Общество
Eolonir

Дарафеева зьмяніла Лукашэнку

Вось такі загад быў атрыманы адной з агэнцыяў па рэкляме ў Менску.

Дзякуй w_mechaniczny.

Цікавыя фармулёўкі. Проста зь візэрункам Ірыны Дарафеевай? А якім дакладна? Ці плакаты будуць спускаць зьверху? І вышэйшая рука будзе рэглямэнтаваць колькасьць піксэляў у вянку й раскаляроўку левае часткі твару? І памер літараў у гасле будзе зацьвярджацца адмысловай сэсіяй парлямэнту? Атрымоўваецца, як ў вядомае показцы наконт бульбы.

Да апошняга часу ў Беларусі быў толькі адзін імідж за мяжой (і “ў мяжы”) — дзейсны прэзыдэнт. Нягледзячы на “барацьбу зь нізкапаклонствам”, ініцыятарам і адзіным выканаўцам якой выступае С.А.М., партрэты ў фас ды профіль вісяць амаль што ва ўсіх дзяржаўных установах. А днямі, як засьведчыў адзін з ЖЖыстаў, кіроўца ў маршрутцы назваў жанчыну, што абуралася наяўнасьцю таго ж партрэту над стырном, “ворагам народу”. Маўляў, вазіць такіх ня буду, пасьля чаго жанчына была прымушаная пакінуць машыну.

Але пакінем гісторыі лягічнае пытаньне, а што рабілі на гэта астатнія пасажыры? За мяжой імідж Беларусі настолькі засацыяваўся з Лукашэнкам, што яшчэ крыху — й можна будзе мяняць назоў краіны. Беларусь у Нямеччыне дасюль не выклікае такое хуткае рэакцыі, як Белая Расея або Лукашэнка. Гішпаньскі мытнік у адказ на тое, што я зь Беларусі, пакрывіў носам і прамармытаў нешта вельмі падобнае на прозьвішча ППРБ. Салідарнасьць астатніх не прымусіла сябе доўга чакаць — усяго за месяц інтэнсіўных знаёмстваў з памежнікамі я назаўжды зразумеў тое, што нацыянальнасьць не завадзіць выбітнаму з фанэтычнага пункту вымаўленьня прозьвішча Аляксандра Рыгоравіча. І тое, што ў Беларусі існуе толькі Лукашэнка (а, ну й яшчэ-такі Паў-лічч-чэн-ко) і барацьбіты за дэмакратыю. Апошніх увесь час выключаюць з унывэраў, а першы любіць Гітлера. І ўсялякія млявыя захады намэнклятуры палепшыць афіцыйны імідж краіны за мяжой вырачаныя на правал.

І тут Беларусі, якая (паводле словаў Вялікага й Паўсюднага Дэмакрата, Барацьбіта за Правы Чалавека пана Гайдукевіча) “зрабіла першы крок на шляху да дэмакратыі”, раптоўна патрэбны новы імідж. Не, ён быў патрэбны ўвесь той час, але зараз – асабліва. І было вырашана зрабіць тое, што ў маркетынгавым асяродку называецца ёмістым словам “рэбрэндынг”. То бок проста на ўсіх афіцыйных мерапрыемствах раскручваць пані Дарафееву ў якасьці асноўнага й галоўнага твару краіны. Гэта пасьля яе выявы сталі з’яўляцца на бігбордах у Менску. Хаця спачатку яна прызначалася толькі “для замежнага карыстаньня”.

Няма сумневу, твар пекны. Але ці ёсьць тое лепшым укладаньнем грошай, якіх і так бракуе эканоміцы? Натуральна, у Менску рэклямныя агэнцыі павесяць выявы пані Ірыны і за так, лякаючыся пазбаўленьня ліцэнзіяў. А за мяжой? Так што, хутчэй за ўсё, мы атрымаем Лукашэнку ў габінэтах, а Дарафееву на вуліцах. А за мяжой застанецца той жа чорна-белы падзел.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)