Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Калі Гаага выдасць ордэр на арышт Лукашэнкі, гэта яшчэ мацней усадзіць яго з Пуціным у адзін човен

Аналітык – пра значэнне і магчымыя наступствы гучнага кроку літоўскіх уладаў.

Літва перадала ў Міжнародны суд у Гаазе дакументы, якія тычацца здзяйснення рэжымам Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў.

Гэтыя звесткі літоўскі ўрад атрымаў ад Народнага антыкрызіснага ўпраўлення на чале з Паўлам Латушкам.

Тым часам у Мінску былі прынятыя паслы Кітая, Казахстана, Алжыра, Маўрытаніі, Бурундзі, Кувейта, Дамініканскай Рэспублікі, Уругвая, а таксама Сербіі, якая з’яўляецца кандыдаткай на ўступленне ў Еўразвяз.

— Нягледзячы на пагрозы і выклікі, якія павялічваюцца, дзверы нашага дома заўсёды застаюцца адчыненымі. Красамоўнае сведчанне — бязвізавы рэжым для грамадзян 35 еўрапейскіх дзяржаў, уведзены гэтым летам, — вітаў амбасадараў правіцель Беларусі.

Филин абмеркаваў гэтыя падзеі з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам.

Юры Дракахруст

— Ранейшыя заявы Лукашэнкі сведчаць пра тое, што ён ведаў пра планы Літвы звярнуцца ў Гаагу. Тым не менш, ці быў у кроку Вільні эфект нечаканасці для Мінска? І наколькі гэта можа быць сур’ёзным выклікам для палітычнага рэжыму Беларусі ў практычным вымярэнні?

— Гэта, безумоўна, важна. Бо раней размовы фактычна ішлі пра звароты грамадскіх арганізацый і актывістаў. У дадзеным выпадку на шалі вагаў свой аўтарытэт паклала суверэнная дзяржава — Літва.

І, адпаведна, паставіла пад рызыку свае адносіны з беларускім рэжымам. Яна на гэта наважылася. І гэта ў любым выпадку важна.

Яшчэ б я адзначыў, што тут была пэўная нечаканасць. Бо ўвесь час і з боку НАУ ішлі ініцыятывы, і сам Лукашэнка рэагаваў менавіта на тэму незаконнага вывазу дзяцей з Украіны. І меркавалася, што менавіта гэта будзе прадметам пазову.

А аказалася, што не. Аказалася, што прадмет пазову прынамсі шырэй. І фокус яго — гэта лёс беларусаў, наўпроставае парушэнне іх правоў чалавека. Тут, праўда, ужытая формула, паводле якой наступствы парушэнняў у Беларусі закранаюць Літву. І таму яна накіроўвае гэты пазоў. Але ў любым выпадку гэты элемент быў нечаканы.

Што тычыцца лёсу гэтага пазову, то мне складана сказаць. Юрысты на гэты конт выказваюцца па-рознаму. Але нямногія з іх кажуць, што, маўляў, вось цяпер ужо гарантавана будзе выдадзены ордар. Але разам з тым не шмат кампетэнтных людзей сказалі, што ўсё гэта выключна сімвалічна.

Гэта не зусім так. Пэўныя шанцы на поспех гэтага пазову, я думаю, ёсць. Акрамя таго, мы будзем яшчэ глядзець на рэакцыю, а яна важная, іншых дзяржаваў. Бо Літва не адзіная суседка Беларусі.

Ёсць і Польша, і Латвія, якія ўскосна церпяць ад плыні палітычных уцекачоў з Беларусі. Яны церпяць ад міграцыйнага ціску з боку беларускіх ўладаў. Таму будзем глядзець на дынаміку, як гэта ўсё будзе развівацца.

І ў любым выпадку тут можна сказаць, што ў палітычным сэнсе гэта выразны, заўважны вынік працы каманды Паўла Латушкі. Яны вылучалі шмат ініцыятываў у свой час, але да такой стадыі, калі нейкая дзяржава падтрымала гэтыя ініцыятывы, раней не даходзіла. А цяпер гэта адбылося.

— Як гэтая гісторыя можа адбіцца на настроях у самой Беларусі? Сярод чынавенскага апарату перадусім. Асабліва ўлічваючы набліжэнне кампаніі па перапрызначэнні Лукашэнкі?

— У практычным плане я не выключаю, што гэты крок прынамсі частка чынавенства ўспрыме як адказ на тыя заляцанні да Захаду, якія мы з вамі раней абмяркоўвалі. Асабліва ўлічваючы канспіралагічную свядомасць улады ў Беларусі, якая за кожным крокам у свеце бачыць адзінага гульца — Вашынгтон.

