Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Магчыма, Украіна паспрыяла таму, каб Беларусь не трапіла пад чарговыя санкцыі

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст у каментары Филину падзяліўся думкамі пра тое, што магло застацца за кадрам візіту расійскага міністра абароны ў Мінск.

Юрый Дракахруст

— Прыезд Шайгу ў суботу, без папярэджання, спарадзіў мноства версій і здагадак. Сярод іншага гучаць засьцярогі, што Новы год можа прынесці беларусам непрыемныя сюрпрызы ваеннага характару. Як вы лічыце, ці можа гэты візіт быць прадвеснікам падобнага сцэнару?  

— Прадвеснікам можа стаць. Але тут ёсць такі момант. Калі стала вядома пра падпісанне пратакола аб унясенні змен у пагадненне аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай сферы, то загучалі вялікія перасцярогі пра тое, што цяпер Беларусь можа ўступіць у вайну.

Але гэты пратакол больш пра ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. На відэа цырымоніі падпісання былі заўважаныя прадстаўнікі беларускага ВПК — віцэ-прэм’ер, прадстаўнікі падраздзяленняў. Натуральна, кепска, што Беларусь уцягваецца ў вайну, няхай і сваім ваенна-тэхнічным патэнцыялам. Але гэта не нешта кардынальнае.

Таксама паказальна тое, што Шайгу размаўляў з Лукашэнкам сам насам. Калі ён прыязджаў у мінулы раз, яшчэ да вайны, то на сустрэчы быў беларускі міністр абароны Хрэнін. А тут яны размаўлялі без сведак. Гэта значыць, што на сустрэчы маглі абмяркоўвацца палітычныя пытанні.

Магчыма, Шайгу выступаў тут паштовым голубам, то бок прывёз нейкія прапановы ці ідэі наўпрост ад Пуціна. Што не для вушэй нават Хрэніна. Але я не думаю, што ён прыехаў і загадаў Лукашэнку ўступаць у вайну. Так не бывае.

Наперадзе ў Лукашэнкі сустрэча з Пуціным, ужо анансавана, што яна адбудзецца да Новага года. На ёй могуць быць прынятыя розныя рашэнні. Магчыма, гэтая размова з Шайгу была своеасаблівай падрыхтоўкай, высвятленнем пэўных аспектаў.

Тут трэба ўлічваць і такі момант. Аб’яднаная групоўка была створаная ў сярэдзіне кастрычніка. І адразу ж пачалі прыязджаць расійскія мабілізанты. Два месяцы — дастатковы тэрмін для таго, каб іх хоць бы мінімальна падрыхтаваць. Год ці паўгода іх ніхто і не збіраўся вучыць.

І калі мабілізантаў навучаць, іх могуць выкарыстаць. Разам з беларускім войскам, без яго — таксама варыянт. Але гэта важны структурны момант сітуацыі — так ці інакш расійскія мабілізаваныя, якія прыехалі ў Беларусь, будуць падрыхтаваныя.

Я не ведаю, ці размаўлялі Лукашэнка з расійскім міністрам пра гэта, але я бачу тут два істотныя моманты. Першы —інстытуцыялізаваная сумесная групоўка створаная, але ў палажэнні не надта выразна прапісана, што ў яе можа быць, ці павінна быць аб’яднанае камандаванне.

У кастрычніку пра гэта не было размовы, у лістападзе не было, а ў снежні можа і быць. Наўпрост вайны гэта не тычыцца, пойдзе беларускае войска ў бой ці не пойдзе, пойдуць расійскія войскі праз нашу мяжу ва Украіну ці не. Гэта пытанне структурнае і вельмі важнае.

Бо групоўка складаецца з беларускай арміі і расійскіх сілаў. На тэрыторыі Беларусі іх цяпер каля 10 тысяч. Калі не памыляюся, у палажэнні ідзе гаворка і пра расійскія сілы, размешчаныя на прылеглых да нашай краіны тэрыторыях.

Не выключана, што на чале групоўкі будзе створана камандаванне. Мы з вамі разумеем, чыё яно будзе. Генерал чыёй службы там будзе.

А тады ўжо Лукашэнка пазбаўляецца не толькі ваеннага суверэнітэту ў тым сэнсе, што з ягонай тэрыторыі што хочуць, тое і робяць. Тут ужо сістэма падпарадкавання мяняецца, калі беларускія войскі падпарадкоўваюцца рускаму генералу.

Лукашэнка можа, натуральна, спрабаваць уплываць на рашэнні гэтага генерала, але гэта будзе ўжо іншая схема. Гэты момант прынамсі маглі абмяркоўваць.

