочны эфект»

Роля Лукашэнкі ў мірных перамовах, хто з паслоў яшчэ можа прыехаць ў Мінск, як зменіцца расклад дэмакратычных сілаў і ці наблізіліся мы да вяртання дадому. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст распавёў Филину пра тое, якія падвёў вынікі году.

Фота з Facebook Юрыя Дракахруста

— З галоўных падзей мінулага году, якія б я выдзеліў, гэта, безумоўна, вызваленне многіх палітвязняў, каля 300 чалавек, у тым ліку знакавых асобаў-герояў 2020 году. Ціханоўскі, Бабарыка, Калеснікава і іншыя — гэта людзі, з якімі ў свеце атаясамляецца 2020 год. Напэўна, гэта галоўная падзея для Беларусі гэтага года. Да гэтага не было і такой колькасці вызваленых, і такіх фігур.

З сусветных падзей я б адзначыў пачатак мірных перамоваў, якія шмат хто крытыкуе і абвінавачвае Трампа ў тым, што ён хоча капітуляцыі.

Але гэта ініцыятыва з’явілася сёлета, набыла пэўны размах і зараз усе факусуюцца менавіта на яе, абмяркоўваюць, спрабуюць карэктаваць, і ніхто не гаворыць, што не трэба нам ніякіх перамоваў.

І пэўную ролю ў гэтым адыгрывае Лукашэнка. Прынамсі амерыканскі бок пра гэта абвяшчае, нядаўна Коўл у Мінску так і заявіў: «Ён дае нам добрыя парады». Што там за парады, не ведаю.

У гэтым кантэксце важныя амерыканскія крокі — і ў бок змякчэння санкцыяў, і ў бок фактычнага прызнання Лукашэнкі. Так, пакуль не адбылося адкрыцця амбасады, але былі адпаведныя твіты на яго адрас, нават падарункі і пажаданні з днём нараджэння.

Як бы хто гэта ні ацэньваў, але калі казаць пра вынікі гэтага года, гэта абавязкова трэба адзначыць. Бо нічога падобнага з 2020 года проста ўявіць сабе было немагчыма. Гэта беспрэцэдэнтна.

У гэтым праявілася ў тым ліку новая палітыка Трампа, новае бачанне свету, якое ён увасобіў у сваёй Стратэгіі нацыянальнай бяспекі, якая была апублікаваная напрыканцы года. І новыя адносіны з Мінскам цалкам у яе ўпісваюцца.

«Гэта не азначае, што заўтра спадар Туск, ці спадар Наўроцкі прыедуць да Лукашэнкі і падораць яму запанкі»

— Вы ўзгадалі легітымнасць Лукашэнкі. Акрамя адносін з Трампам, яшчэ ў гэтым годзе ён зрабіў некалькі замежных візітаў, дзе яго прымалі як легітымнага кіраўніка. З іншага боку, Еўразвяз працягваў уводзіць санкцыі.

— Справа ў тым, што з «дальняй дугой» у яго ўвесь час у прынцыпе былі нармальныя адносіны. Гэтыя краіны наогул не звярнулі ўвагу на 2020 год.

Тут можна сказаць, што ў яго ў пэўным сэнсе з Кітаем адносіны не тое, каб палепшыліся, а ўзмацніліся, паглыбіліся. Але прарываў не было. У 2024 годзе было ўступленне ў ШАС, у 2025 такіх падзей не было.

Хтосьці казаў пра нібыта пераключэнне Беларусі на Кітай, пра тое, што ён стаў «новым старэйшым братам» замест Расіі. Не, не стаў. Калі ўзяць эканамічнае супрацоўніцтва, параўнаць таваразварот, то з Расіяй ён у шмат разоў большы. У гэтым сэнсе моцнага прасоўвання не адбылося.

А што тычыцца легітымнасці, то так, яна ў пэўнай ступені з’явілася ў адносінах са Злучанымі Штатамі. Але яе няма ў адносінах з Еўропай.

Хаця і тут мы бачым нейкія крокі: у 2023 годзе прыехала амбасадар Вугоршчыны, сёлета на канферэнцыю, якую ладзіў Лукашэнка, прыязджаў міністр замежных справаў гэтай краіны.