І таму, хутчэй за ўсё, мы ўбачым вяртанне да хардлайна. Прынамсі ў бліжэйшым часе, пакуль гэтая справа будзе разбірацца ў судзе ў Гаазе. Я не думаю, што будуць нейкія жэсты і заляцанні ў бок Захаду. Яны і дагэтуль былі не надта шчырымі і шырокімі.

Мне падаецца, што рэакцыя будзе акурат такой: «Ну калі вы так, то мы і жэстаў ніякіх рабіць не будзем. Мы будзем працягваць сваю ранейшую лінію».

Можа я і памыляюся. Можа гэта будзе ўспрынята як выключна ініцыятыва Літвы. Вось ёй так захацелася. З іншага боку, мы не бачым адваротных імпульсаў. Умоўна кажучы, калі б нейкая краіна Х даслала свайго амбасадара, уключылася ў перамовы на нефармальным узроўні.

Тады б мы маглі разважаць пра ўмоўнага добрага следчага і кепскага следчага. А так мы маем канкрэтны крок толькі ад Вільні. А ўсе астатнія толькі віталі вызваленне палітвязняў, канстатавалі, што гэта добра.   

У сітуацыі, калі адна краіна гаворыць так, а астатнія нічога не кажуць, проста маўчаць, то ў Мінску могуць палічыць, што голас гэтай краіны і ёсць адказ. А калі адказ такі, то па-сутнасці тут нічога і не будзе мяняцца.

Што датычыць рэакцыі, то Латушка даволі часта казаў, што гэта можа стаць рычагом у магчымым расколе элітаў. Бо калі гэты пазоў усё ж дойдзе да разгляду і да ордэра, то, як мяркуе лідар НАУ, прынамсі частка апарату, эліты не захоча асацыяваць сябе са злачынцам, на якім пастаўленая міжнародная пячатка. 

Я бы сказаў так, што гэты разлік, магчыма, часткова і спраўдзіцца адносна кагосьці, як мы бачылі ў выніку падзей 2020-га. А кагосьці і наадварот кансалідуе вакол Лукашэнкі. Дарэчы, пакуль жа невядома, якую колькасць людзей закране гэты ордэр. Апрыёры кажучы, невядома яшчэ, ці будзе ён выдадзены адносна Лукашэнкі. Магчыма ён закране тых чыноўнікаў, якія наўпрост мелі дачыненне да парушэння правоў чалавека, тых жа сілавікоў. Таму, я думаю, кагосьці гэта прынамсі падштурхне да таго, каб не асацыяваць сябе цалкам з гэтай сістэмай, а кагосьці наадварот. 

Мой прагноз на выпадак, калі пазову дадуць ход, і тым больш, калі будзе выдадзены ордэр: сам гэты факт яшчэ мацней усадзіць Лукашэнку і Пуціна ў адзін човен. Ён то наўрад ці хоча, каб гэты ордэр выдалі, але калі яго ўсё ж выдадуць, то гэта стане аргументам у любых размовах з Крамлём.

Калі будуць узнікаць нейкія шурпатасці, то ён зможа казаць, што мы з вамі аднаго лёсу, таму дапамагаць трэба. Дапамога ў прынцыпе і так ідзе, але гэта можа быць яшчэ адным штуршком, дадатковым матывам, каб гэтая дапамога была бесперабойнай.

— Зразумела, што прыём замежных амбасадараў рыхтаваўся загадзя, што ён проста супаў па часе з пазовам Літвы ў Міжнародны крымінальны суд. І ўсё ж, ці можа прысутнасць пасла краіны-прэтэндэнткі на ўступленне ў Еўрасаюз хоць неяк збалансаваць гэтую падзею ў вачах Мінска?

— Я думаю, што не. Кандыдат ён і ёсць кандыдат. Гэта не чалец Еўрасаюза. Адзін чалец ужо накіраваў пасла, я маю на ўвазе Вугоршчыну. Цяпер паглядзім, што будзе з Аўстрыяй і Славаччынай, з іншымі краінамі. Якія, дарэчы, будуць вынікі выбараў у Злучаных Штатах.

Але я не думаю, што гэта нейкі баланс. І што прыезд сербскага амбасадара — гэта рэакцыя Сербіі на апошнія заляцанні ўладаў Беларусі. На тыя ж вызваленні некаторых палітвязняў, на той жа бязвіз ды іншыя жэсты, якія мусілі засведчыць здольнасць Мінска да пэўнай гнуткасці.

Я думаю, што ў Белграда тут свае разлікі, сваё пазіцыянаванне ў Еўропе. І таму гэта не ёсць паказчыкам змены балансу ў стасунках з Еўразвязам, кандыдатам на ўступленне ў які Сербія і з’яўляецца. Але толькі кандыдатам.