Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Украінская аперацыя супраць Беларусі можа падштурхнуць Маскву да мабілізацыі

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину – пра заяву ўкраінскага МЗС датычна беларускіх войскаў на мяжы.

Юрый Дракахруст

— Маніторынгавыя групы сцвярджаюць, што пагрозы нападу на Украіну з боку Беларусі на дадзены момант няма. І сіл недастаткова, і войскі цяпер размешчаныя не на самай мяжы. То чаму менавіта цяпер з’явіўся гэты заклік украінскага МЗС «не рабіць трагічных памылак пад ціскам Масквы»? Ці можа гэта быць звязана з падзеямі ў Курскай вобласці Расіі?

— Безумоўна, звязана. Справа ў тым, што неўзабаве пасля таго, як аперацыя ЗСУ ў Курскай вобласці пачалася, Лукашэнка заявіў пра атаку ўкраінскіх дронаў. З-за чаго, нібыта, Беларусь была вымушаная ізноў вярнуць пэўны кантынгент на мяжу з Украінай.

Гэта ён потым падцвердзіў у вялікім інтрэрв’ю расійскаму тэлеканалу. Тады, дарэчы, украінскі бок заявіў, што не назірае перасоўвання вялікіх вайсковых злучэнняў на мяжу.

Цяпер Кіеў прызнае, што пэўную колькасць войскаў да мяжы беларусы перавялі.

Чаму з’явілася такая рэзкая заява? Магчыма, гэта форма стрымлівання ад нейкай правакацыі. Так, сілаў у беларускага боку не так і шмат, нейкі паўнамаштабны наступ яны наўрад ці могуць учыніць.

Але, калі глядзець на гэта вачыма ўкраінскага боку, можа быць выпадковы стрэл, рэйд дыверсійнай групы, атака дронаў з беларускай тэрыторыі. Украіна дасць адказ і Беларусь у выніку можа аказацца ўцягнутай у канфлікт.

І таму, магчыма, гэтую заяву ўкраінскага МЗС можна расшыфраваць так: вось гэтага вы лепш не рабіце, бо будзе кепска.

Я не думаю, што гэтая заява азначае тое, што ўкраінцы ацэньваюць такі сцэнар, як вельмі імаверны. Магчыма, што і не. Але тое, што яны гэтага не выключаюць, гэта безумоўна.

Акрамя таго, зразумела, што ўкраінцаў не радуе, мякка кажучы, нават такая канцэнтрацыя беларускіх войскаў на мяжы. Бо нават яна стварае матывацыю мацаваць сваю мяжу. Магчыма, перакідваць нейкія сілы.

Лукашэнка кажа, што там 120 тысяч украінцаў стаіць. Я не ведаю, ці так шмат іх там насамрэч. Варта прыгадаць, што ўсё беларускае войска налічвае 60 тысяч. Так што прамога баланса тут быць не можа.

Але зразумела, што такі жэст беларускага боку можа выклікаць неабходнасць дадатковай канцэнтрацыі сілаў, што можа стаць ускосным ударам па ўкраінскай абароне. Бо гэта азначае, што гэтыя сілы аднекуль трэба перакідваць. Ці то з фронта, з-пад Пакроўска, дзе абарона трывае, ці з-пад Курска.

І ўсё ж мне падаецца, што ў Кіеве разумеюць, што гэта хутчэй дэманстрацыя, чым падрыхтоўка да правакацыі, да ўварвання і адкрыцця яшчэ аднаго фронта. Але, паколькі войскі былі сканцэнтраваныя, такое папярэджанне было зробленае: не рабіце так, іначай будзе кепска.

— Аналітыкі звяртаюць увагу на фактычную невыканальнасць патрабаванняў Кіева: адвод войскаў на адлегласць, што перавышае дальнасць дзеяння сістэм агню азначае, што ім трэба адыйсці паўночней Мінска. Пра што гаворыць гэты момант, які сігнал ён дасылае кіраўніцтву Беларусі?

— Адназначнага адказу на гэтае пытанне ў мяне няма. Але мне чамусьці здаецца, што гэта ўсё ж рыторыка, а не ўльтыматыўнае патрабаванне. Бо ў тым дакуменце не сказана, што будзе, калі беларусы адвядуць свае войскі, або не зробяць гэтага.

Там жа не сказана, што вы адводзіце свае войскі, а мы адводзім на сотні кіламетраў свае. Не, там сказана: вы мусіце адвесці свае войскі. Вы павінны гэта зрабіць. У рэшце рэшт, Беларусь — суверэнная краіна, дзе і як размяшчаць свае ўзброеныя сілы — гэта, калі аб’ектыўна, яе справа.

Тым больш, што тут няма ўзаемнасці — вы адводзіце і мы адводзім. Гэта наўрад ці магчыма, бо абарона на ўкраінскім баку даўно падрыхтаваная, створаныя мінныя палі.

