Данчык: «Цеплыня Барткевіча застанецца са мной назаўсёды»
Беларускі эміграцыйны сьпявак выказаў кранальныя словы ў сувязі са сьмерцю Леаніда Барткевіча, якога ведаў з маладых гадоў.
Данчык і Леанід Барткевіч у Нью-Ёрку, 1980-я гады
— Лёня Барткевіч адыграў вялікую ролю ў маім жыцьці, асабліва ў мае маладыя гады. З таго моманту, як мы пазнаёміліся падчас гастролей «Песьняроў» у Нью Ёрку ў канцы 1970-х гадоў, я заўсёды адчуваў ягоную блізкасьць, — адзначае Данчык на Радыё Свабода.
Задоўга да таго, як мы пазнаёміліся, я ўжо быў вялікім аматарам і прыхільнікам ягонага таленту. І тым большым было маё зьдзіўленьне і захапленьне, што чалавек з такім выдатным голасам захоплена паставіўся і да майго голасу. Для мяне гэта было авансам і магутным штуршком для творчага росту.
У гісторыі сучаснай беларускай музыкі Лёня меў унікальны падвойны дар — ён быў прыгожым чалавекам і меў такі цудоўны голас. Я ўпэўнены, што для папулярнасьці «Песьняроў» менавіта два гэтыя фактары былі важныя і адыгралі немалую ролю.
Ён вельмі шмат зрабіў для таго, каб я ў 1989 годзе ўпершыню прыехаў у Беларусь. Ён даслаў запросіны, што ў той час зраіць было няпроста, і арганізаваў наш побыт у Беларусі. Зь вялікім энтузіязмам ён дапамагаў араганізоўваць нашы сумесныя канцэрты і штурхаў мяне на сцэну нават тады, калі мне ня вельмі гэтага хацелася. Ніколі не забуду дні, прыведзеныя ў іх з Волгай Корбут кватэры на вуліцы Камсамольскай у Менску.
Пра ўклад Лявона Барткевіча у сучасную беларускую музыку скажуць музычныя крытыкі і гісторыкі беларускай музыкі.
Для мяне ж у пэўны пэрыяд майго жыцьця ён быў вельмі блізкім чалавекам. Гэтая ягоная цеплыня застанецца са мной назаўсёды.
***
У 1996 годзе Лявон Барткевіч і Данчык выпусьцілі сумесны альбом «Мы адной табе належым», які складаўся з 12 песьняў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное