«Дом Масквы» стане сымбалем Менску

Беларускія ўлады працягваюць брутальнае зьнішчэньне Менску. Па Калядах плянуецца знос старога будынку ля гатэлю «Беларусь», у якім месьціцца Дом дзіцячае творчасьці. Цягам бліжэйшых двух гадоў на ягоным месцы й на тэрыторыі старасьвецкіх Старажоўскіх могілак на Пярэсьпе будзе пабудаваны расейскі бізнэс-цэнтар «Дом Масквы». Ініцятыва сыходзіць ад маскоўскага правадыра Лужкова. Пад ягоны пражэкт выдаткавана агулам 3 гектары старажытнага менскага прадмесьця Пярэспа.

Праект гэтай спаруды ўжо прайшоў усе ўзгадненьні, цяпер вядуцца падрыхтоўчыя працы пад будоўлю. «Дом Масквы» мусіць стаць новым сымбалем Менску.

Акурат з гэтым месцам народнае паданьне лучыць Млын волата Мянеска, што стаяў колісь тут. Ад гэтага ўрочышча над рэчкай Пярэспай, на шляху Віленскім, паводле легенды й пачаўся Менск. У XVIII стагодзьдзі тут узьніклі праваслаўныя Старажоўскія могілкі. У 1985-1986 іх часткова зруйнавалі й разрабавалі. Цяпер гэты помнік археалёгіі, гісторыі й прыроды будзе зьнішчаны цалкам.

А з боку Траецкага прадмесьця будзе разбудавана вуліца Старавіленская. Тамака, на месцы старасьвецкіх кварталаў, вырасьце найбуйнейшы жыльлёвы комплекс з паркінгамі й бізнэс-цэнтрамі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)