БНР
Марына Загорская

Дарога Івонкі

Капэнгаген, Парыж ці Мадрыд яна наведвае з уражаньнем, што вяртаецца ў сваю вёску. Дзяўчына, падобная да кіназоркі “новай хвалі”, прыхільніца імпрэсіянізму, палітык, які прамаўляе з трыбуны пад “Пагоняй” – гэта ўсё Івонка Сурвіла, сёмы прэзыдэнт Рады БНР -- апошняга ў Эўропе ўраду ў выгнаньні.

Стоўпцы — Капэнгаген — Парыж — Мадрыд — Атава — Менск. Такія прыпынкі зрабіла ў жыцьцёвым маршруце і ў сваёй кнізе “Дарога” Івонка Сурвіла. Гэта аповед пра лёс сем’яў Шыманцоў-Сурвілаў, зьнітаваны з гісторыяй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, беларускай дыяспары і ўсёй Беларусі.

Я чытаю старонку за старонкай і ўзгадваю красавік 1990-га, калі пазнаёмілася ў сталіцы Канады -- Атаве -- з Янкам і Івонкай Сурвіламі і была зачараваная яе шчырасьцю, беларускасьцю і спагадлівым позіркам.

Высьвятлілася, што ў дзяцінстве я коўзалася на санках з горкі каля той самай турмы ў Баранавічах, з якой цудам выратаваўся яе бацька Уладзімер Шыманец за гадзіну да таго, як вязьняў прыехалі расстрэльваць. Івонка прыгадала жахлівую гісторыю, якая ў кнігу “Дарога” чамусьці не трапіла, а ў маёй памяці засталася -- пра тое, як мама Івонкі, даведаўшыся пра татаў прысуд на пяць гадоў Сібіры, прыйшла забіраць іх зь Лёнікам з дзіцячага садочку і пачула, як дзяцей вучаць пець: “Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек”…

Нядзіва, што праз пяць год перад другім надыходам бальшавікоў, як піша Івонка, бацькі “вырашылі, што ня здолеюць перанесьці новага зьняволеньня, і выбраліся з малымі дзецьмі ў няведамы сьвет”. Але ў Францыі асяліліся менавіта таму, што адтуль “і пяшком можна будзе вярнуцца дадому”. Кніга “Беларусь учора і сёньня” ды некалькі фотаздымкаў – адзінае багацьце, што сям’я выратавала з Беларусі.

Як уцякалі ад вайны

“Савецкія самалёты шмат разоў прыляталі – стралялі ў нас. Кідаліся мы на пясок. Мама пад сабой хавала сястрычку, тата стараўся пад сябе схаваць мяне і Лёніка. Кулі падалі папросту між нашымі пальцамі”, – гэта праўда Івонкі пра вайну. Ды яшчэ ўспаміны пра тое, як трапіў на міну карабель, на якім яны павінны былі плыць з Прусіі і загінулі тры тысячы жанчын і дзяцей, як у незруйнаваным прыгожым Капэнгагене імкнуліся найхутчэй пазбавіцца ад няпрошаных уцекачоў, як лекары адмаўляліся лячыць дзяцей, як памерла маленькая сястрычка Прадслава, а сама Івонка развучылася гуляць у лялькі.

Эмігранцкі лёс

У Парыжы сям’я жыла на выспе Ля Гранд Жат, дзе нядаўна набыў кватэру прэзыдэнт Францыі Сарказі. Цяпер гэта адзін з найбольш прэстыжных раёнаў, а пасля вайны там асяляліся толькі бедныя эмігранты.

“Дарога” -- першыя ўспаміны пра жыцьцё беларускіх эмігрантаў у Даніі і паваеннай Францыі. Івонка імкнецца не засяроджвацца на цяжкасьцях жыцьця. Спыняецца на тым, што добрага даў ёй лёс. Пра дацкі уцякацкі лагер, напрыклад, узгадвае, як Уладзімер Шыманец працаваў над перакладам на беларускую мову казак Андэрсэна і меркаваў, як прыстасаваць да Беларусі дацкі досьвед. З жыцьця ў Парыжы – як тата маляваў маркі для БНР, а яна – узоры для вышыванак. Як талакой сьвяткавалі ўгодкі БНР і будавалі дамы. Як ездзілі ў Вэрсаль: “Дрэвы былі залатыя, неба фіялетавае, палац ружовы — я была захопленая”.

