Общество
Радыё Свабода

Даклад аб Клецкай бітве павінен быць узгоднены зь ідэалягічным аддзелам

Нацыянальны грамадзкі аргкамітэт зацьвердзіў праграму сьвяткаваньня 500-годзьдзя перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага над крымскімі татарамі ля Клецка. Галоўныя падзеі прызначаныя на 5 ды 6 жніўня. Між тым, Радыё Свабода сталі вядомыя факты стварэньня штучных перашкодаў у падрыхтоўцы да гістарычнай даты.

Рэстаўрацыя эпізодаў адной зь найвялікшых перамогаў беларусаў мусіла быць у экспазыцыі Клецкага гісторыка-этнаграфічнага музэя. Са словаў яго дырэктаркі Зоі Мініч, яшчэ год таму былі разьмешчаныя заказы ў мастацкіх майстэрнях у Менску. Аднак выкупіць палатно дыярамы бітвы, амуніцыю рыцараў ды копіі зброі не атрымліваецца й сёньня. Тлумачыць Зоя Мініч.

(Мініч: ) “Каштуе гэта 24 мільёны рублёў. Раён такіх сродкаў не адшукаў. І таму заля ў музэі ня зробленая. Шмат намаганьняў прыкладала, але атрымлівала толькі нейкія абвінавачваньні. Не зразумелі, што гэтая вялікая дата і сур’ёзная падзея”.

Для арганізацыі сьвята ў Клецку, а таксама ў Менску створаны Нацыянальны грамадзкі аргкамітэт.Заплянаваны сьвяточны канцэрт, выставы, канфэрэнцыі. Ці ёсьць упэўненасьць у спраўджаньні намераў? Пытаньне да старшыні аргкамітэту Міколы Купавы.

(Купава: ) “На сёньня ўсё быццам бы застаецца рэальна. Хаця тут часта здараецца, што пераначуеш і невядома пра што пачуеш. Ва ўсялякім разе мы мяркуем адкрыць выставу. Я папрасіў сто мастакоў зрабіць адпаведныя творы”.

Як паведаміў Мікола Купава, 5-га жніўня ў Клецку адбудзецца навуковая канфэрэнцыя. А ўжо загадзя, як удакладняе Зоя Мініч, у мясцовым райвыканкаме патрабуюць тэксты дакладаў.

(Мініч: ) “Учора Мацуль — намесьнік старшыні райвыканкаму — загадаў усе выступы, якія будуць на канфэрэнцыі, пакласьці на стол, каб “усё вычытала ідэалёгія”. Ведаеце, як гэта падаецца: “Сюды прыйдзе апазыцыя, бел-чырвона-белыя сьцягі выставіць...”

5 жніўня 1506 году на рацэ Лань ля Клецка адбылася бітва больш чым 12-тысячнага войска крымскіх татараў супроць удвая меншых сілаў Вялікага княства Літоўскага на чале з найвышэйшым гетманам дзяржавы Станіславам Кішкам і князем Міхаілам Глінскім. Іхныя войскі атакавалі татараў і цалкам іх разграмілі. У беларускай гісторыі гэта вялікая перамога ў адным шэрагу зь бітвамі пад Сінімі Водамі, Грунвальдам ды Воршай.

Дарэчы, сёлета музычны гурт "Стары Ольса" на дыску "Гераічны эпас" запісаў новы сьпеў "Клецкая бітва".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)