Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Для Лукашэнкі падрыў беларускага лакаматыва ў Расіі — гэта псіхалагічная кампенсацыя за Мачулішчы

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст абмеркаваў з Филином важныя падзеі апошніх дзён.

Юрый Дракахруст

— Якія наступствы могуць быць у інцыдэнта з падрывам чыгункі ў Расіі, у выніку якога пацярпеў беларускі лакаматыў? Як гэтым могуць скарыстацца ўлады? Гэта мабілізуе беларусаў ці наадварот?

— Мне падаецца, што рэакцыя ўладаў будзе даволі стрыманай. З той прычыны, што гэта такая псіхалагічная кампенсацыя за Мачулішчы. Бо калі здарылася гісторыя з расійскім самалётам, то і ў Расіі, і ў Беларусі гучала: «Прапусцілі, праспалі. Дзе ж вашы сістэмы бяспекі?».

А тут высветлілася, што і там з бяспекай не ўсё добра. Аказваецца, што заднім чыслом у гісторыі з Мачулішчамі беларускія ўлады не такія ўжо і вінаватыя. У тым сэнсе, што вайна ёсць вайна, на ёй рознае здараецца.

Мне здаецца ўсё ж, што неяк моцна і адмыслова гэтую тэму педаляваць не будуць. Хоць, пры жаданні, можна скарыстаць формулу «на нас напалі». Але беларускі лакаматыў у Расіі на гэта мала цягне. Таму гэтага жадання, хутчэй за ўсё, не з’явіцца.

Што да рэакцыі беларусаў, то іх гэта закране не так моцна, як магло, калі б гэта здарылася на тэрыторыі Беларусі. Так, ідзе вайна. Яна ідзе на тэрыторыі Украіны, але і на тэрыторыі Расіі таксама. Вось зусім нядаўна быў украінскі ўдар па Крыме. Зразумела, што ўся расійская тэрыторыя — гэта зона небяспекі.

Я не думаю, што будзе нейкае пачуццё помсты, нават калі, барані бог, пацярпелі людзі. Гэта маё асбістае адчуванне. Бо гэта дастаткова лакальнае здарэнне. І важна тое, што гэта было за межамі Беларусі.

— На мінулым тыдні Лукашэнка патрапіў у навіны, у тым ліку і ўкраінскія, пасля заяваў пра тое, што Беларусь не чакае нападу з боку суседзяў. Сёння на нарадзе з сілавікамі ён ізноў патрабуе ўмацоўваць межы. З чым гэта звязана? І ці ёсць тут сувязь з паведамленнямі пра рэзкае скарачэнне колькасці расійскіх вайскоўцаў на беларускай тэрыторыі?

— Па шчырасці, такія хістанні можна заўважыць у яго ў адной і той жа прамове. Ён і ў Ветцы казаў, што мы павінныя абараняцца, трымаць порах сухім. Гэтак і сёння ён прамаўляў больш ваяўніча, але пры гэтым не сказаў, што мы хочам ваяваць.

Акурат гучала, што мы не хочам ваяваць, што час мірыцца. І гэтая гэта ў яго ўвесь час прысутнічае, ён толькі крыху мяняе акцэнты. Як і тэма пра гатоўнасць даць адпор. Днямі начштаба Гурэвіч у нтэрв’ю абацяў даць па галаве любому агрэсару. Я ў гэтым сэнсе не бачу нейкую новую лінію ці свежы акцэнт. Заўтра ён паедзе яшчэ кудысьці і скажа, што мы за мір і будзем свае межы мацаваць.

Тут варта прыгадаць нядаўнія пентагонаўскія злівы. Там, канечне, справа даволі цмяная, невядома, наколькі гэта ўсё верагодна. Тым не менш, мяне там уразіў цікавы аспект.

Гаворка пра шматлікія злівы, чуткі, што цыркулявалі ў снежні і студзені, пра магчымы напад з тэрыторыі Беларусі. Магчыма, сумесна з беларускім войскам.

Усё гэта апынулася блефам. Прынамсі тады ніхто з гэтага накірунку нападаць не збіраўся. Гэта быў спосаб, каб украінцы адцягнулі свае сілы на поўнач. І, адпаведна, расцерушылі свой баявы кулак, які мусіў стаяць пад Бахмутам.

