«Дапамога партызанскім паплечнікам Машэрава і пагубіла»
У 2018-м адзначаецца 100 год з дня нараджэння Пятра Машэрава. Фотамастак Георгій Ліхтаровіч распавёў «Салідарнасці» пра малавядомыя бакі кіраўніка савецкай Беларусі.
Георгій Ліхтаровіч працаваў у выдавецтве «Беларусь», дзе яму прыходзілася здымаць камуністычныя святы і мерапрыемствы з прысутнасцю першай асобы БССР.
Георгій Ліхтаровіч
– Не магу сказаць, што быў блізка знаёмы з Машэравым, але некалькі разоў мы віталіся за руку. Няшмат людзей дапускаліся да афіцыйных здымкаў, мой твар намазоліў яму вочы, – распавядае фотажурналіст.
Яго меркаванне значна адрозніваецца ад таго, аб чым шмат пісалася і казалася пра Пятра Машэрава раней.
1978 год. З фондаў БДАКФФД
«На беларускай мове ён не размаўляў»
– Апошнім часам Машэрава пачынаюць ідэалізаваць, лічыць, што ён быў прабеларускім чалавекам. Але пры ім ішла русіфікацыя. З беларусаў паспяхова рабілі савецкіх людзей.
На беларускай мове Машэраў не размаўляў. На маёй памяці адзін раз на нейкім мерапрыемстве ён зрабіў даклад на беларускай мове. Але, відаць, атрымаў зверху не надта добрыя водгукі, і больш яе не ўжываў.
Машэраў, як і астатнія кіраўнікі савецкай Беларусі, стараўся перавыканаць маскоўскія заданні па ўсіх параметрах: і па пастаўцы бульбы, і па русіфікацыі.
Яго вялікая прыхільнасць да пісьменнікаў і людзей культуры? Напэўна, унутры Машэрава ішла барацьба. Ён не быў падобны на чалавека, які цалкам згубіў сумленне. Але пасада вымушала яго рабіць тыя крокі, якія ён зрабіў. Трэба было ці ўпісвацца ў сістэму, ці сыходзіць з яе – ваяваць знутры было практычна немагчыма.
«Машэраў выйгрышна глядзеўся на фоне палітбюро, дзе сядзелі глыбокія пенсіянеры»
Трэба прызнаць, што ў грамадстве да яго было добразычлівае стаўленне. Усё пазнаецца ў параўнанні. Машэраў выйгрышна глядзеўся на фоне палітбюро, дзе сядзелі глыбокія пенсіянеры: як кажуць, хто ад батарэйкі працаваў, хто ад сеткі. Калі беларусы глядзелі на Брэжнева, Падгорнага і астатніх персанажаў, то разумелі, што ім пашанцавала з адносна маладым і дзеяздольным чалавекам.
Фота Георгія Ліхтаровіча
«Бывалі і ў яго заскокі»
Не варта ідэалізаваць Машэрава і таму, што і ў яго бывалі заскокі. Неяк ён учыніў семінар па нарыхтоцы кармоў. Былі сабраны фактычна ўсе кіраўнікі БССР – міністры, іх намеснікі, сакратары абкамаў і райкамаў. 400 з гакам чалавек прыехалі ў Гародню, апанавалі ўсе гасцініцы і штодзень ездзілі па гаспадарках. Дзе натуральна была паказуха: па лінеечцы выстаўленая тэхніка і даяркі ў белых халаціках.
Ездзілі яны гэтай аравай і ледзь не за цыцкі кароваў мацалі (добра, што не даярак). Выглядала гэта смешна. Уявіце натоўп у гарнітурах і гальштуках, які ходзіць па кароўніках.
І вось раптам Машэраў спыніўся каля ангара з тэхнікай. А там высокія жалезныя дзверы для праезда тэхнікі. Машэраў угледзеў гэта і пачаў крытыкаваць: маўляў які безгаспадарчы падыход, столькі металу змарнавана! І пасля кожны з чыноўнікаў услед за Машэравым тузаў гэтыя дзверы і ківаў галавой.
Цяпер Лукашэнка капіруе тыя дзеянні. Таксама тузае дзверы і даярак, а астатнія хуценька запісваюць у блакноцікі яго словы.
