Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Касмічным палётам Васілеўскай улады маглі спрабаваць «сшыць» грамадства. Але не атрымалася

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину разважае пра эфектыўнасць антыкарупцыйных расследаванняў і спробы ўладаў стварыць вобраз «касмічнай дзяржавы».

Юрый Дракахруст

— У новым расследаванні BELPOL чарговую рэзідэнцыю Лукашэнкі на Мінскім моры называюць самым вялікім хабарам, які той калі-небудзь атрымліваў.

На вашу думку, які водгук сярод простых беларусаў могуць мець сёння такія расследаванні на фоне шматгадовай і, як выглядае, бясплённай барацьбы ўладаў з карупцыяй? Яны абураюць людзей, ці, як кажуць у такіх выпадках, «гэта іншае»?

— Хутчэй другі варыянт — «гэта іншае». Па розных прычынах, дарэчы. Для кагосьці Лукашэнка «ўсё робіць правільна», для кагосьці ён недатыкальны. Але тут яшчэ ёсць і такая асаблівасць.

Памятаеце, як некалькі год таму «Белсат» знайшоў амаль два дзясяткі ягоных рэзідэнцый? Але тут яшчэ пытанне: а ці ягоныя гэта рэзідэнцыі, ці ягоная гэта прыватная ўласнасць?

Мы гэтага не ведаем дакладна. Фармальна кажучы, гэта дзяржаўныя рэзідэнцыі. Калі так ці інакш ён сыйдзе са сваёй пасады, гэтыя рэзыдэнцыі перайдуць да яго, ці застануцца новаму кіраўніку — ягонаму сыну, Ціханоўскай, Бабарыку?

Таму, я думаю, тут ёсць пэўная дваістасць, якая існавала пры ўсіх дыктатурах. Бо дыктатары кшталту Сталіна ў пэўным сэнсе валодалі ўсім, што было ў СССР. І дачы ў яго былі, і рэзідэнцыі.

Але памёр Сталін і што з усяго гэтага засталося ягоным дзецям — Васілю, Святлане Алілуевай? Мала што засталося. Ці яны былі нейкімі савецкімі мільянерамі, мы не ведаем. Хутчэй не, чым так.

У пэўным сэнсе мы можам назваць гэта карупцыяй. Але мы не ведаем дакладна, ці гэта асабістая ўласнасць Лукашэнкі. Забярэ ён з сабой гэтую ўласнасць пасля таго, як сыйдзе з пасады, ці не. Можа быць, і не.

Тут, дарэчы, варта прыгадаць параўнанне Лукашэнкі з Януковічам, якое рабілі ў свой час многія палітолагі. Калі разбіраліся з рэзідэнцыяй Межыгор’е пад Кіевам, з тым самым залатым батонам.

У адрозненне ад Лукашэнкі Януковіч прагнуў грошай у сваёй кішэні. І тую рэзідэнцыю ён зрабіў сваёй уласнасцю. Пасля былі доўгія юрыдычныя разбіральніцтвы, каб яе забраць у яго як у фізічнай асобы.

Дык вось, многія звярталі ўвагу, што Януковіч любіў грошы. А ўлада для яго была вытворнай як сродак здабыцця грошай, сродак набівання кішэняў.

Лукашэнка — гэта іншы тыпаж. Для яго самае галоўнае, самае салодкае ў жыцці — гэта ўлада. А акурат грошы з’яўляюцца вытворнай. Так, яны патрэбныя, як і добрая рэзідэнцыя, дарагі аўтамабіль. Але гэта не мэта.

Гэта зусім іншы тыпаж лідара. У свеце хапае такіх палітыкаў. Я згадаў вышэй Сталіна, а былі яшчэ Мусаліні, Гітлер. Нельга сказаць, што для іх галоўнымі былі грошы. Не, галоўнай была ўлада. І Лукашэнка акурат з гэтай кагорты.   

Мы ж памятаем самыя розныя размовы. Некалі колішні памочнік прэзідэнта ЗША Джон Болтан разважаў, а ці не падарыць Лукашэнку ўтульную выспачку, каб ён мог там ціха сабе жыць. Але гэта не ягоны варыянт, гэта не пра Лукашэнку.

Зрэшты, ён і сам прамым тэкстам пра гэта казаў: маўляў, калі ў мяне не будзе ўлады, то чым я буду займацца? Прычым, не таму, што ў яго грошай няма, каб жыць без улады. Грошы ў яго ёсць, магчыма, мільярды. Але для яго гэта не галоўнае.

— Улады і прапаганда святкуюць палёт «першай касманаўткі суверэннай Беларусі». З іх матывамі і рэакцыяй на падзею ўсё больш-менш зразумела. А што можна сказаць пра грамадства ў цэлым? Ці мела гэтая гісторыя заўважны водгук?

З апытанняў мы ведаем, што ў беларусаў ёсць запыт на барацьбу з ростам цэнаў, напрыклад. На бяспеку — на фоне вайны ў суседзяў. Але ці патрэбны людзям вось гэты «космас — наш»? Бо цяжка зразумець, што на практыцы ад касмічнага турызму атрымае ўмоўны жыхар Капыля ці Верхнядзвінска.

— Маё меркаванне — водгук быў вельмі слабы. У тым ліку і сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, якія лічаць, што ўсё робіцца слушна, што сістэма ў краіне правільная.

Але, на мой погляд, вось гэтая натужная, гучная кампанія вакол гэтага палёту — гэта такі дзіцячы комплекс хлопчыка, народжанага ў 1950-х. Які ў свае гады ўсведамляў той ажыятаж, выкліканы выкліканы палётамі ў космас у 1960-я.