З другога боку, у дакуменце нічога не сказана, што будзе, калі беларусы не адвядуць войскі. Калі не, то што? Што будзе далей? У сённяшняй сітуацыі ўяўляецца малаімавернай сітуацыя, калі ўкраінцы агучваюць такое пажаданне, якое па сутнасці з’яўляецца ўльтыматумам, беларусы войскі не адводзяць і ўкраінскі бок пачынае наступ.

Толькі таму, што Беларусь на сваёй тэрыторыі размясціла свае войскі там, а не там. Мне вельмі сумеўна, што так будзе зроблена. Хоць не выключаю, што могуць быць розныя настроі, розныя планы. У рэшце рэшт, хто вось так чакаў, напрыклад, курскую аперацыю?

Тэарэтычна гэтая заява МЗС можа быць ультыматумам. Але я не думаю, што гэта менавіта ён. Бо тут усе аргументы вядомыя. Гэта адкрыццё новага фронту. Невядома, ці ёсць на гэта заходнія дазволы.

Думаю, што па дэфолце дазвол на дзеянні на тэрыторыі Расіі, у тым ліку і ў Курскай вобласці, былі дадзеныя. А ў Беларусі? Тут можна прыгадаць словы нефармальнага прэс-сакратара Банкавай Падаляка.

Ён вельмі дакладна падкрэсліваў: у нас вайна з Расіяй, з Беларуссю ў нас няма вайны. І мы яе весці не будзем. Так што, прад’явіць ультыматум і пачаць гэтую вайну будзе азначаць кардынальную змену папярэдняй палітыкі. Я не думаю, што яны гэта зробяць. Але я магу памыляцца, вядома.

— Курскі паход ЗСУ працягваецца ўжо тры тыдні. Зразумела, пакуль невядома, чым усё скончыцца. І тым не менш, мы маглі пабачыць рэальную здольнасць Расіі рэагаваць на падобныя выклікі. Якую выснову з гэтых падзей для сябе мог зрабіць Лукашэнка? 

— Думаю, ён мог зрабіць розныя высновы. Адна з іх — ваеннае шчасце пераменлівае, яно незаўсёды ідзе ў адзін бок. Калісьці расейцы высаджваліся ў Гастомелі, вялі баі ў Кіеве. А потым іх выбівалі з Ізюма і Херсона. Потым украінскае войска наступала на Запарожжы, той наступ меў не надта вялікія поспехі.

А потым расейцы Бахмут бралі, сёння штурмуюць Пакроўск. І зараз украінскія войскі ўвайшлі на расійскую тэрыторыю. Усё гэта азначае, што на вайне па-рознаму бывае.

І таму, магчыма, Лукашэнка думае, што прывязвацца толькі да аднаго сцэнара завяршэння гэтай вайны яму не варта. Што варта пралічваць таксама іншыя варыянты. А што, калі будзе нічыя? Ці нават нейкая параза Расіі?

Натуральна, без парада ЗСУ па Краснай плошчы, але, напрыклад, перамога як у Афганістане. Маджахеды ж не бралі Маскву тады, але Савецкі Саюз прайграў тую вайну.

Таксама Лукашэнку можа цікавіць тое, як Масква гэта ўсё ўпакоўвае. Тэарытычна там маглі ўспрыняць гэта як новую фазу вайны, кардынальна новую. То бок, «на русскую землю напали» і цяпер гэта «война народная, священная война», як у той песні спяваецца.

І таму рускаму народу трэба ўзняцца, патрэбная мабілізацыя. У межах такога дыскурсу лагічны зварот да саюзнікаў, да бліжэйшага з іх, з нагоды нападу на Саюзную дзяржаву. Яна, канечне, больш віртуальная, і тым не менш. І такі сцэнар быў бы для Лукашэнкі цяжкім. Гэта не значыць, што ён не здолеў бы выкруціцца. Але яму тут было б складана.

Але расейцы ў дадзеным выпадку ўжылі слова «вылазка». І абвесцілі супраць яе контртэрарыстычную аперацыю. Маўляў, няма ніякага нападу, а так, нейкая нязручнасць на мяжы. Адпаведна, гэта не прадугледжае звароту да саюзнікаў: давайце, усе разам на абарону.

На мінулым тыдні досыць незаўважнай прайшла заява спікеркі расійскага МЗС Захаравай. Яна сказала, што мы ўдзячныя беларускаму МЗС, які гнеўна асудзіў дзеянні ўкраінцаў. І дзякуй Беларусі, што яна прыкрывае спіну Расіі.

Усё, кропка. То бок, няма ніякага «на рускі народ напалі, а што там беларусы?». Фактычна, Масква паўтарыла беларускі дыскурс. Мы абараняем расейскую спіну, усе астатныя накірункі. Мы трымаем мяжу і асуджаем украінцаў. Усё, мы сваю справу зрабілі.

Прынамсі пакуль стаўленне расейцаў да ролі Беларусі, у тым ліку і ў межах гэтага дыскурсу наконт «вылазкі» акурат такое: на вылазку нам не патрэбная дапамога.

А ці мог Лукашэнка ўбачыць у гэтых падзеях небяспеку для сябе асабіста? Пагрозу таго, што ў вырашальны момант у Масквы не хопіць сіл ці жадання бараніць яго?

