Политика

Далейшы лёс Дашкевіча вырашыць пракуратура

Новую крымінальную справу супраць сустаршыні «Маладога фронту» Зміцера Дашкевіча перадалі ў пракуратуру. Актывіста абвінавачваюць у адмове сведчыць супраць сяброў яго арганізацыі. Цяпер да паўтара год зняволення, якое зараз адбывае Дашкевіч за ўдзел у незарэгістраванай, яму можа прыбавіцца новы тэрмін.

Як вядома, у верасні каля дзесятка маладых людзей прадсталі перад судом за сваю прыналежнасць да “Маладога фронту”. Дашкевіча неаднойчы дапытвалі па крымінальных справах некаторых актывістаў, аднак той адмовіўся даваць паказанні супраць сваіх сяброў.

У выніку на Дашкевіча шклоўскай міліцыяй была заведзена новая крымінальная справа па арт. 402. Цяпер пракуратура будзе вырашаць, ці даваць санкцыю для перадачы справы ў суд.

Нагадаем, у верасні споўніўся год, як Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў шклоўскай турме. Як вядома, моладзевага актывіста прыгаварылі да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва Еўрасаюза і ЗША неаднаразова патрабавалі ад беларускіх уладаў вызваліць моладзевага актывіста. А міжнародная арганізацыя "Amnesty International" прызнала Дашкевіча вязьнем сумлення.

Тым не менш камiсiя па ўмоўна-датэрмiновым вызваленнi ўжо не раз адмаўляла Змiцеру ў выхадзе на волю як «злоснаму парушальнiку ўнутранага распарадку». Цяпер да шматлікіх дысцыплінарных спагнанняў можна прыбавіцца і новы тэрмін.

Між тым лідэр незарэгістраванай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч лічыць новую крымінальную справу парушэньнем нормаў працэсуальнага права.

-- Гэты артыкул не можа быць ужыты, бо, згодна з 27 артыкулам Канстытуцыі, грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае права адмовіцца сведчыць супраць самога сябе, -- адзначыў Статкевіч у інтэрв’ю “Радыё Свабода”. -- А гэтая справа, паводле якой яго дапытваюць, агульная справа супраць усяго «Маладога фронту». Гэтая крымінальная справа прыцягнутая штучна. Прыцягнутая толькі для таго, каб запалохаць моладзь, каб даць сігнал, што пакаранне будзе жорсткім, маўляў, не йдзіце, бо вас жорстка пакараюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)