Таксама прыехаў амбасадар Славаччыны. Прычым гэта той самы Ёзэф Мігаш, які ў 2020 годзе зрабіў дэмарш, прыйшоў на святкаванне 9 траўня Дня перамогі, за што пасля зышоў у адстаўку. Лукашэнка яго тады ўзнагародзіў ордэнам. І гэты чалавек зараз вярнуўся ў Мінск.

Гэта не мяняе палітыку Еўразвязу ў цэлым, можна сказаць, толькі дзве ластаўкі, якія не робяць вясну, але яны прыляцелі.

Пакуль назіраюцца розныя адносіны з Польшчай і Літвой. Польшча перакрывала мяжу, але адкрыла, таксама адкрыла яшчэ два памежных перахода, якія былі зачынены некалькі гадоў.

Літва таксама закрывала і адкрывала пункты пропуску, але з Літвой крызіс працягваецца, ён яшчэ не вырашаны.

Між тым адкрыццё Польшчай двух пунктаў не азначае, што заўтра спадар Туск, ці спадар Наўроцкі прыедуць да Лукашэнкі і падораць яму запанкі, але прынамсі зроблены крок у накірунку нейкага пашырэння адносін.

Хаця, з іншага боку, я падлічыў, што ў гэтым годзе было прынята 5 пакетаў санкцый Еўразвязу адносна Беларусі, 4 — у звязку з Расіяй і яшчэ адзін, які датычыцца непасрэдных удзельнікаў выбараў і фальсіфікацый. Такой інтэнсіўнасці не было ні ў 2023, ні ў 2024 годзе. Такіх хадоў было шмат, можа, толькі ў 2022 годзе.

Вось такія розныя напрамкі — Еўразвяз узмацняў санкцыйны ціск, Злучаныя Штаты яго аслаблялі. Захад разыходзіцца, як бы ператвараецца ў двух асобаў з рознымі курсамі.

— Калі рабіць асцярожны прагноз, які курс можа пераважыць, ці, можа, бакі змогуць дамовіцца наконт Беларусі?

— Складана сказаць. Некаторыя прадказваюць, што Еўропа ўсё ж пойдзе ўслед за Злучанымі Штатамі. Магчыма толькі больш асцярожнымі, больш павольнымі крокамі.

Некаторыя краіны могуць гэта зрабіць з палітычных меркаванняў, з салідарнасці, нехта як здзелку. Напрыклад, у той жа Літве ўжо гучаць галасы, што мы маглі б адкрыць калідор для беларускіх калійных угнаенняў, калі Злучаныя Штаты ўмацуюць вайсковую групоўку, якая знаходзіцца ў Літве.

Паглядзім, якімі будуць наступствы пакуль аднабаковага жэсту Польшчы. Мяркую, што ў адказ могуць быць і крокі з боку Мінску. Я маю на ўвазе вызваленне Анджэя Пачобута, магчыма, яшчэ нешта.

У Чэхіі ў гэтым годзе адбыліся выбары. Прыйшлі да ўлады іншыя сілы, скажам, вельмі падобныя на тыя, якія ў 2023 годзе прыйшлі да ўлады ў суседняй Славаччыне.

Андрэй Бабіш, канешне, не Орбан, але я не выключаў бы, што ў наступным годзе ці пазней і амбасадар Чэхіі прыедзе ўручыць даверчыя граматы Лукашэнку. Пакуль ва ўладзе ў Чэхіі былі іншыя людзі, гэтага не прадбачылася. А цяпер гэта імаверны прагноз.

«Я параўнаў дзве лічбы — сярэдні заробак у канцы 2024 года і зараз — і лічбы ўражваюць»

— Давайце крыху пагаворым пра дэмакратычныя сілы. Якія заўважныя змены адбыліся ў дэмакратычным руху, ці ўзмацняць яго вызваленая актывісты, на вашу думку?

— Пакуль невядома, якімі будуць дзеянні Бабарыкі і Калеснікавай, але тыя крокі, якія яны ўжо зрабілі, нейкія заявы, сведчаць хутчэй аб тым, што яны не ўстануць у шыхт структураў, якія існуюць, таго ж Офісу Ціханоўскай, Аб’яднанага кабінету і Каардынацыйнай Рады.

