Общество

Давыдзька: «Мы знаходзімся пад беспрэцэдэнтным мэдыя-уплывам з боку ворагаў»

Старшыня праўладнай «Белай Русі» пад час сустрэчы з актывам Магілёўскай вобласьці даў «наказ» калегам годна супрацьдзейнічаць «сацыяльнай агрэсіі». Як гэта было – пiша Радыё Свабода.

— Мы знаходзімся пад беспрэцэдэнтным мэдыя-уплывам з боку нашых ворагаў, — сказаў Генадзь Давыдзька. — Дарэчы, гэтыя людзі ня хочуць прыйсьці да ўлады. Іх задача — пашумець, унесьці раскол, але пры гэтым ні за што ў выніку не адказваць. Айчынную інтэрнэт-пляцоўку сёньня занялі ворагі дзяржаўнасьці, якія апярэдзілі тут патрыятычныя сілы. Але гэта поле трэба патроху адваёўваць, захопліваць часова страчаныя пазыцыі.

I даў «ёмістыя» ацэнкі ўсім тым, хто найбольш «агрэсіўна» спрабуе супрацьстаяць цяперашняму кіраўніку дзяржавы і яго курсу, намінуючыся ў якасьці патэнцыйных кандыдатаў на найвышэйшую пасаду. Паводле Давыдзькi, неабходныя «прэвэнтыўныя меры», якія дазволяць захаваць краіну і грамадзтва ад самага страшнага — вялікай крыві, паралічу ўлады, развалу эканомікі.

Ён распавёў пра размову з маладымі людзьмі, што стаялі ў «пратэстным ланцугу» у цэнтры Менска:

– Вы думаеце, ім патрэбныя перамены? Нічога падобнага. Ім не перамены патрэбныя, а шоў, дзьвіжуха. Гэта проста безадказныя выхаванцы інтэрнэту. Такім людзям варта падказаць, каб яны шукалі праблемы не ва ўладзе, не ў прэзыдэнце, а ў сабе. Магчыма, тады іх жыцьцё наладзіцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.1(109)