Другі момант, на першы погляд, даволі абстрактны — статус расійскіх войскаў. Зараз гэта рэгіянальная групоўка. Але яе можна расфармаваць. У лютым прыйшло трыццаць тысяч расійскіх вайскоўцаў, а потым іх засталося каля тысячы. Цяпер ізноў дзесяць тысяч тут. Але гэта не статус. І не выключана, што гаворка ішла і пра гэта — як атрымаць гэты статус. Магчыма, праз стварэнне базы.

Ёсць прэцэдэнты — Таджыкістан, Арменія, дзе стаяць расійскія базы. У 2021-м адзін з расійскіх ідэолагаў Фёдар Лук’янаў пісаў, што Расіі трэба база ў Беларусі. І тады будзе без розніцы, хто стаіць на чале краіны — Лукашэнка, Ціханоўская, ці Бабарыка. Бо з базай беларусы ўжо нікуды не падзенуцца.

Не ведаю, наколькі гэта для расейцаў важна. Але такая думка ў іх ёсць, і гэта адна з магчымых тэмаў для размовы.

— Беларусь не патрапіла ў свежы пакет санкцый ЕС. Чаму? Гэта вынік асцярожнасці афіцыйнага Мінска ці штосьці іншае?

— Думаю, што часткова гэта вынік асцярожнасці, а таксама вынік іх палітычных ацэнак. Прычым, магчыма, і з боку Украіны. Мы бачылі ўскосна па адносінах з беларускай апазіцыяй, па нежаданні надта шчыльных адносін з кабінетам Ціханоўскай, што ва ўкраінцаў на беларускім накірунку ёсць фактычна адна задача: не дапусціць, каб Беларусь уступіла ў вайну сваім войскам.

Адна задача, усё астатняе другасна. Я думаю, што яны гэта рэтранслююць у Брусэль. Магчыма, у Брусэлі таксама ўсведамляюць, што сітуацыя вельмі рызыкоўная: групоўка створаная, мабілізанты вучацца.

Таму не варта лішні раз падштурхоўваць Лукашэнку такімі дзеяннямі да таго, каб ён пагадзіўся на просьбы і угаворы Крамля. Прынамсі, я думаю, частка людзей на Захадзе сыходзіць з такой логікі і на гэтай падставе робіць такую выснову.

— Лукашэнка папярэдзіў міністра аховы здароўя пра маштабныя праверкі, паабяцаў арганізаваць цалкам незалежную ад Піневіча камісію, якая можа прыйсці ў любы момант у любую бальніцу.

Гэтая гісторыя пра медыцыну ці ўсё ж пра палітыку? Ці не можа гэта быць пэўнай дымавой завесай, каб схаваць штосьці больш важнае?

— Магчыма, што і так. А магчыма тут і такая логіка: часы цяжкія, незразумела, чаго чакаць далей, а таму трэба падтрымліваць у тонусе ўсіх. Пратэстную частку грамадства падтрымліваюць у тонусе арыштамі, пасадкамі, катаваннямі ў турмах. Каб памяталі, хто дзе жыве.

Тое самае тычыцца і чынавенскага, дзяржаўнага апарата. Праверкі, пагрозы, кантроль. Каб адчувалі, што фактычна мы на вайне, каб не расслабляліся ні ў якім сэнсе. Мне падаецца, што гэта выглядае менавіта так, а не для адцягвання ўвагі.

— То бок, медыкам проста не пашчасціла выступіць у якасці громаадводу?  

— Медыкі не першы раз трапляюць. Зрэшты, тут шмат хто патрапіў. Возьмем, напрыклад, пасадкі за падвышэнне цэн. Сядзяць канкрэтныя людзі, крымінальныя справы заводзяцца. Заўтра на мытню прыйдуць, паслязаўтра яшчэ кудысьці.

Лукашэнка ўсё ж адчувае балявыя кропкі. Колькі дзён таму Філіп Біканаў апублікаваў вынікі вялікага апытання. Там ёсць асобнае пытанне «Якія праблемы адчуваеце асабіста вы?». І калі людзей пра гэта пытаюць, то ў адказах ёсць і цэны, і заробкі, і медыцына.

У сацыяльнай сферы медыцына заўсёды трапляе ў топы таго, што людзей турбуе. Вось ён па гэтых кропках і ідзе. Цэны на першым месцы. Ён гэта ці па сваіх апытаннях ведае, ці скурай адчувае. Медыцына людзей хвалюе — вось я вам праверкі зладжу, я тут кантралюю, каб ніхто нічога не скраў.

Фактычна ён ідзе, як па спісе гэтых праблем. Дасылае грамадству сігнал: я вашымі праблемамі, тым, што для вас важна і актуальна, займаюся. Гэта дэманстрацыя рэакцыі і камунікацыі з грамадствам. З усім грамадствам, а не толькі з пратэстнай часткай. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.1(14)