Яны не абавязкова прыйдуць з імі ў клінч. Магчыма, будзе дасягнуты мірны падзел, паразуменне, але гэта новыя фактары, новыя асобы, новыя лідары.

Дзесьці з 2024 года ўтварыўся нейкі другі цэнтр, акрамя пералічаных інстытуцый, я маю на ўвазе фракцыю Ягорава, групу Кавалеўскага, каманду Бабарыкі, чыім спікерам быў Іван Краўцоў.

І вось, здаецца, названым мною новым фігурам, а таксама Уладзіміру Мацкевічу, мяркуючы па яго заявах, бліжэй як раз гэта кола Ягорава-Кавалеўскага-Краўцова.

У той жа час Бяляцкі і Севярынец, здаецца, могуць далучыцца да больш структураванай апазіцыі, назавём гэта так, тыя ж Офіс, Кабінет.

Пры гэтым увесь час трэба рабіць заўвагу, што размова ідзе пра палітыку ў эміграцыі. Якая ў каго можа быць камунікацыя з людзьмі ў Беларусі, а там пераважная частка, вельмі складана сказаць.

Ці змогуць гэтыя асобы змяніць сітуацыю ў Беларусі, ці змогуць яны хаця б наладзіць якую камунікацыю, я не ведаю.

Працэсы, якія адбываюцца ў краіне, для нас у большасці як «чорная скрыня». Напрыклад, мы бачым з’яўленне новых постацяў ва ўладзе, у 2024 годзе зайшлі Круты і Пяткевіч, у гэтым —Турчын.

Гэта ўсё ж не Галоўчанка. Калі ўзгадаць, раней у яго былі такія асцярожна рынкавыя погляды. Але меркаваць, што ён зладзіць рэформы Бальцэровіча ці Эрхарда пакуль не выпадае. Прынамсі тое, што было агучана на УНС, я бы не назваў нейкім прарывам ці мадэрнізацыяй.

Гледзячы па ўсім, Турчын аслабіў кантроль над цэнамі, і гэта мера ў прынцыпе станоўчая. Тым больш, што ў гэтым годзе ўсе ўбачылі, да чаго гэта прыводзіць, калі ў Беларусі знікла бульба.

Але, паўтару, перадумоваў для сур’ёзных рэформаў не бачу. Напрыклад, я параўнаў дзве лічбы — сярэдні заробак у канцы 2024 года і зараз — і лічбы ўражваюць.

Год таму — 649 долараў, у канцы 2025 года — 917 долараў. Пра якія рэформы можна казаць у такой сітуацыі, дзеля чаго? Так, некаторыя эканамісты прадказвалі абвал, маўляў, расійскі рынак закрыўся і г.д. Ну вось вам і абвал. Думаеце, людзі гэтага не адчуваюць?

«Гэтыя наступствы, з аднаго боку, умацоўваюць Лукашэнку, з іншага, яны могуць умацоўваць і беларускі суверэнітэт»

— Падводзячы вынікі году, якую падзею вы б назвалі самай станоўчай, а якую негатыўнай?

— Станоўчая, безумоўна, вызваленне палітвязняў. Хтосьці можа сказаць, што за гэта выплачаная неадпаведная цана, і не з маральнага пункту гледжання, а з палітычнага. То-бок аслабленне санкцый, тое ж прызнанне, усе гэтыя «паважаны прэзідэнт» — гэта ўмацоўвае Лукашэнку.

Ёсць такое меркаванне. Я яго не падзяляю. Я кажу: добра, што людзей вызвалілі, у тым ліку і значныя фігуры. А наступствы аслаблення ціску на рэжым — насамрэч доўгая спрэчка.

Бо вынікам гэтага і ціску, і санкцыяў, акрамя ўсяго іншага, стала і паглыбленне залежнасці Беларусі ад Расіі, і рост антызаходніх настрояў у Беларусі.

Таму гэтыя наступствы, якія як бы, з аднаго боку, умацоўваюць Лукашэнку, з іншага, у пэўнай ступені яны могуць умацоўваць і беларускі суверэнітэт, і, адпаведна, празаходнія інтарэсы ў Беларусі.