Калі Рада БНР перадасьць мандат Беларусі

Мэмуары Івонкі Сурвілы сталіся першымі ўспамінамі кіраўніка Рады БНР пра яе гісторыю. Трох старшыняў – Міколу Абрамчыка, Вінцука Жук-Грышкевіча і Язэпа Сажыча -- Івонка ведала асабіста. Дагэтуль захоўвае словы, якія напісаў ёй калісьці ў маленькай кніжачцы аўтографаў Мікола Абрамчык, які быў старшынём Рады на выгнаньні 27 гадоў: “Маленькай, але бравай беларусцы, Івонцы Шыманец, што так моцна змагаецца за сваю беларускасьць”.

Янка Сажыч прымаў удзел у сьвяткаваньні 75-х угодкаў БНР у Менску ў 1993 годзе. Калі Беларусь аднавіла свае сымбалі і загаварыла па-беларуску, ён спадзяваўся, што зможа, нарэшце, перадаць паўнамоцтвы Рады БНР вольнаму беларускаму парлямэнту ў Менску. Але да гэтага не дайшло.

“Рада БНР гатовая перадаць свой мандат той Беларусі, у якой незалежнасьць і дэмакратычныя свабоды замацуюцца незваротна”, -- непахісна адзначае Івонка і цяпер.

Дзеля слова “Беларусь”

Калі канадзкі ўрад выдаў накладам 400 тысяч асобнікаў мапу афіцыйных моваў сьвету і адзінай афіцыйнай мовай усяго Савецкага Саюзу назваў расейскую, прадстаўнікі паняволеных народаў – так называлі народы СССР і камуністычнага лягеру – успрынялі гэта як абразу. І дамагліся, каб мапу перавыдалі. Дзякуючы прысутнасьці Янкі Сурвілы беларуская мова была ўключаная у сьпіс афіцыйных моваў сьвету.

Напрыканцы 1980-х Івонка таксама даказала канадзкаму прадстаўніку ў Міжнароднай арганізацыі нормаў, што беларуская мова не называецца па-беларуску “белорусским языком”, як там было сказана. Памылка была папраўленая ў публікацыях Міжнароднай арганізацыі нормаў на просьбу не БССР, а Канады.

“Трэба было на кожным кроку змагацца каб вярнуць Беларусь на мапу сьвету. Савецкі Менск гэтым не цікавіўся, а Масква хавала ад сьвету, што мы наагул існуем, -- піша Івонка, заўважаючы, што беларусы на эміграцыі рабілі ўсё, што маглі, каб быць голасам свайго краю. -- Магло гэта быць будаваньне нашых сьвятыняў за так цяжка заробленыя грошы. Магло быць навучаньне нашых дзетак беларускай, мове, спевам, танцам. Альбо запіс беларускіх песьняў, якія тата наспяваў перад смерцю і пакінуў брату і мне, каб не забыліся”.

Сама Івонка ўпершыню прадставіла Беларусь перад чужынцамі, калі ў дзяцінстве ў Даніі станьчыла “Лявоніху”. У мастацкіх выставах прымала ўдзел, каб было напісана ў каталёгу слова “Беларусь”. Аднойчы даведалася пра вялікую выставу “Усё мастацтва сьвету”, якую арганізавала ў 1985 годзе міністэрства культуры Квэбэку. Падала адну працу.

“Але мне падалося, што якісь непісьменны куратар можа замяніць слова “Беларусь” словам “Расея” (звычайна гэта рабілі, каб, маўляў, “людзям было лягчэй зразумець”), і таму пазваніла, каб даведацца, як выглядае запіска пра маю працу ў каталёгу. Напісалі, што нарадзілася я ў Расеі. Я, безумоўна, моцна загневалася і сказала, што калі не паправяць, забіраю працу назад. Паправілі”, – нават сёньня, нават па кніжных радках адчуваецца, як узрадавала Івонку гэтая перамога.

