Дракахруст: Другі прэзыдэнт Беларусі

Праблема пераемнасьці ўлады так проста не вырашаецца. Тут навідавоку дылема дыктатара, пiша Юры Дракахруст на Радыё Свабода.

 «Я не хачу быць апошнім прэзыдэнтам Беларусі. Пачэсна быць першым, але апошнім быць я не хачу» — заявіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы сёньня ў Шклове.

Гэтая заява — ня толькі дэманстрацыя волі не паддавацца палітычнаму ціску з боку Расеі, нежаданьня істотна абмяжоўваць сувэрэнітэт Беларусі, але і сьведчаньне роздуму пра будучыню Беларусі без цяперашняга кіраўніка дзяржавы.

Да гэтых роздумаў схіляюць Лукашэнку і ўзрост (не вельмі для палітыка і сталы, але і не юнацкі), і год прэзыдэнцкіх выбараў, і палітычная рэформа ў Расеі.

Мэта хуткацечнай палітычнай рэформы ў РФ у значнай ступені ахутаная таямніцай. Тое, што Пуцін прапанаваў не зьнімаць абмежаваньні на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў, а наадварот умацаваць іх, тое, што ён заявіў, што не зьбіраецца стаць «​мэнтарам»​, «аяталом» пры наступным прэзыдэнце, не дазваляюць даць адназначнае і яснае тлумачэньне плянаў цяперашняга гаспадара Крамля.

Яны выглядаюць вытрыманымі ў бізантыйскім стылі ўладных шматхадовак, у стылі цара Івана Жахлівага, які нібыта перадаваў уладу «пераемніку» Сімяону Бекбулатавічу. А потым народ і баяры ўпрасілі Івана Васільевіча не пакідаць царства і правіць да скону.

Ёсьць і вельмі небанальная інтэрпрэтацыя ўладнай рэформы Пуціна: ён сапраўды хоча рэальна сысьці ў 2024 годзе і рэформай спальвае масты, пазбаўляючы сябе і лябісцкія групы варыянту працягу яго ўлады.

Але ўяўляецца, што рэформа ўлады ў Расеі — яна ў любым выпадку пра Расею пасьля Пуціна.

Лукашэнка ў гэтым сэнсе больш просталінейны, прынамсі, быў ім да апошняга часу: яго канстытуцыйныя рэформы і ў 1996 годзе, і ў 2004 годзе былі скіраваныя на ўмацаваньне і працяг уласнай улады.

Дылема дыктатара

Але праблема пераемнасьці ўлады так проста не вырашаецца. Тут навідавоку дылема дыктатара.

Альбо дыктатар трымае ўсю ўладу ў сваіх руках і не выпускае яе з рук да скону — але тады лёс сыстэмы пасьля яго сыходу робіцца няпэўным, негарантаваным. Альбо дыктатар неяк гарантуе (не на 100%, зразумела) будучыню пасьля сябе шляхам вызначэньня легітымнага пераемніка, але яшчэ падчас свайго кіраваньня да пэўнай ступені пераразьмяркоўвае калі не рэальную, то прынамсі сымбалічную ўладу на карысьць гэтага прызначанага спадкаемцы.

У іншых сыстэмах гарантыяй пераемнасьці калі не палітыкі, то ладу зьяўляюцца інстытуцыі — іншыя галіны ўлады, свабодныя выбары. Пры дыктатурах самастойнасьць усіх інстытутаў, акрамя аднаго, уяўная, а выбараў няма. Таму ў дыктатурах выбар — пераемнік ці няпэўнасьць, пагроза вайны ўсіх супраць усіх пасьля сыходу «стрыжня» усёй уладнай сыстэмы.

Сталін трымаў усё ўладу ў руках да сьмерці, легітымнага пераемніка ня вызначыў, але пасьля пачалася бойка — Берыю расстралялі, Хрушчоў зрынуў фармальнага пераемніка Сталіна Малянкова.

У апошнія гады кіраваньня Мао легітымнага пераемніка ў яго таксама не было. Пасьля сьмерці «стырнавога» у палітбюро ЦК КПК пачалася бойка, спачатку расправіліся з «бандай чатырох» на чале з удавой Мао Цзян Цын, потым Дэн Сяопін адсунуў ад улады Хуа Гофэна.