— Па-першае, я думаю, што ён даволі нізка ацэньвае такую імавернасць. Па розных прычынах. Гэта было і так зразумела ўсім, але ён гэта прагаварыў у апошнім інтэрв’ю расейскаму журналісту: пэўная камунікацыя з Кіевам на ўзроўні спецслужбаў ёсць.

Канечне, элемент нечаканасці ў любым выпаку захоўваецца. Але пры гэтым і элемент прагназаванасці ёсць. Ёсць, зразумела, інфармацыйная вайна, нейкая рыторыка. А ёсць няпросты дыялог: чаго вы насамрэч хочаце? Дзе тая чырвоная лінія, што мы мусім зрабіць ці не зрабіць, каб вы не напалі?

Акрамя таго, Лукашэнка ўлічвае чыннік, на які многія ўказваюць: эскалацыя канфлікта пашырыць яго на новую краіну. Ці пойдуць на яе ўкраінцы, навошта ім гэта патрэбна?  

Якая пры гэтым будзе пазіцыя заходніх сталіцаў, ці будуць там гэтаму радыя? Хутчэй не, чым так. Аб’ектыўны аналіз не кажа пра імавернасць такога сцэнара.

Што тычыцца рэальных дзеянняў, то, магчыма, Лукашэнка лічыць, што шматлікімі манеўрамі і вучэннямі войскі неяк падрыхтавалі.

Нядаўна ў Генштабе заявілі пра падрыхтоўку тэрабароны, што пры магчымым наступе ўкраінцаў кожная вёска будзе страляць. Не факт, канечне, але і такая думка ў іх ёсць. 

Не выключана, што ў Мінску разлічваюць на тое, што Беларусь расейцы будуць больш інтэнсіўна абараняць, чым Расію, як гэта не парадаксальна.

Разлічваюць на тое, што да дыскурсу «напалі на саюзніка» перайдуць хутчэй. Бо ў Расіі і так ідзе вайна. А ў межах вайны пэўную аперацыю ворага на сваёй тэрыторыі можна ўспрыяняць, як прахадны момант, вылазку.

Што тычыцца Беларусі, якая не ўдзельнічала наўпрост у баявых дзеяннях, а тут яны пачынаюцца, калі разглядаць гіпатэтычную сітуацыю, назваць гэта проста памежным інцыдэнтам не атрымаецца.

Гэта давядзецца інтэрпрэтаваць па-іншаму і Лукашэнку, і Маскве. І тады, як ні дзіўна, аперацыя супраць «Саюзнай дзяржавы» можа падштурхнуць Крэмль нават да правядзення мабілізацыі. Дзеля сябе то не, а вось для «братоў» так, бо расейскія інтарэсы… Магчыма, Лукашэнка і на штосьці такое разлічвае.

А можа разлік на запалохванне. Ну вось Пуцін кажа, што ядзерная кнопка ў Расіі, а Лукашэнка гаворыць, што ўсё складана. Тым больш, што размова ідзе пра тактычную зброю. Зразумела, што да кнопкі ад стратэгічнай зброі Лукашэнка не мае доступу.

А што тычыцца тактычнай зброі, то гаворка пра сакрэтныя пратаколы. Мы не ведаем, як яны працуюць. Самалёты на беларускай зямлі стаяць, пілоты падрыхтаваныя, боепрыпасы складзеныя на беларускай тэрыторыі.

Магчыма, і тут ёсць нейкая кнопка, якая толькі з Крамля актывізуецца, але гэтага ніхто не ведае. Як, дарэчы, мала хто ведае, як працуе nuclear sharing у краінах НАТА, у якіх размешчана амерыканская зброя. Там таксама формула вельмі няпростая.

І таму Лукашэнка і такім чынам спрабуе стрыміваць украінцаў. Маўляў, я ж хлопец такі: вы пойдзеце ў наступ, а я кнопку націсну. Так, вы ўсе можаце думаць, што я вас абдурваю, што гэта блеф. Але адкуль вам ведаць, што гэта менавіта так?

Блеф ці не, а можа мне Пуцін дазволіць націснуць на кнопку, калі вы пачнеце наступ?

Ён увесь час гаворыць пра гэтую зброю няпэўна. Ён ні разу не паўтарыў расейскую версію, якую прагучала 25 сакавіка мінулага года з вуснаў Пуціна: гэта расейская зброя, беларусы не маюць да яе ніякага дачынення.

Лукашэнка ўвесь час кажа: маўляў, ну так, гэта сумесная зброя. А як яна на беларускай зямлі, то чыя ж яна можа быць? І гэтак далей. Гэта спосаб стрымлівання. Уздзеяння на тых, у каго можа ўзнікнуць ідэя правесці нейкую аперацыю.

Думайце, ёсць у мяне тая кнопка ці няма. Націсну, або не? Вар’ят я ці не вар’ят. Расейцы кажуць, што гэта іх зброя. Дык яны заўсёды хлусяць. Як і ўсе астатнія. Таму хочаце верце мне, хочаце — не верце.