Дракахруст пералiчыў дэталі дэкрэта №1, у якіх хаваецца дʼябал

Палiтычны аглядальнiк – пра смерць і ўваскрашэнне дэкрэту №3.

— Розьніца паміж дэкрэтам № 1 і дэкрэтам аб дармаедах — найперш псыхалягічная, — кажа Юры Дракахруст на Радыё Свабода. — Характар «дармаедзкага збору» быў незразумелы людзям: я і так не працую, а зь мяне яшчэ спаганяюць грошы. На што, за што? Лёгіка (прынамсі, лёгіка, а не выкананьне) новага дэкрэту людзям больш зразумелая. Калі чалавек, нават беспрацоўны, ідзе ў краму, ён жа плаціць за хлеб, за малако. Але мэдыцына — гэта таксама даброта, паслуга. Гарачая вада ў хату, электрычнасьць, ацяпленьне — гэта таксама паслугі. Яны чагосьці каштуюць. Задавальненьня ад абавязку плаціць за гэтыя паслугі таксама ня будзе, але такі падыход людзям будзе больш зразумелы, чым абавязак плаціць дзяржаве «дармаедзкі» збор невядома на што і за што. За тое, што ў цябе няма працы, за тое, што ты на гэтай зямлі жывеш?

Ну і другі момант — гэта дэталі, у якіх, паводле ангельскага выслоўя, хаваецца дʼябал. Дэкрэт мае адсылачны характар — паводле дэкрэту грошы будуць спаганяць па сьпісе паслугаў, які яшчэ мусіць вызначыць урад. Калі гэта будзе ўвесь спэктар дабротаў, спансаваных дзяржавай, а гэта і мэдыцына, і адукацыя, і ЖКГ, то гэта будуць велізарныя грошы. Калі чалавеку робяць, скажам, анкалягічную апэрацыю, то яна каштуе ў прынцыпе тысячы, калі не дзясяткі тысячаў даляраў. Адкуль такія грошы возьме беларускі беспрацоўны?

Калі сьпіс абмяжуецца камунальнымі тарыфамі, то выдаткі адмяжуюцца некалькімі дзясяткамі рублёў. Хаця і тут ёсьць падводныя камяні. Некаторыя камэнтатары ўжо задавалі пытаньне: жыве сямʼя, муж працуе, жонка беспрацоўная. Як сямʼя будзе плаціць камуналку? Тут ёсьць дэталі, у якіх хаваецца менавіта дʼябал. Я мяркую, што справа ўсё ж абмяжуецца камуналкай. Улада ўсё ж суадносіць свае дзеяньні з народным пачуцьцём справядлівасьці. Да якога выбуху можа прыводзіць парушэньне гэтага пачуцьця ўлада ўбачыла падчас пратэстаў і масавага байкоту «дармаедзкага» збору. Улада адчувае, што ёсьць межы, якія небясьпечна пераходзіць.

Парадокс палягае ў тым, што ў пытаньні аплаты дзяржаўных паслугаў улада нарываецца на супраціў ідэалёгіі, якую яна нібыта вызнае. А паводле савецкай ідэалёгіі мэдыцына бясплатная апрыёры. Мэдыцына ў Беларусі павінная быць для мяне бясплатная, таму што я грамадзянін Беларусі — так разважае большасьць. Замах на гэта можа выклікаць абурэньне. Я ня думаю, што дэкрэт № 1 выкліча пратэсты прынамсі ў бліжэйшы час. Дэкрэт пачне дзейначаць толькі з 1 студзеня 2019 году, амаль праз год. Якія даброты будуць падпадаць пад яго дзеяньне, пакуль невядома.

Беларусы ня той народ, які загадзя будзе пратэставаць. Пратэсты «дармаедаў» пачаліся толькі пасьля таго, калі людзі сталі атрымліваць «лісты шчасьця», а не адразу пасьля прыняцьця дэкрэту № 3. Як той казаў, пакуль певень не дзюбне, людзі ня будуць пераймацца з нагоды таго, што ён можа дзюбнуць, прычым калі незразумела, наколькі моцна.

«Тунеядцев» 1.0 больше нет, на их место приходит новая версия»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)