Дашкевіч: «Нарадзіўся новы чалавек»

Які хоча і будзе жыць па-новаму.

Фота TUT.BY

– Вырас я на Калыме. У 86-м, на 5-гадовы юбілей падаравалі мне кнігу пра Леніна. Я чытаў і марыў стаць, канечне, Леніным – самым добрым у сьвеце і самым мудрым, – пiша Зьміцер Дашкевіч. – Яшчэ ў дзяцінстве слухаў я гімн «сваёй» краіны і дрыжыкі ішлі па скуры – я адчуваў нешта велічнае, дый ня дзіва, калі «Союз нерушымый рэспублік свабодных!»

Сьцяг тае эпохі не адбіўся ў маёй памяці, сьцяг я памятаю ўжо незалежнай Беларусі. А вось жонка мая Настачка, якая сталела гадоў праз дзесяць пасьля майго, распавядае, што ў дзяцінстве на дні горада цягала з патрыятычных пачуцьцяў чырвона-зялёны сьцяжок. Што зробіш, так нас выхоўвалі ў турме народаў, такое было савецка-лукашэнкаўскае дзяцінства.

І вось прыйшоў той дзень, калі ўбачыў я Бел-Чырвона-Белы сьцяг – і ён асьвятліў мяне сваім зьзянем, і я яго палюбіў. А потым я падумаў, што любоў павінна праяўляцца ў справах – і я ўзяў яго і панёс. І вось я 20 год яго нясу.

За Сьцяг білі, за Сьцяг садзілі. І цяпер за Сьцяг б'юць і за яго садзяць. Дык як мне быць, несьці яго скрозь перасьлед далей ці ўчапіцца за савецкі ці чырвона-зялёны, пад якімі мы расьлі? Гэта магло б выглядаць так: Настачка ўзьняла б чырвона-зялёны, а я б апрануў гальштук і засьпяваў ёй: «Парція Леніна, сіла народная нас к таржаству камунізму вядзёць!»

А калі нехта пакруціў бы пальцам ля скроні, мы б сказалі: давайце не разьдзяляць, а аб'ядноўваць – гэта наша гісторыя. Цяпер у такія прыгожыя словы абгортваюць трызьненьне? Але ж мы былі і пад расейскай акупацыяй, і пад нямецкай нехта нарадзіўся і вырас. І што цяпер, узьняць мо свастыку?

У жніўні 2020-га нам ужо прапаноўвалі цягаць чырвона-зялёны сьцяг дзеля стварэньня фэйку, што ўсе мы разам. Але разам хто – народ і акупанты? Ці разам людзі Праўды і масандравая брыгада? Дык калі нехта з боку цемры хацеў бы падтрымаць народ, хай бы выйшлі з чырвона-зялёным і падтрымалі.

Хай бы з чырвона-зялёным за народ выйшаў Макей – я б расцалаваў яго, каб стрэў на праспэкце. Хай бы з чырвона-зялёным падтрымалі народ Эйсманты – я пляскаў бы ім у ладкі. Аж не – зьвярам добра са Зьверам пад сымбалем зьверства. І што замест гэтага? Замест гэтага самыя «разумныя» прапаноўваюць нам ухапіць чырвона-зялёны дзеля стварэньня хлусьні, што і акупацыйная адміністрацыя з народам. Дык вось, дэпутаты лукашэнкаўскага менгарвыканкама выйшлі на марш за Праўду, і што яны ўзьнялі? Я б зразумеў іх, калі б яны ўзьнялі чырвона-зялёны сьцяг. Але людзі Праўды тут жа ўзьнялі Сьцяг Праўды – Бел-Чырвона-Белы. Бо чалавек нарадзіўся наноў і ён хоча жыць па-новаму!

«Вось, Я раблю новае; а цяпер яно зьявіцца; няўжо вы і гэтага ня хочаце ведаць? Я правяду дарогу ў стэпе, рэкі – у пустыні», – кажа Бог праз Ісаю. І цяпер мы бачым, што Творца гіторыі робіць у Беларусі новае і нечуванае – рэкі пацяклі ў пустыні.

А ў гэты самы час нам прапануюць учапіцца за старыя лахманы. Я заўсёды стараюся паставіць сябе на месца іншага і падумаць, чым ён кіруецца, каб зразумець і не асуджаць дарэмна. Але тут я ніяк не магу спасьцігнуць логіку. Мяне гэта абурала, але ладна яшчэ да 9 жніўня заігрывалі з чырвона-зялёным сьцягам: баяліся, што людзі ня прымуць сапраўдны Сьцяг; палявалі за электаратам; перахітрыць хітруна хацелі. Але цяпер, калі рабочы рух і інтэлігенцыя, прадстаўнікі наменклатуры і змагары – усе дружна ўзьнялі Сьцяг, мудрацы гэтага веку нам кажуць: уздыміце брыду.

У сьнежні 2020 года, калі за абарону Сьцяга забіты Раман Бандарэнка, яны нас заклікаюць: нясіце сымбаль забойцаў. Толькі логікай гэта неспасьцігальна, гэта праблема ў духовай сфэры.

Няўжо вы не разумееце, што робіцца навокал? Няўжо вы асьлеплі, каб убачыць нацыю, якая нараджаецца, новую Беларусь, якая паўстае са стагодзьдзяў вынішчэньня?

Вось, Творца гісторыі робіць новае, няўжо вы і гэтага ня хочаце ведаць? Стары чалавек мінуў – усё, няма яго, забудзьцеся. Калі я нарадзіўся наноў, мне ўжо ня трэба людаед Ленін, турма народаў і сымбаль 26-гадовай хлусьні.

Плынь гісторыі не павернеш назад: нарадзіўся новы чалавек, які хоча і будзе жыць па-новаму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(61)