Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Сэнс паслання «вагнераўцаў» беларускім афіцэрам будзе — ваш бацька Пуцін, а не Лукашэнка»

Ці здолеюць расійскія найміты ўзламаць беларускі антываенны код.

У каментары Радыё Свабода кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі патлумачыў, чаму прапаганда аказалася няздольнай пахіснуць кансалідаванае нежаданне беларусаў, каб беларускае войска ўдзельнічала ў вайне.

Па словах прафесара, у гэтым пункце прапагандысцкі апарат сутыкаецца з магутнай перашкодай:

— Я б казаў: гістарычна эшаланаванай абаронай. Гэта цвёрдая гістарычная памяць беларусаў, якія праходзілі праз такую колькасць войнаў, праз якую не праходзіў амаль што ніводзін народ у рэгіёне. Мы ўсе ведаем пра Другую сусветную вайну, калі загінуў кожны трэці беларус.

Гэтую тэму Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

Юрый Дракахруст

— Ёсць меркаванне, што расійскія наёмнікі могуць перападпарадкаваць сабе беларускае войска, як гэта яны рабілі ў некаторых краінах Афрыкі досыць паспяхова. Ці ўдасца ім узламаць антываенны код беларусаў, пра які сведчыць чарговае апытанне Беларускай аналітычнай майстэрні?

— Тут, напэўна, варта было б паслухаць адмыслоўцаў, якія ведаюць пра настроі сярод вайскоўцаў. Але я думаю, што не. І не толькі антываенны код, але агулам беларускае ўяўленне пра сваю асаблівасць, пра сваю асобнасць ад расейцаў.

Гэта, насамрэч, бачна не толькі ў гэтым апошнім апытанні Вардамацкага, але ў шмат якіх іншых. У шмат якіх, дарэчы, жыццёвых сітуацыях мы гэта бачым, прынамсі, на ўзроўні грамадства.

Калі беларусы адчуваюць сапраўды станоўчы сантымент да Расіі, але да пэўнай ступені, да пэўных межаў. Распушчэнне ў расійскім моры, банальнае дапушчэнне пра тое, што «Белоруссия — это Россия», у дадзеным выпадку адно нетоесна другому.

Калі памер станоўчага сантымента да Расіі ў Беларусі вялікі, то тое ж ўяўленне, што мы «те же русские» значна меншае, яно ў разы падае. І так было заўсёды.

І яно шмат ў чым праяўляецца, у тым ліку і ў стаўленні да вайны. Я бы тут, напэўна, не згадзіўся з трактоўкай Вардамацкага, калі ён кажа пра антываенную пазіцыю беларусаў. Антываеннае пачуццё ці меркаванне — яно супраць любой вайны.

Вось калі б гаворка ішла пра сваю вайну, пра абарону сваёй дзяржавы, не факт, што беларусы былі б такія антываенныя.

Але іншая справа, што адносна менавіта гэтай вайны, і гэта таксама фіксуецца ў шматлікіх апытаннях, у беларускіх масах ёсць адчуванне, што гэта не іх вайна.

І тут гаворка не проста пра антываенныя пачуцці супраць ўсіх войнаў, а канкрэтныя пачуцці супраць чужой вайны, якая нас не датычыць. І ўстаноўкі большасці акурат такія.

Натуральна, што сярод беларускіх вайскоўцаў ёсць такія, што ўспрымаюць сябе часткай «русского мира», расійскага дыскурсу, а нават і часткай Расіі.

Мы чулі гісторыі пра некаторых беларускіх сілавікоў, у якіх у кабінетах вісіць партрэт Пуціна. Падобныя настороі трапляюць у публічную прастору, такое ёсць.

Але пытанне ў тым, што мы не можам вымераць маўчанне. Бо далека не ўсе так гавораць, не ўсе так думаюць. Адна справа — нейкі бачны пласт, з якога чуецца: «Да, мы тоже русские».

А калі размова ідзе пра глыбінныя рэчы (гэта наша вайна ці не наша?), то гэтая вонкавая рытарычная частка ў многіх сыходзіць, адпадае. І нават у людзей, якія за Лукашэнку. «Ён наш, а вайна не наша».

Я не думаю, што атрымаецца цалкам падпарадкаваць сябе вялікую частку беларускага войска, перавербаваць на свой бок. Хоць, зрэшты, я магу тут і памыляцца.

— То бок, тут можа атрымацца цалкам прагматычны разлік беларускіх уладаў: вы нас усяму патрэбнаму навучыце, а астатняе трымайце пры сабе?

— Так. Але я тут не надта ўпэўненены, што яны і вучыць нечаму будуць. Мяркуючы па заявах Прыгожына, размовы пра сталую прысутнасць «вагнераўцаў» у Беларусі не ідзе.

Беларусь, калі казаць флоцкай мовай, будзе «портам прыпіскі». Але я не думаю, што яны ў такой вялікай колькасці будуць заставацца тут. Іх ці на фронт перакінуць, ці ў Афрыку. Для кагосьці гэта бдзе перазменка, ратацыя.

Але тыя пяць, ці колькі тысячаў, я не думаю, што яны стала будуць сядзець у Беларусі. Бо непатрэбна ж столькі інструктараў. Ну і потым, калі будзе адбывацца той працэс, пра які некаторыя эксперты казалі, калі будзе бачна, што ідзе сістэмная праца, у першую чаргу з афіцэрамі, то я думаю, што беларускія ўлады на гэта будуць рэагаваць. І не думаю, што станоўча.

Паколькі гаворка ідзе пра персаналізацыю, то сэнс такога паслання «вагнераўцаў» беларускім афіцэрам будзе, акрамя ўсяго іншага: «Ваш бацька — гэта Пуцін, а не Лукашэнка». І я думаю, што яму такое не спадабаецца.

А сэнс тут можа быць толькі такі. «Вы — русские. А поэтому давайте делать наше русское дело вместе». Паколькі вушэй там будзе шмат, контрвыведка працуе, і калі гэта не абмяжуецца нейкай лекцыяй ці паездкай да дзяцей, а будзе бачная выразная ідэалагічная лінія, накіраваная на беларускіх афіцэраў, то Лукашэнка адрэагуе вельмі рэзка.

Ці іх проста папросяць гэтага не рабіць, ці прыдумаюць, куды іх збагрыць. Ёсць, натуральна, дамоўленасць, але яе скасаванне можна ідэалагічна абгрунтаваць.

Людзі там, як вядома, розныя. Нават у дэмакратычных краінах з чужымі войскамі могуць узнікаць праблемы. Можна, канечне, замятаць праблемы пад дыванок.

А можна наадварот рабіць гэта публічным, каб потым асабіста сказаць: «Хлопцы, канечне, харошыя. Але гэта ўжо занадта». Давайце іх, як кажа Прыгожын, накіруем у іншую юрысдыкцыю. Дамоў, у Афрыку ці Сірыю.

Інцыдэнты могуць і самі па сабе ўзнікаць, але пры патрэбе тут умеюць арганізаваць і штучна. Але гэта пад пэўнае палітычнае рашэнне.

Само па сабе гэта не будзе мець значэння, а вось калі будзе прынятае палітычнае рашэнне, што хлопцы парушаюць пэўныя чырвоныя лініі, то такой лініяй для іх стане беларуская мяжа.