І сёньня сваё веданьне каля дзесятка розных моваў: ангельскай, дацкай, нямецкай, францускай, гішпанскай, польскай і скандынаўскіх – у яе атрымліваецца скарыстоўваць дзеля таго, каб у сьвеце гучала мова родная – беларуская.

“Выглядае, што ўсё нармальна”

Удзел створанага беларусамі Канадзкага фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў ліквідацыі наступстваў аварыі да гэтага часу не афішуецца ў Беларусі. Калі, даведаўшыся пра Чарнобыль, Івонка зьвярнулася ў аддзел ядзернай энергіі міністэрства здароўя Канады, яе там запэўнілі, што пра Беларусь няма зьвестак – “выглядае, што ўсё нармальна”.

Толькі ў 1989 годзе канадзкія беларусы даведаліся пра маштабы трагедыі. Карысталіся любой нагодай, каб паведаміць грамадзкасьці пра беларускую бяду. Але назьбіралі толькі 5 тысяч даляраў, дзякуючы ахвярнасьці саміх беларусаў. “Мы гэта страшэнна перажывалі”, -- узгадвае ў кнізе Івонка. Але праз год каля 70 сем’яў гатовыя былі ўжо прымаць беларускіх дзетак. А ў 1997 годзе болей за 600 дзетак прыехалі на аздараўленьне ў Канаду.

“Тады ўжо ўся Канада ведала пра Беларусь і пра наступствы Чарнобылю ў Беларусі. Дзякуючы фонду была вылучана дапамога на мільёны даляраў, ня ўлічваючы трох самалётаў, поўных лекаў, якія міністэрства замежных справаў Канады паслала ў 1992 годзе ў Беларусь на нашу просьбу”, -- піша Івонка.

Дзякуй, Івонка: я пачуваю сябе беларускай!

У 1993 годзе Паўлінка -- малодшая дачка Івонкі і Янкі Сурвілаў прыехала ў Беларусь пісаць доктарскую дысертацыю пра рок-музыку ў нашай краіне. Яна сказала тады, што ўпершыню ў жыцьці адчула сябе дома ў той момант, калі самалёт, якім ляцела ў Беларусь, прызямліўся ў Менску. Хоць дагэтуль ніколі ў Беларусі не была.

Я ж усьвядоміла сябе беларускай за адзін вечар у Канадзе, у 1990-м. Калі Янка прызнаўся, што ніводны яблык у сьвеце не мае такога паху, як беларускі, і далікатна паправіў мой “Мінск” на “Менск”. Калі Івонка адвяла ў свой пакой, паказала намаляваны тушшу Наваградзкі замак і дапытвала мяне, бы якога экспэрта, ці падобны ён на цяперашні сапраўдны. Калі пад сьпевы Даньчыка мы пілі гарбату і разглядалі фотаздымкі ў альбоме, вокладку якога вышыла беларускім арнаментам ягоная маці.

Тады я зразумела, што справа не ў палітыцы канадзкага шматкультур’я, якая дазваляе кожнаму эмігранту адчуваць сябе, як дома, а ў тым, што эміграцыя людзей, з якімі мне пашчасціла сустрэцца ў гэтай краіне, сталася пачаткам вяртаньня незалежнай Беларусі для ўсіх беларусаў. Гэта яна і ёсьць, Івончына дарога.

“Дарога” -- чатырнаццатая кніга выдавецкай сэрыі “Бібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя”. Яе прэзэнтацыя адбудзецца ў Менску 17 сакавіка а 18 гадзіне ў сядзібе БНФ на Машэрава, 8 (былая Варвашэні).

З бацькамі ў Стоўпцах. Зіма 1936-1937

На сьвяткаваньні 25 Сакавіка. Парыж, 1955

Івонка ідзе на заняткі ў Сарбону. Парыж, 1950-я

Каля Нотрэ-Дам. Канец 1950-х

Вясельле. Сартрувіль, 1959

Сямейныя Каляды. Ганна, Івонка, Паўлінка й Янка. Мадрыд, 1964

У Люстраной залі праскага Клемэнтынуму разам зь Зянонам Пазьняком, Васілём Быкавым і Сяргеем Навумчыкам. Прага, 2000