Але ёсць і проста гуманітарны погляд — людзі былі ў турме і выйшлі на волю.

Што тычыцца негатыўных падзей — у цэлым сітуацыя ў Беларусі, калі казаць пра правы чалавека, застаецца вельмі кепскай. Працягваюцца і новыя арышты, і новыя рэпрэсіі.

Арышты і па адной з самых гучных спраў — «Справе Гаюна», і па справах ледзь не 2020 году. Для мяне асабліва балючым стаў прысуд Яўгену Краснянскаму, сацыёлагу, якога асудзілі за апытанне па кавіду, праведзенае ў 2020 годзе. І чалавека пасадзілі на 7,5 гадоў. Гэта проста нейкі жах.

Я ўжо не кажу пра ўсе гэтыя спісы — і «экстрэмісцкіх фармаванняў», і забароненых арганізацый. Там каток як каціўся, так і коціцца.

У гэтым сэнсе, акрамя вызвалення палітвязняў, зменаў няма. І калі параўноўваць, напрыклад, з перыядам адлігі пасля 2006 ці 2010 году, тады ўсё ж такі адбывалася нейкае аслабленне хваткі па ўсіх кірунках: нешта і медыя дазвалялі, нейкія масавыя акцыі былі і г.д.

А зараз ідзе адваротная тэндэнцыя. Можа будзе нешта адбывацца ў 2026 годзе. Хацелася б у гэта верыць. Аднак пакуль ніякіх прыкметаў не бачу, і гэта самае кепскае.

— То-бок не наблізіліся мы на нашым шляху да дому?

— Наблізіліся ў тым сэнсе, што людзей вызвалілі. Гэта значны крок, не важна, пад ціскам-не пад ціскам. Гэта добрыя змены. Яны і арыфметычна вымяраюцца, і выразныя ў параўнанні з тым, што было.

У мінулым годзе вызвалілі дзесьці каля 200 чалавек, у гэтым — каля 300, а ў пазамінулым 2023-м увогуле нікога не вызвалілі. Таму нейкую пазітыўную дынаміку я фіксую.

Я таксама фіксую, што тычыцца колькасці палітвязняў. Па справаздачы «Вясны», на 31 снежня 2024 года іх было 1265 чалавек, зараз — 1131. Гэтыя людзі застаюцца за кратамі. Вось такі арыфметычны вынік.

Будзем спадзявацца на тое, што ў наступным годзе гэтая лічба значна паменшыцца. Між тым Коўл казаў, што гэта магчыма — вызваленне тысячы ці нават усіх.

І ўсё ж, мяркую, не будзе паўтарэння 2015 года, у тым сэнсе, што не чакаю аслаблення гэтай хваткі ў другіх сферах. Зусім не факт, што Злучаныя Штаты будуць дамагацца, напрыклад, таго, каб паменшыць лічбу «экстрэмісцкіх фармаванняў».

Палітвязняў можна паказаць свету, там людзі натуральна кажуць «дзякуй» Трампу. А, умоўна, колькасцю «экстрэмісцкіх фармаванняў» не пахвалішся.

— Сумняюся, што ён наогул нешта ведае пра гэта.

— Гэта толькі мы ўсё разумеем, а свет, на жаль, не. Гэта ніжэй за радары. У гэтым сэнсе ўвогуле дзіўна, што Беларусь у вачах Трампа, чалавека, далёкага ад маралістычнага падыходу ў палітыцы, аказалася значнай. Хай і як «пабочны эфект».

Але колькі, напрыклад, палітвязняў у Кітаі, Азербайджане, Турцыі, Егіпце, нават у Расіі, з якой Трамп вядзе перамовы. Іх лёс хоць неяк фігуруе, хоць у якасці пабочнага эфекту?

А Беларусь аказалася ў эпіцэнтры. І ў гэтым сэнсе, можна сказаць, што Беларусі пашанцавала. У адносінах з Трампам гэта аказалася важным, хай і сто раз пабочным. Больш нідзе палітвязні не сталі тэмай для размовы ні з кім.

Таму трэба дзякаваць Богу за такі «пабочны эфект» і не забываць, што свет вялікі і вельмі жорсткі, значна больш жорсткі, чым нам здавалася ў 2020 годзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(6)