Общество
Алёна Штраль, bulletinonline. org

Дэпутат Віцебскага гарсавета Вольга Карач напісала "пакаяннае пісьмо"

Дэпутат упарта дабіваецца, каб Аляксандр Лукашэнка падчас "Славянскага базару" завітаў да яе ў госьці yа вуліцу Церашковай, дзе людзі зьбіваюць ногі, а машыны — падвескі.

— 27 год таму на вуліцы Церашковай з’явіўся першы дом, — распавядае Вольга Карач. — З тае пары іх стала многа, тыповых 9— ды 3-павярховак, у якіх нарадзілася цэлае пакаленьне віцяблян. Я таксама з тых, хто вырас на бездарожжы гэтае вуліцы, якая за ўсе гады, колькі сябе памятаю, не рамантавалася ні разу.

Пасля абраньня дэпутатам гарсавету ў 2003-м годзе, першай справай Вольгі Карач стала менавіта добраўпарадкаваньне мікрараёна. Пасля зварота да камунальшчыкаў усе дванаццаць вялікіх ды малых дарог вуліцы Церашковай былі афіцыйна ўнесеныя ў адмысловую "Праграму добраўпарадкаваньня дваровых тэрыторый Віцебска на 2004-2005 г.г." Вользе Карач таксама паведамілі, што на гэтыя работы выдаткаваныя грошы — 391,7 мільёна беларускіх рублёў (па коштах 2003-га году). Але час прайшоў, а на вуліцы так нічога й не змянілася.

Жыхары вуліцы Церашковай, ужо навучаныя жыццём пісаць скаргі ў гарвыканкам, з ініцыятывы дэпутата вырашылі змяніць "жанр" сваіх бясплённых зваротаў да ўлады — напісалі запрашэнне на імя самога Аляксандра Лукашэнкі, каб ён завітаў сюды падчас "Славянскага базару". Падпісалі запрашэнне дзве тысячы чалавек, а копію скіравалі Мікалаю Віннікаву, генеральнаму дырэктару гарадскога аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

— Што тут пачалося! — распавядае Вольга Карач. — Адразу шэсьць дарог сталі тэрмінова асфальтаваць, засыпаючы масу проста ў лужыны. Адначасова ініцыятыўная група жыхароў вуліцы Церашковай атрымала адказ ад гендырэктара ГА ЖКГ: маўляў, усе працы вядуцца ў адпаведнасці з ранейшымі планамі гарадскога кіраўніцтва, між тым як "спадарыня Вольга Карач імкнецца прыпісаць іх сабе як асабістую заслугу, каб выкарыстоўваць потым у асабістых мэтах". І што вось такія "цёмныя асобы", як дэпутат гарсавета В.Карач, проста карыстаюцца тым, што гараджан "своечасова не апавяшчаюць пра тое, што будзе зроблена ў горадзе дзеля іхняе карысці".

"Людзі добрыя, каюся!"

Прачытаўшы допіс з гарвыканкаму, Вольга Карач даслала ў газэту "Віцебскі кур'ер" публічны зварот да жыхароў горада.

"Замест таго, каб вырашаць праблему, чыноўнікі вырашылі перайсці "на асобы", — піша В.Карач. — Маўляў, я хачу заасфальтаваць дарогі ў асабістых мэтах, а вы не слухайце нікога і далей весела скачыце па ямах ды калдобінах да сваіх дамоў. Людзі добрыя, каюся! Я насамрэч дабівался рамонта дарог у асабістых мэтах, бо мне надакучыла ламаць абцасы да скакаць, як жаба, з лужыны ў лужыну. Я разумею, што няма мне дараваньня з боку чыноўнікаў за такія непрыстойныя жаданні, але я ўсё адно хачу, каб дарогі былі добрыя! А вы?"

Напрыканцы "пакаяннага ліста" В.Карач нагадвае гарадзкім уладам, што з 12 запланаваных дарожных рамонтаў так-сяк зроблены ўсяго шэсць. Між тым да прыезда прэзыдэнта ў Віцебск засталіся ўсяго нейкія два тыдні, а выканаць усю праграму добраўпарадкаваньня камунальныя службы мусілі — самае позняе — паўгады таму.

...А раптам Лукашэнка сапраўды вырашыць завітаць на вуліцу Церашковай?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)