Дэпутацкая пэнсія будзе ў шэсьць разоў большая за звычайную?

Ад 1 верасьня ўказам Аляксандра Лукашэнкі падвышаныя працоўныя пэнсіі. Сярэдні памер пэнсіі паводле ўзросту ў гэтым месяцы складзе 315 300 рублёў — крыху больш як на 20 тысяч рублёў вышэй за папярэднія месяцы. Гэта першы дадатак да пэнсіяў сёлета, а кошты на тавары і паслугі расьлі ўвесь год.

Плянуецца, што сёлета пэнсіі могуць нязначна падвысіць і ў лістападзе — прыкладна на 4%.

Дадалі капейку, а шуму — на рубель?

Эканаміст Сяргей Балыкін нагадвае, што прэзыдэнцкім дэкрэтам пэнсіі прывязаныя да росту заробкаў. Аднак апошні час зарплата практычна не падвышаецца, таму і пэнсійныя надбаўкі замарожаныя:

“Гады тры таму Лукашэнка сваім дэкрэтам зьмяніў парадак падвышэньня пэнсіяў. Калі раней пэнсіі падвышаліся, як толькі сярэдні заробак узрастаў на 10%, то цяпер яны растуць тады, калі заробак падвышаецца на 15%. Але ж у нас насамрэч інфляцыя трохі зьнізілася, заробкі так хутка не растуць і, адпаведна, пэнсіянэрам пэнсіяў не падвышаюць.

І вось Лукашэнка, каб выглядаць такім гуманістам, добрым прэзыдэнтам, які хвалюецца пра свой электарат, падвышае пэнсіі сваім указам. І робіць з гэтага вялікі прапагандысцкі розгалас. Але ж каб ён у свой час не прымаў гэтага дэкрэту, то пэнсіі падвышаліся б аўтаматычна і болей, але ж тады гэта не была б заслуга прэзыдэнта”.

Пэнсію падвысілі ўпершыню, кошты расьлі пастаянна

Пэнсіі ў Беларусі параўнальныя з пэнсіямі ў суседніх Расеі і Ўкраіне — у сярэднім 130—150 даляраў. Аднак, як сьведчыць дынаміка коштаў на асноўныя групы тавараў, у Беларусі харчовы і прамысловы кошыкі істотна даражэйшыя, чым у згаданых дзяржавах.

Цягам першага паўгодзьдзя адбывалася падвышэньне коштаў практычна на ўсе групы тавараў, а таксама на паслугі для насельніцтва.

Днямі на прэсавай канфэрэнцыі статыстыку агучыў намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч:

“Што да сытуацыі ў цэлым, якая склалася ў асобных галінах эканомікі сёньня з цэнаўтварэньнем. За сем месяцаў гэтага году пры інфляцыі 4,1% харчовых тавараў рост склаў 4%, нехарчовых — 3,3%. І ў паслугах для насельніцтва індэкс росту тарыфаў склаў 3,1%. То бок, вось гэта асноўныя складнікі агульнай інфляцыі ў краіне — 4,1% за сем месяцаў”.

Нядаўняе падвышэньне тычыцца толькі цывільнага насельніцтва. Аднак нават з улікам дадатковых 10 даляраў звычайным пэнсіянэрам вельмі далёка да пэнсіянэраў вайсковых, якія ў эквіваленце маюць 300—400 даляраў.

Вайскоўцы і дэпутаты — пэнсійная “эліта”

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генэрал Валеры Фралоў мае нядрэнную вайсковую пэнсію. Аднак ён разьлічвае, што можа атрымліваць яшчэ больш — як дэпутат, які адпрацаваў мінімум адзін тэрмін ускладзеных на яго паўнамоцтваў:

— Калі мне гэтую пэнсію дадуць, як прэзыдэнт пісаў (а я падпадаю пад сьпіс асобаў, якія цалкам адзін тэрмін адпрацавалі ў парлямэнце), то, здаецца, яна будзе трошкі большая, чым генэральская. І калі ёсьць такі ўказ, то нават цікава — дадуць мне такую пэнсію ці не.

— Калі не сакрэт, якая ў вас генэральская пэнсія?

— Ну, я дакладна скажу. Я атрымліваю 1 мільён 80 тысяч рублёў. Гэта трохі меней, чым у генэралаў МУС, у іх болей. А тая пэнсія, якая прадугледжаная як былому дэпутату, то яна недзе пад два мільёны рублёў.

— Хто-небудзь зь цяперашніх дэпутатаў ужо атрымлівае такую пэнсію?

— Я аднойчы сустрэўся з адным дэпутатам, які, уласна кажучы, мне гэта і падказаў зрабіць — маўляў, давай афармляй такую пэнсію. Дык вось, ён сказаў: у нас два хлопцы такое зрабілі і ўжо атрымліваюць такую немаленькую паводле беларускіх мерак пэнсію.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)