«Мог з’явіцца без папярэджання і світы»
Машэраў мог кантактаваць з народам без шматлікіх ахоўнікаў, якія адціскаюць людзей. Была ў яго прывычка з’яўляцца ў некаторых мясцінах знянацку, без папярэджання і світы.
Неяк здымаў я конныя спаборніцтвы ў Ратамцы. Бачу бакавым зрокам, што нехта набліжаецца. Паварочваюся: Машэраў. Павіталіся за руку. І толькі пасля ачухалася дырэкцыя Ратамкі, пабеглі яму насустрач. Такія рэчы ён любіў.
Фота Юрыя Іванова, kp.by
«Карупцыя была заўсёды»
Ці была у часы Машэрава карупцыя? Мне здаецца, яна была заўсёды. Сістэма, пабудаваная бальшавікамі, спараджала яе. Толькі што карупцыя была ў сваесаблівай форме. Той жа Машэраў ставіў на розныя пасады сваіх партызанскіх знаёмых і землякоў. Людзей прызначалі не толькі за іх працоўныя якасці.
«Яго кіроўцам быў партызанскі сябрук. І кіроўца ён быў ніякі»
Але, магчыма, дапамога партызанскім паплечнікам Машэрава і пагубіла. Калі адкінуць канспіралагічныя версіі пра яго гібель (не думаю, што гэта было пакушэнне), то трэба ведаць вось што. За рулём ягонай «Чайкі» сядзеў партызанскі сябрук. І быў ён ва ўзросце – 60 год споўнілася чалавеку. Кіроўца прызвычаіўся ездзіць за чырвоным агеньчыкам мігалкі аўтамабіля ДАІ, і на гэтым усё. Кіроўца ён, на маю думку, быў ніякі.
Я бываў на месцы гібелі Машэрава і ўпэўнены: калі б за рулём сядзеў хто іншы, нічога жахлівага не здарылася б. Няхай нават выехаў гэты грузавік з бульбай і перагарадзіў дарогу – можна было зварочваць у любы кювет. «Чайка» – гэта ж танк па сваёй вазе. Яна прычасала б тое кустоўё. Ну максімум пасажыры паламалі бы рукі ці ногі. Але ж не загінулі б. Кіроўца проста не зрэагаваў адпаведна сітуацыі.
Яшчэ адна з прычын гібелі – Машэраў любіў хуткую язду. У той сітуацыі машына ДАІ, ведаючы гэта, трохі адарвалася наперад, а кіроўца на хуткасці даганяў яе.
Пётр Машэраў і Фідэль Кастра, 1972 год. З фондаў НАРБ
«У Беларусі ў параўнанні з Прыбалтыкай была свая перавага»
Чаму тыя гады з аднаго боку называюць часам «застою», а з іншага – беларусы з добразычлівасцю ўзгадваюць Машэрава? Усё пазнаецца ў параўнанні. Існаваў вельмі добры індыкатар: у вайскоўцаў, якія выходзілі на пенсію, быў выбар, куды дэмабілізавацца і дзе атрымаць кватэру. І самымі папулярнымі месцамі ў іх былі Беларусь і краiны Балтыi. Што, безумоўна, сведчыла пра ўзровень жыцця ў гэтых рэспубліках.
Да таго ж, у Беларусі ў параўнанні з Прыбалтыкай была свая перавага – сур’ёзная прамысловасць. Існавала шмат прадпрыемстваў саюзнага падпарадкавання, якія працавалі на абаронку. Нават той самы «Гарызонт» з большага працаваў на абарончую прамысловасць, а выпуск тэлевізараў быў толькі вяршыняй айсбергу.
«Не думаю, што Машэраў адыграў бы тую ролю, што Бразаўскас у незалежнай Літве»
Ці мог бы Машэраў, калі б застаўся жывы, знайсці сваё месца пасля распаду СССР у незалежнай Беларусі? Відаць, так. Не думаю, што ён адыграў бы тую ролю, што Бразаўскас у незалежнай Літве. Але для Беларусі яго асоба была б больш станоўчай, чым тыя перабудовачныя лідары кшталту Сакалова і Малафеева, якія ў новай сітуацыі проста разгубіліся. Магчыма, пры ім на сцэну не выйшлі б тыя фігуры, якіх мы сёння бачым ва ўладзе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное