Политика

Дональд Туск пра мігрантаў на мяжы: «Магчыма, час пачаць рэалізацыю 4-га артыкулу NATO»

Былы прэзыдэнт Эўрапейскай Рады і колішні польскі прэм’ер заклікаў урад краіны распрацаваць плян па прадухіленьні мігранцкага крызісу на мяжы зь Беларусьсю, паведамляе Радыё Свабода.

Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве, лідэр галоўнай апазыцыйнай партыі Польшчы «Грамадзянская плятформа», заявіў, што ён вельмі занепакоены тым, што адбываецца і «што хутчэй за ўсё будзе адбыцца ў бліжэйшыя гадзіны на нашай усходняй мяжы».

— Праблема ў тым, што ніхто з нас ня ведае, што польскі ўрад зьбіраецца рабіць. Беручы пад увагу факт, што ў ціск на мяжы і ў арганізацыю групаў мігрантаў замешаныя беларускія службы, гэтая пагроза больш сур’ёзная, чым проста нелегальная міграцыя, — сказаў Дональд Туск. — Магчыма ўжо час падумаць, ці не прыйшоў час пачаць рэалізацыю 4 артыкулу NATO.

Калі нашая мяжа будзе пад пагрозай фізычнага ціску пры ўдзеле беларусаў, я маю на ўвазе беларускія службы, то паводле мяне гэта нагода каб пачаць кансультацыі ў рамках паўночна-атлянтычнага альянсу. Бо гэта ўжо датычыць бясьпекі ўсёй усходняй мяжы ЭЗ і NАТО, такіх краін як Польшча і Літва.

Што такое 4-ты артыкул NATO

Згаданы Тускам артыкул прадугледжвае правядзеньне надзвычайных кансультацый у NATO, калі адна з краін альянсу лічыць, што яе незалежнасьць, тэрытарыяльная цэласнасьць або бясьпека апынуліся пад пагрозай. Артыкул гучыць так:

«Бакі будуць кансультавацца разам, калі — на думку любога зь іх — тэрытарыяльная цэласнасьць, палітычная незалежнасьць або бясьпека любога з бакоў знаходзяцца пад пагрозай».

Наступны артыкул Статуту NATO, 5-ты, прапісвае дзеяньні краін супольнасьці ў выпадку нападу на адну або некалькі краін альянсу. Гэты артыкул абавязвае разглядаць такі напад як атаку на альянс у цэлым. Ён ужываўся толькі аднойчы ў гісторыі — пасьля тэрактаў у ЗША 11 верасьня 2001 года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(52)