Выборы-2020

Дашкевіч: «Сёньня галоўнае: ня даць сябе ўцягнуць у чужую гульню»

Грамадзтва стамілася – гэта відавочна, піша грамадзкі актывіст Зьміцер Дашкевіч.

– Такія ўжо гіторыі слухаеш штодня, так нагагочашся, як раней і за год не насьмяешся. Заходжу вось да аднаго прадпрымальніка ў суседні цэх, а той распавядае мне пра дыскусію з жонкай. «Едзем на працу, разважаем, куды гэта коціцца ўсё, а яна тут раптам: «Як жа мы сітуацыю ў краіне запусьцілі!» Я аж зьдзівіўся! Кажу ёй: «Пастой, калі гэта МЫ пасьпелі запусьціць? Дзесяць год таму, калі ты магла сабе дазволіць і два разы на год кудысьці зьлётаць, усё было добра? Дзесяць гадоў таму ты галасаваць за яго хадзіла, а цяпер МЫ запусьцілі? Калі быў гэты момант, як МЫ запусьцілі?!» Маўчыць. Запусьцілі МЫ!»

І вось што гэтыя рабацягі ці прадпрымальнікі, што палітолагі, што сацыяльныя сеткі – усе так стаміліся, што гатовы ўчапіцца за любую нітачку. Стартанула апазіцыя з праймерыз – задурылі мне рабацягі галаву «За каго галасаваць», аж прыйшлося загітаваць усіх за байкот. Стартануў айцішнік – усхадзіліся ўсе ад шчасьця. На парозе 26-га года дыктатуры адчуў сябе прэзідэнтам банкір – абамлелі ад радасьці. І гэта зразумела: грамадзтва стамілася. У сёньняшнім раскладзе любы больш-менш адэкватны публічны чалавек пераможа Жэстачайшага пры сумленным падліку галасоў.

Мінула пакаленьне і таму ня дзіўна, што мы забыліся, з якімі добрымі намерамі многія абіралі ў 1994 годзе Бацьку хлусьні: любы, абы ня Кебіч. Пасьля мы крытыкавалі дэмакратычных кандыдатаў у 2001, крытыкавалі ў 2006, крытыкавалі ў 2010 – іх можна крытыкаваць і цяпер, але не сумніўна адно: усе яны белае хаця б стараліся называць белым, а чорнае – чорным. Што цяпер? Цяпер: які сьцяг – ня ведаю, які герб – ня ведаю, чый Крым – не скажу, пра 31-ую карту пагаворым потым. А Скарына кляпаў расейскую мову, а мы ўсе адзін народ. А што Беларусь, Беларусі-та ў 1863 і не было. Разумееце, Беларусі ў 1863 не было, а выбары ў Беларусі ў 2020 ёсьць – гэта фініш...

І няма нават сэнсу спрачацца: гэта ён так брэша, каб электарату спадабацца, ці яму такія сьцяжкі выставілі – гэта нічога не мяняе, бо ўжо відавочна галоўнае: гэта чужая гульня чужых Беларусі людзей. І калі хто ў яе ўцягнуўся, не зьдзіўляйцеся, калі потым будзе адхадняк…

Нехта думае, што такім чынам нешта дакажа Фальсіфікатару? Фальсіфікатар сфальсіфікуе ўсё, апроч пустых школ і пустых выбарчыў участкаў. Але, канечне, гэта іншая тэма.

Я разумею, хочацца нешта рабіць. Я і сам раней быў перакананы: лепей рабіць хоць што-небудзь, чым не рабіць нічога. Але пасьля 20 год у апазіцыі пакаяўся: лепш не рабіць нічога, чым рабіць глупства. У дадатак да ўсяго, заўважце, як лоўка палітычныя лідары за 26 год убілі нам у галаву падман: калі ты не пайшоў за намі ў кааліцыю, ініцыятыўную групу, на вуліцу – ты нічога ня робіш. Аднак патрыёт, які не ў кааліцыях, але ахвяруе на беларускія праекты – будуе Беларусь. А мама, якая размаўляе з дзіцёнкам на роднай мове – будуе Беларусь трывалей за любога вулічнага змагара. Грамадзкія актывісты, якія дапамагаюць дактарам будуюць Беларусь, якой захапляешся ўжо зараз.

Я так думаю і мяркую гэта многія цяпер адчуваць: мы жывем у вызначальны час. Сёньня галоўнае: ня даць сябе ўцягнуць у чужую гульню. І хай не падмануць нас, што мы нічога ня робім: мы робім многае з таго, што ў нашай моцы. А з Гарантам застою ёсьць каму разабрацца – і будзьце пэўныя, праз айцішніка ці праз банкіра, але зь ім разьбяруцца. Хто захоча ўлезьці ў гэтую разборку – атрымае і ўзнагароду разборшчыкаў. Мне здаецца, Творца гісторыі дае нам такі ж шанец, які даваў патрыётам стагодзьдзе таму, калі ўшчынілася разборка паміж шавіністычным царызмам і шавіністычным бальшавізмам. Нехта ўлез у гэтую бойню ды тапіў ці за белых вар'ятаў, ці за чырвоных – і падзяліў са злачынцамі іхную ўзнагароду. А патрыёты, якія не далі сябе падмануць, сабраліся ў сакавіку 1918-га і абвесьцілі Незалежнасьць Беларусі – і мы цяпер гэта маем.

Дык які сэнс рабіць стаўку на ката ў мяху ў чаканьні непрадказальнага, калі можна ахвяраваць свае сілы, час і грошы на зразумелыя і стваральныя рэчы?

Белоус: «Что делать? Ответ один – не молчать. Раскрывать вранье, фальсификации и показуху»

Можаш падтрымаць незалежныя медыя: СМІ і блогераў – падтрымай. Можаш паўдзельнічаць у грамадзкіх ці культурніцкіх кампаніях – далучайся. Маеш язык у роце размаўляць на роднай мове – размаўляй. Маеш ногі прыйсьці ў Курапаты – прыйдзі. Менавіта гэта працуе на перамены, а не ўдзел у цьмяных кампаніях цьмяных кандыдатаў. Калі мы сёньня не дадзволім сябе падмануць, заўтра згуляем не ў чужую гульню, але ў сваю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.7(70)