Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Беларусам даcлалі абсалютна дэманстратыўны сігнал — бойцеся ўлады больш, чым вайны

Палітычны аглядальнік Юры Дракахруст падзяліўся з Филином думкамі пра гучныя судовыя працэсы, звароты да «беглых» і паралелі з лютым 2022-га.

Юры Дракахруст

— У Беларусі пачалася серыя гучных палітычных працэсаў. Ёсць меркаванне, што ўлады спяшаюцца закрыць гэтае пытанне, бо, магчыма, хутка будзе не да гэтага. Разам з тым мы бачым ці не штодня фота з-за кратаў. У тым ліку, нобелеўскага лаўрэата з кайданкамі на руках. Выглядае гэта дэманстратыўна.

Ці можа гэта быць сігналам Захаду? Калі так, то што гэта за сігнал? І ці спяшаецца рэжым насамрэч?

— Можа і не спяшаецца, але рыхтуецца. Я разглядаю гэта як падрыхтоўку да вайны. Магчыма да расійскага нападу на Украіну, а магчыма і да ўдзелу беларускага войска ў вайне. А для гэтага краіна павінна быць ператвораная ў асаджаную крэпасць.

Адпаведна, парадкі ў гэтай крэпасці павінны быць яшчэ больш жорсткія, чым яны былі і ёсць. Мне падаецца, што за гэтым такая стаіць логіка. Дэманстратыўная ў пэўным сэнсе. Тут і гэтыя словы Лукашэнкі, прамоўленыя ў часе сустрэчы з Пуціным, пра тое, што «мы ж суагрэсары, мы самыя таксічныя». Такая паказная ганарлівасць сваім статусам.

І тое, што нобелеўскі лаўрэат быў на судзе ў кайданках, — я думаю, там было разуменне, як гэта будзе выглядаць. І можа было, відаць, абыйсціся без іх, бо ўрэшце рэшт ён сядзіць у клетцы, і не той гэта чалавек, які стане крушыць усё навокал. А вось і не. Вось такія мы таксічныя.

Я думаю, што гэта абсалютна дэманстратыўны сігнал. У тым ліку і свайму грамадству — бойцеся ўлады больш, чым вайны. Мы страшней, чым вайна.

Лукашэнка на праваслаўнае Раство ў каторы раз узняў тэму «беглых». І калі год назад ягоныя заявы былі падкрэслена жорсткімі, маўляў, вяртайцеся, на каленях паўзіце, кайцеся, то сёлета словы гучалі лагадней: нібыта настаў час пайсці насустрач гэтым людзям. Пра што гэта сведчыць?

— Сведчыць пра тое, што пэўная гульня, магчыма, вядзецца. У дадзеным выпадку разлік можа быць на тых людзей, якія сапраўды гатовыя пакаяцца. Гатовыя, прынамсі, проста прамаўчаць. Хаця практыка паказвае, што гэта няшчыры зварот.

Колькі мы ведаем выпадкаў, калі людзі вяртаюцца, і не для таго, каб паўстанне падняць, а каб пабачыцца з роднымі ці проста ціха сядзець. А не атрымліваецца ціха — усё роўна бяруць, усё роўна саджаюць.

Думаю, пакуль гэтыя словы нічога не значаць. Гэта тое самае, што і летась. Толькі тады адкрытым тэкстам казалі пра калені і пакаянне. Цяпер жа гэта не гаворыцца, але маецца на ўвазе. Тым, хто вяртаецца, не паўзучы на каленях, — гарантаваныя тыя самыя дзверы ГУБАЗіКа.

— Здавалася б, рэжым павінен радавацца, што ягоныя апаненты з’ехалі. Але ж не, то тут, то там гучаць і гучаць заявы пра іх вяртанне. Чаму?

— Тут варта прыгадаць спрэчку пра тое, якая сістэма цяпер у Беларусі ствараецца. Некаторыя кажуць, што таталітарызм, што вельмі шмат ягоных рысаў пачынае набываць палітычная сістэма. Як было пры Сталіне — і прысуды такія, і матывацыя.

Зрэшты, гісторыя падказвае, што таталітарызм не ўзнікае на амаль трыццатым годзе рэжыму. Не выключана тое, што мы цяпер назіраем запозненую рэакцыю на 2020 год. Ёсць аналогія, магчыма, не дакладная, — тое, што цяпер адбываецца ў Турэччыне.

