Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Прапануючы замірэнне ва Украіне, Лукашэнка агучвае мары большасці беларусаў

Важныя падзеі апошніх дзён Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

— Што вас найбольш уразіла ў апошнім апытанні аналітычнага цэнтру Chatham House, прысвечаным стаўленню беларусаў да вайны ва Украіне і размяшчэнню расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

— Мяне найбольш уразіла тое, што розныя аспекты стаўлення беларусаў да вайны фактычна не змяніліся з сакавіка мінулага года. Гэта і тое, якую ролю павінна іграць сама Беларусь — дапамагаць таму ці іншаму боку канфлікту. Гэта і стаўленне да пазіцыі Расіі ў гэтай вайне.

То бок, як вайна пачалася, так і сфармаваліся пэўныя адказы на гэтыя фундаментальныя пытанні. І іх не змянілі ні баі ў Кіеве, ні падзеі ў Бучы, ні вызваленне ўкраінцамі Херсона.

Год таму, калі я пабачыў лічбы Chatham House, у мяне з’явілася свая гіпотэза пра тое, што з часам грамадская думка будзе разыходзіцца па краях. Але гэтага не адбылося, сітуацыя не змянілася. І, што вельмі важна, не змянілася стаўленне да ўдзелу Беларусі ў вайне.

Гэта самае істотнае ўражанне. Яшчэ адзін цікавы момант — стаўленне да размяшчэння расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Лічбы тут насамрэч таксама даволі стабільныя. Дадзеныя цікавыя тым, што частка апытанняў праводзілася ўжо пасля таго, як Пуцін пра гэта абвясціў.

У параўнанні з жніўнем мінулага году на 6% паднялася доля прыхільнікаў размяшчэння ядзернай зброі. Але насамрэч гэта вагаганні. Я паглядзеў дадзеныя за красавік мінулага году. Тады колькасць прыхільнікаў складала 23%, цяпер — 25%. Рост за год адбыўся ў межах памылкі рэпрэзентатыўнасці.

Такім чынам, 75% беларусаў выступаюць супраць гэтага. І, як можна меркаваць па выніках апытання, прыхільнікі ўладаў таксама пераважна супраць. Магчыма, не так катэгарычна, як праціўнікі ўладаў, сярод якіх супраць выступае больш за 80%. Але сярод тых, хто пераважна атрымлівае інфармацыю з прапагандысцкіх крыніцаў — і беларускіх, і расійскіх — супраць размяшчэння зброі 58%. Гэта значна менш, чым праціўнікаў, але адначасова гэта больш за 50%.

Нават пры ўсёй расійскай і беларускай прапагандзе ўсё роўна большасць супраць. І гэта вельмі важныя паказчыкі.

Зразумела, што ўлада недэмакратычнай краіны не абвязаная лічыцца з грамадскай думкай. Тым не менш, гэтая думка менавіта такая. І, магчыма, гэта ўсё будзе неяк уплываць на прыняцце рашэнняў.

Якім чынам? Тут ужо цяжка сказаць. Наўрад ці Пуцін даведаецца пра гэтыя лічбы і не стане размяшчаць зброю. Баюся, што будзе. Прынамсі, тое ці іншае рашэнне будзе залежыць не ад меркавання беларусаў.

— Ці можа так здарыцца, што колькасць прыхільнікаў размяшчэння зброі вырасце за кошт самой атмасферы ў краіне — скажонай інфармацыйнай прасторы, ціску прапаганды і банальнага жадання далучыцца да афіцыйнай пазіцыі?

— Я думаю, што лічба прыхільнікаў павялічыцца. Але не думаю, што кардынальна. Я ўжо прыгадваў лічбу, што характарызуе стаўленне беларусаў да ўдзелу ў вайне. Яна акурат не вырасла.

Пры ўсёй шалёнасці беларускай і расійскай прапаганды, яна ніяк не пахіснула стаўленне беларусаў да гіптэтычнага іхняга непасрэднага ўдзелу ў канфлікце.

Тут ёсць іншы прыклад — змена стаўлення беларусаў да ядзернай энергетыкі. Я памятаю, што ў 90-х і нулявых гадах выразная большасць была супраць.

І я бачыў апошнія апытанні, калі Астравецкая АЭС ужо была збудаваная, якія засведчылі, што доля прыхільнікаў павялічылася. Але мне падаецца, што зараз сітуацыя пяцьдзесят на пяцьдзесят. То бок, выразнай перавагі на карысць атамнай энергетыкі ніякай прапагандай дасягнуць не ўдалося.

Я мяркую, што і з ядзернай зброяй наўрад ці атрымаецца штосьці змяніць. А калі і атрымаецца, то тут важным фактарам стане не столькі прапаганда, колькі гіпатэтычнае размяшчэнне амерыканскай ядзернай зброі, напрыклад, у Польшчы.

Калі праграма Nuclear sharing распаўсюдзіцца на Польшчу, то, думаю, колькасць прыхільнікаў размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі істотна вырасце.

— Мяркуючы па рэакцыі ў сацсетках, многіх павесялілі сюжэты пра беларускую тэрытарыяльную абарону. Маўляў, што змогуць зрабіць у выпадку чаго ўсе гэтыя дзядзькі з піўнымі жыватамі, няхай сабе і ў ваеннай форме, і з «калашнікавымі». Ці ёсць тут нагода для жарцікаў у фэйсбуку?