І вось гэтае скарачэнне колькасці вайскоўцаў, і гэтая ўскосная інфармацыя, сведчаць пра тое, што, хутчэй за ўсё, прынамсі ў агляднай будучыні беларусаў ваяваць не пашлюць. Як і не пашлюць расійскія войскі праз беларускую мяжу.

Гэта не значыць, што так будзе заўсёды. Але ў мяне такое ўражанне складваецца, што на працягу некалькіх месяцаў гэтая тэма не ўсплыве. Магчыма, таму Лукашэнка і растаўляе такія акцэнты, маўляў, на нас ніхто не нападае.

Што тычыцца сённяшніх ваяўнічых заяваў, то гэта можа быць і рэакцыяй на выбух цеплавоза. Маўляў, давайце мы тут, на захадзе, будзем трымаць мяжу, бо там жа мы нічога не зробім. Магчыма, ён такім чынам нават падкрэслівае: рускія ў сябе не даглядзелі, а мы ў сябе павінны сачыць за ўсім пільна.

— Нарабіла шуму рэзалюцыя ААН, якая назвала Расію агрэсарам і за якую прагаласавалі не толькі Кітай ды Індыя, але і партнёры Крамля па АДКБ. Цяжка сабе ўявіць сёння на месцы Казахстана ці Арменіі Беларусь. Але яшчэ ўчора і Ерэван сабе такога не дазваляў. Які ўрок ці выснову можа зрабіць з гэтага афіцыйны Мінск?

— Я не думаю, што гэтае галасаванне ў ААН мела такое ўжо лёсвызначальнае значэнне, што гэта прывядзе да нейкага кардынальнага павароту ў палітыцы. Але высновы тут могуць быць двух гатункаў.

Па-першае — вытрасанне з дарагога саюзніка новых прэферэнцый, субсідый і дапамогаў. Маўляў, бачыце, мы ж адны з вамі. Бо нават вялікі Кітай, і нават адэкабэшнікі — усе вас кінулі.

Мы з вамі — плячо да пляча, супраць усяго свету. Так што дапамагайце. Прычым, я думаю, гэта будзе зроблена незалежна ад любых іншых крокаў.

А другая выснова будзе такая: трэба трошачкі азірнуцца па баках. Не тое, каб змяніць курс, здрадзіць Расіі, але крышачку актывізаваць міністра Алейніка, каб ён куды-небудзь з’ездзіў, з кімсьці пагаварыў, штосьці прапанаваў.

Але ў любым выпадку стварыў ўражанне, што Мінск у выпадку чаго можна нешта і памяняць у сваёй палітыцы. Можна, канечне храбрыцца ў сітуцыі ізаляцыі, але ў пэўнай ступені вось менавіта такое галасаванне ў ААН можа сведчыць пра тое, што схемы па абыходзе санкцый могуць затармазіцца.

Той жа Кітай ці Індыя могуць сказаць Маскве і Мінску: «Ведаеце, вы ж агрэсары. Гандляваць з вамі  неяк некашэрна. Давайце, пашукайце нешта больш зручнае, бо ў нас тут ёсць праблемы». Дапускаю, што пры гэтым яны нават не будуць спасылацца на ціск ЗША.

Думаю, што дыпламаты будуць прыкладаць высілкі ў тым накірунку, каб прадэманстраваць, што мы за мір, што мы не такія, як Расія, не агрэсары. Маўляў, і большасць рускіх войскаў павыводзілі, і не страляюць з нашай тэрыторыі даўно.

І гэтыя высілкі будуць прыкладаць на ўсіх накірунках, уключна з Кітаем. А расейцам будуць пры гэтым гаварыць, што мы з вамі, так што давайце, плаціце.

— То бок, будуць спрабаваць працягваць дзейнічаць у рэжыме ласкавага цяляці?

— Так, толькі гэты рэжым будзе ў пэўным сэнсе асіметрычным. Расійскую цыцку будуць даіць мэтанакіравана. А ў свеце ў цэлым, і на Захадзе ў прыватнасці хутчэй будуць угаворваць, каб пугу хоць бы не ўжывалі. Таму што пернікаў адтуль ніхто даваць не будзе.

Хіба што тут можна назваць пернікам захаванне схемаў абыходу санкцый. І не з такой аргументацыяй, што мы тут адстойваем інтарэсы антызаходняй большасці. А вось менавіта такой: мы і салдатаў рускіх вывелі, і абстрэлаў даўно не было. І таму мы амаль што белыя і пухнатыя, без віны вінаватыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(11)