Там таксама тысячы людзей звальняюцца, сотні людзей пасадзілі ў турму. І не толькі тых, хто меў нейкае дачыненне да змовы супраць Эрдагана, да перавароту, але і тых, хтот і побач не стаяў. Працягваецца змаганне ў ідэалагічнай сферы — Фетхулах Гюлен абвешчаны такім сабе чорным дэманам, гюленаўшчыну шукаюць ва ўсім.

Тое самае і ў Беларусі — шукаюць контру, шукаюць нацыяналізм. І мы гэта бачым. Іншая справа, што людзям ад гэтага не лягчэй — ці ты станеш ахвярай таталітарызму, ці хваста рэакцыі. Пасля 2006-га і пасля 2010-га яна не была такой доўгай і такой жорсткай, як мы памятаем.

І гэта рэакцыя набірае свае абароты. Яна мае сваю логіку і грунтуецца не толькі на пэўным выбары, напрыклад, Лукашэнкі, які вырашае менавіта так рабіць. Гэта ўжо апаратная логіка. Той жа ГУБАЗіК увайшоў у смак, для яго гэта ўжо руціна. Руціна пераследу, адсочвання па відэатэках.

А таксама персанажы. Пэўны час да 2020-га хіба ці не другой асобай у краіне быў Макей. Да яго магло быць рознае стаўленне. Але паэтам-песняром, рамантыкам гвалту ён не быў. Ён не быў супраць гвалту, але гэта не было яго прынцыповым момантам.

А вось калі калі казаць пра Шведа, Карпянкова ці, у першую чаргу, Качанаву, то гэтыя людзі, акрамя ўсяго іншага, рамантыкі дзяржаўнага гвалту. І хоць Лукашэнка, пэўна, слухае розных людзей, той жа Алейнік раіць адно, а Качанава раіць іншае. Таму вынік атрымліваецца такі, які ёсць.У сістэмы з’яўляюцца ўнутраныя механізмы, якія яе падтрымліваюць і нават гоняць усё далей і далей.

Акрамя таго — вайна. Таму што гэта адразу задае такую логіку: калі давядзецца ваяваць, то трэба, каб усе стаялі па стойцы «зважай». А хто стаіць вольна, тых паставіць загадзя.

— У Беларусі абвешчаныя чарговыя вялікія вучэнні, у краіну прыбываюць расійскія войскі і тэхніка. Такое ўражанне, што Пуцін спрабуе касплэіць сам сябе ўзору мінулага года. Наколькі гэта небяспечна для Беларусі, улічваючы той факт, што Захад такі пачаў даваць украінцам бронетэхніку?

— Адказу ў мяне тут няма. У тым сэнсе, што гэта можа быць і падрыхтоўкай. У тым жа нядаўнім інтэрв’ю Залужнага гаворка ішла пра магчымае ўварванне ў студзені-лютым. Ну вось, студзень ужо пачаўся. Таму, магчыма, насамрэч гэта і падрыхтоўка.

У рэшце рэшт, пакуль што столькі зброі завезлі, пакуль вязуць пераважна старую тэхніку. А заўтра могуць і новую. Відовішча намётаў на Абуз-Лясноўскім палігоне ў любым выпадку ўражвае.

З іншага боку, гэта можа быць сродак ціску на ўкраінцаў. Было некалькі тысяч расійскіх вайскоўцаў у Беларусі, цяпер ужо каля дзесяці тысяч. Лётныя вучэнні, прысутнасць ваенна-касмічных сілаў Расіі, што нагадвае нам пра тое, што паветраныя ўдары з нашай тэрыторыі па сутнасці не перапыняліся.

Усё гэта прымушае ўкраінцаў расцярушваць свае рэсурсы. Таму, магчыма, мэта пакуль ці наогул менавіта ў гэтым — адцягваць іх увагу і сілы на той накірунак, які, не выключана, і не меркавалася выкарыстоўваць для нападу. Тут трэба залезці ў галаву Пуціна ці Герасімава, каб дакладна даведацца пра іх планы. Ці трэба ім удар з беларускай тэрыторыі, ці гэта будзе нейкі дапаможны ўдар?

Якімі сіламі? Калі гэта будзе з удзелам беларусаў, то з поўным разгортваннем ці з удзелам сімвалічнага кантынгенту, як у студзені год таму ў Казахстане?

І тут, паўтаруся, вельмі паказальны момант з заявай Лукашэнкі пра суагрэсараў. Нічога не будуць хаваць гэтым разам, усё будзе дэманстратыўна — калі будзе задача ваяваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(15)