Дэмакратычныя сілы прапануюць галасаваць супраць усіх
Дэмакратычныя сілы Беларусі выступілі з супольнай заяваю ў сувязі з прызначэннем прэзідэнцкіх «выбараў» на 26 студзеня.
У заяве, якую падпісалі Святлана Ціханоўская, Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная рада, гаворыцца:
– У 2025 годзе адбудуцца так званыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, а на самой справе – бязвыбары, таму што права выбару ў людзей скрадзенае.
Электаральная кампанія праводзіцца ў сітуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь. Аляксандр Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадства, абапіраючыся на падтрымку Крамля.
Больш за 1300 чалавек на дадзены момант афіцыйна прызнаныя палітзняволенымі, а патэнцыйныя кандыдаты незаконна кінутыя за краты ці выціснутыя з краіны.
З-за рэпрэсіяў беларусы і беларускі не змогуць пабачыць дэмакратычных кандыдатаў і кандыдатак у бюлетэнях, паўдзельнічаць у мітынгах і агітацыйнай кампаніі.
Баючыся чарговай паразы на выбарах, рэжым пазбавіў рэгістрацыі ўсе апазіцыйныя партыі, больш за 1700 грамадскіх арганізацыяў і закрыў усе незалежныя медыя.
Гэта яшчэ далей ад свабодных выбараў, чым калі-небудзь раней у Беларусі.
Мы патрабуем спынення ўсіх відаў рэпрэсіяў, вызвалення ўсіх палітзняволеных, рэалізацыі права ўсіх грамадзянаў Беларусі на паўнавартасны ўдзел у выбарах незалежна ад месца жыхарства, забеспячэння свабоды сходаў і роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі, а таксама правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі АБСЕ і пад кантролем назіральнікаў.
Калі гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя рэжымам, мы лічым тое, што адбудзецца ў 2025 годзе, імітацыяй выбарчага працэсу.
Мы прапануем выказаць свой пратэст шляхам галасавання супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу. Мы таксама прапрацоўваем і прапануем іншыя варыянты як выказаць пратэст у залежнасці ад развіцця сітуацыі.
Такім чынам мы пакажам, што беларускае грамадства дагэтуль выступае супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і справядлівых выбараў.
Читайте еще
Избранное