Доктара Сірэнку, які здаў Някляева спецслужбам, зрабілі віцэ-губернатарам Міншчыны

Сярод новых кадравых прызначэнняў звяртае на сябе ўвагу асоба новага намесніка старшыні Мінаблвыканкама.

Доктар Віктар Сірэнка атрымаў сумную вядомасць у ноч з 19 на 20 снежня 2010 года. Ён, тагачасны кіраўнік бальніцы хуткай дапамогі, дазволіў спецслужбоўцам вывезці з бальніцы збітага кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

Менавіта Сірэнка змяніў дыягназ Някляева. Спачатку паэту паставілі дыягназ «закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, гематомы левай арбіты, удары мяккіх тканак». Праз пару гадзін, калі кандыдата ў прэзідэнты ўжо выкралі, Сірэнка выдаў даведку, у якой дыягназ «чэрапна-мазгавая траўма» не значыўся.

Праз некалькі месяцаў доктар пайшоў на павышэнне, яго прызначылі кіраўніком камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, а з цягам часу перавялі на аналагічную пасаду ў Мінаблвыканкам.

Цяпер ён стаў намеснікам старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры.

Сірэнка ўключаны ў спіс неўязных у Еўрасаюз, аднайменны персанаж з'явіўся ў кнізе «Былы сын» Аляксандра Філіпенкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)