Так, першы палёт чалавека ў космас, палёт Гагарына, быў сусветнай сенсацыяй. Гэта прадметам гонару, калі чалавек упершыню выйшаў у космас. Потым такім жа гонарам, і не толькі для ЗША, стаў момант, калі чалавек упершыню ступіў нагой на Месяц.

Потым у космас паляцелі сотні, калі не тысячы людзей. Беларусы ўжо там былі. Клімук, Кавалёнак, той жа Навіцкі, дарэчы, які родам з Беларусі. Для хлопчыка Сашы Лукашэнкі тыя падзеі, магчыма, сталі прычынай эйфарыі.

Але з тых часоў прайшло ўжо шэсцьдзясят гадоў. І таму, сёння ад гэтага нікому ні горача, ні сцюдзёна, як кажуць. 

І тут можна прыгадаць, як у межах савецкага праекта ў космас лятамі цэлым касяком касманаўты з краінаў сацлагера. Палякі ляталі, чэхі, аднойчы мангольскі касманаўт паляцеў.

Але ад гэтага ні Польшча, ні тагачасная Чэхаславакія, ні Манголія не сталі касмічнымі дзяржавамі.

І наколькі я памятаю, нейкага ажыятажу гэта не выклікала. Нават у сацыялістычнай Польшчы не было гэтага: «Вось наш паляк паляцеў у космас».

Адмоўнае стаўленне гэта наўрад ці выклікала, але і ажыятажу — мы дасягнулі чагосьці неймавернага — наколькі я памятаю, не было. І наўрад ці гэта будзе ў Беларусі.

Я б тут звярнуў увагу на тое, што гэты палёт Васілеўскай у пэўным сэнсе тэставы. У тым сэнсе, што падзел стаўлення да яе палёту ў значнай ступені супаў з палітычным падзелам.

Прыхільнікі Лукашэнкі, можа, і не падзяляюць гэты шалёны, штучны ажыятаж, якога ў іх у душы, можа, і няма, але — паляцела і добра, малайчына.

Зрэшты, з іншага боку ёсць таксама нейтральнае стаўленне. У інтэрв’ю «Радыё Свабода» пісьменніца Святлана Курс адзначыла, што ніякай асаблівай шкоды ад гэтага няма, што нічога гнюснага Васілеўская не сказала.

Хваліла Лукашэнку? Ну а што ты скажаш яму, калі ён цябе ў космас паслаў? Будзеш у твар яму пляваць? Зразумела, што будзеш казаць нейкія словы.

Цікава, што тая ж Васілеўская за 2020 год Лукашэнку не нахвальвала. Зразумела, што можа быць нейкая іншая сітуацыя, і яна яшчэ нешта скажа. Але гэтым разам я нідзе такога не бачыў. Проста «дзякуй, усё добра».

Зразумела, што акрамя ўсяго іншага, звышідэя ўсяго гэтага — паспрабаваць неяк «сшыць» беларускае грамадства. Бо яны, канечне ж, адчуваюць, што пасля 2020-га палярызацыя, супрацьстаянне ў грамадстве вельмі моцнае.

А таму, давайце мы прыдумаем нешта, што па ідэі павінна беларусаў неяк аб’яднаць. Космас — гэта ж чыстая справа. А вось і не, і гэта не спрацавала. То бок, не атрымалася выклікаць вялікі ажыятаж, і «сшыць» грамадства таксама не атрымалася.

Я бачу па фэйсбуку, як шмат хто ўспрымае гэтую падзею менавіта як палітычную, як піяр Лукашэнкі, спробу прасоўваць сябе, свой рэжым.

І таму ставяцца негатыўна і да гэтага палёту, і да самой Васілеўскай. Якая пакуль ні ў чым асабліва грэшным не адзначылася, але і на яе праецыруецца гэты палітычны падзел.

Але вось гэтая надрыўная рэакцыя прапаганды, канечне, здзіўляе. Той жа Азаронак, які абяцае знішчыць любога, хто будзе казаць, што яна не першая беларуска ў космасе.

Ляталі ж Кавалёнак і Клімук. Ну так, тады незалежнай Рэспублікі Беларусь не было. Але іх з беларусаў ніхто не разжалуе. Так, можна сцвярджаць, што Васілеўская — першая жанчына ў космасе ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Але чаму гэта мае такое лёсавызначальнае значэнне? У рэшце рэшт, ракета была расійская, вучылі яе расійскія спецыялісты ў Расіі. Сказаць, што мы цяпер касмічная дзяржава?

Гэта як купіць кампутар ад Microsoft і казаць пры гэтым, што мы цяпер з’яўляемся буйной фігурай у міжнародным кампутарным бізнэсе. Не, вы проста купілі гэты кампутар. Microsoft — фігура, а вы — не.

Ізноў жа, тут многае нагадвае пра рэалізаваную мару дзяцінства. Вось не было ў кагосьці ў маленстве ровара, а моцна хацелася. І вось чалавек ужо дарослым мужыком нарэшце набывае яго. Можа, ён яму цяпер і непатрэбны, але купіў.

Так і тут, хлопчык Саша Лукашэнка бачыў, як ляталі ў космас Гагарын, Лявонаў, Церашкова. І гэта рэальна натхняла тады людзей. Гэта пасланне з ягонага дзяцінства. І сама гэтая кампанія напампоўвання ажыятажу вакол палёту — гэта штосьці адтуль, з чагосьці недаатрыманага ў дзяцінстве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(14)