— Можа гэта і смешная для кагосьці карцінка, але ў любой вайне ваююць і прафесіяналы, і звычайныя людзі. Мабілізаваныя, якія і праўда не надта малайцавата выглядаюць.

Я прыгадваю хронікі пачатку Другой сусветнай вайны, у тым ліку і ў Беларусі. Там былі і танкавыя часці, і войскі СС, і нямецкія парашутысты.

А былі і людзі на конях, на нейкіх павозках. Узброеныя простымі вінтоўкамі — не ў кожнага быў «шмайсер». Розныя людзі, па-рознаму ваююць. Але эфект дасягаецца масай, простая арыфметыка таксама мае значэнне.

Бо і з таго боку далёка не ўсе ўніверсальныя салдаты. Мы гэта бачым на прыкладзе сённяшняй вайны. І ва Украіне ёсць простыя мужыкі, хлопцы, якіх забралі з працы, падвучылі і далі ў рукі аўтамат.

Нейкую вайсковую сілу гэтыя пузатыя дзядзькі з Беларусі ўяўляюць. Іншая справа, што ўсё гэта грунтуецца на абсалютна вар’яцкім, як на мой погляд, уяўленні пра тое, што НАТА збіраецца напасці на нашу краіну.

А НАТА не збіраецца гэтага рабіць. Усякае можа быць, калі Беларусь усё ж ўцягнецца ў гэтую вайну. Хаця, досвед года вайны паказвае, прынамсі пакуль, што нейкія шырокамаштабныя дзеянні Украіна на тэрыторыі Расіі не вядзе.

Нейкія атакі адбываюцца, хоць Кіеў гэтага і не прызнае. Але каб была патрэба ў тэрытарыяльнай абароне, каб такім жа пузатым дзядзькам была патрэба змагацца, такога там пакуль не было.

І ў выпадку Беларусі, нават калі войскі і пойдуць, наўрад ці ўкраінцы будуць ажыццяўляць нейкія сухапутныя аперацыі на беларускай тэрыторыі. 

— Міністр замежных спраў Беларусі ў часе візіту ў Будапешт фактычна паўтарыў заклік Лукашэнкі да замірэння ва Украіне. Той самы, які па гарачых слядах аспрэчыў прэс-сакратар Крамля. Што гэта ўвогуле было, на вашу думку? Заява міністра Алейніка — гэта спроба самастойнай гульні беларускага рэжыму? 

— Хутчэй так, чым не. Ізноў жа, вяртаючыся да апытання Chatham House. Гэтым разам яны ўпершыню задалі пытанне «Як бы вы хацелі, каб вайна скончылася».

Частка адказала — перамогай Расіі, частка — перамогай Украіны. А частка адказала — каб бакі спыніліся проста зараз. Цікава тое, што за гэтую трэцюю опцыю, пры ўсёй яе нерэалістычнасці, выказался большасць.

Прычым мы тут узгадвалі градацыі аўдыторый — тых, хто супраць уладаў, і яе прыхільнікаў. Дык вось, нават сярод тых, хто супраць, калі не большасць, то ладная частка апытаных выступае за неадкладнае спыненне вайны. А сярод спажыўцоў праўладнай прапаганды — большасць.

І ў гэтым сэнсе Лукашэнка агучвае гэтую мару, летуценне большасці беларускага грамадства, ён патрапіў у гэты настрой. І я думаю, што адрасатам гэтага паслання найперш з’яўляецца беларускае грамадства.

Акрамя таго, гэта такі імідж, які крышачку павялічвае дыстанцыю паміж Лукашэнкам і Крамлём. У тым ліку ў вачах і нейкіх заходніх людзей. Для кагосьці гэта ўсё гульня, глупства і цырк. А для кагосьці і не.

Чалавек жа за мір выступае, ён жа не кажа, што рускія перамогуць і дойдуць да Кіева. Пяскоў сказаў, што нам гэта не падыходзіць, украінцы тое самае сказалі, а Лукашэнка тут такі ўвесь белы і пухнаты.

Сказаць, што гэта надта падзенічае на Захад? Не. Тут хутчэй проста плюсік у карму. А вось на частку беларусаў падзейнічае, бо мы бачылі вынікі апытання. Фактычна, ён паўтарае меркаванне значнай часткі грамадства.

Наколькі гэта рэалістычна? Гэтая частка грамадства падобнымі пытаннямі не пераймаецца. Вось яны захацелі так, а Лукашэнка гэта ўзяў і агучыў.

Расейцам гэта можа і не вельмі прыемна. Але яны махнулі рукой, маўляў, Лукашэнка робіць свой дробны піяр, няхай і робіць. Хоць, зрэшты, ёсць асобная цікавая тэма. У Расіі на гэты конт ёсць самыя розныя думкі.

Можна прыгадаць нядаўні артыкул Прыгожына (у ім стваральнік ПВК «Вагнер» заклікаў лічыць перамогай тое, што Расія ўжо здабыла — Ф). Вядома, ягонае прозвішча не Пуцін, але ён і не прадстаўнік традыцыйнай апазіцыі, гэта іншае кола, прадстаўнікі якога думаюць, як скончыць гэтую вайну.

І опцыя перамогі Расіі тут не адзіная, нават для такіх людзей, як Прыгожын. І ў гэтым сэнсе Лукашэнка можа штосьці наварыць на сваёй ідэі і на расійскіх прасторах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.4(7)