Калі не глядзець у такую даўніну, то сышоў усеўладны гаспадар Узбэкістану Іслам Карымаў, і пры пераемніку яго дачка апынулася за кратамі, а адносна самога Карымава адбываецца сапраўднае «выкрыцьцё культу асобы».

Ні Лукашэнка, ні Пуцін ня хочуць такіх сцэнароў разьвіцьця падзеяў пасьля іх рэальнага сыходу ад улады.

Як зьбіраецца вырашаць дылему дыктатара Лукашэнка пакуль незразумела. І заява ў Шклове пра «неапошняга прэзыдэнта», і ўжо шматгадовыя заявы пра зьмену Канстытуцыі, сьведчаць пра тое, што ён усьведамляе праблему. Але пакуль, гледзячы па ўсім, ня больш за тое.

Нафтавы канфлікт і «дыпляматыя скандалу»

Ягоныя заявы ў Шклове наконт беларуска-расейскага нафтавага канфлікту хутчэй пацьвярджаюць гэта.

Розныя крыніцы паведамляюць, што нарвэская нафта, якую Беларусь закупіла замест расейскай, каштуе на 130 даляраў альбо на 75 даляраў за тону даражэй, чым расейская нафта пры самых горшых для Беларусі ўмовах.

Тады што азначаюць тлумачэньні «нязгода і канфлікт з Расеяй адбыліся праз тое, што ад нас запатрабавалі плаціць за нафту па цэнам, вышэйшым за сусьветныя», што азначаюць абяцаньні наладзіць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты?

Расея і сапраўды ставіць Беларусі палітычныя ўмовы, абяцаючы кампэнсаваць Менску страты за падатковы манэўр толькі ў выпадку паглыбленьня інтэграцыі.

Але цана, на якую Лукашэнка не пагадзіўся ў размовах з Пуціным у апошнія дні 2019 году — яна хіба вышэй за нарвэскую? Яна хіба абумоўленая інтэграцыйнымі перадумовамі? Праграма паглыбленьня інтэграцыі не была ж падпісаная. Калі прапанаваная Масквой цана вышэй за нарвэскую, то чаму ў Нарвэгіі купілі ўсяго 80 тысячаў тонаў? Калі ніжэй, то тады ў чым мэта канфлікту, на які пайшоў Менск, навошта назло Маскве купляць нафту больш дарагую, чым прапаноўвае яна?

Ну такая перамоўная тактыка, вайна нэрваў, «дыпляматыя скандалу». Напэўна, ёсьць разьлік такімі дэмаршамі ўсё ж зьбіць цану расейскай нафты, выйграць калі не эканамічную спрэчку, то двубой воляў. І ня факт, што нічога не атрымаецца. Можа і атрымаецца. Але ў прэзыдэнта Лукашэнкі.

Ці здолее і ці захоча весьці такія гульні на вастрыі ляза другі прэзыдэнт Беларусі?

Варта заўважыць, што ўвесь сьвет — у тым ліку і краіны, зь якімі ў Расеі вельмі кепскія стасункі, неяк дамаўляецца зь ёй пра нафтавыя пастаўкі загадзя. Акрамя бліжэйшага саюзьніка. А саюзьнік ужо ня першы раз абвастрае спрэчку да максымуму, спадзеючыся, што Масква саступіць.

Гэты сюжэт тлумачыць, чаму Лукашэнка дагэтуль не агучыў свае канстытуцыйныя прапановы, чаму не зрабіў выбар у дылеме дыктатара. Апошнім прэзыдэнтам ён, відаць, і сапраўды быць ня хоча. Але, напэўна, мае сумневы ў тым, што такім, як ён, другі прэзыдэнт у любым выпадку ня будзе.

А таму і гоніць ад сябе думку пра тое, што з прызначаным пераемнікам давядзецца дзяліцца хай і толькі сымбалічнай уладай. Бо для яго ніхто ня роўны яму. Таму і рызыкі сцэнароў сыходу Сталіна, Мао і Карымава выглядаюць непазьбежнымі.

Таму і стаўленьне да будучыні — як у вершы ягонага апанэнта Ўладзімера Някляева: «Так ці гэтак — неяк будзе. Гэй, жыць — не ўміраць, Гуляць дык гуляць!»

Вось ён і гуляе. Пакуль сілаў хапае.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.4 (оценок:27)