ДАІ падзякавала за грамадзянскую пазіцыю ўдзельніку мітынгу супраць інтэграцыі

У Рэдакцыю Нашай Нівы звярнуўся чытач Юльян М. Пасля першых мітынгаў супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі, якія прайшлі ў Мінску 7 і 8 снежня, ён накіраваў зварот у сталічную ДАІ, каб падзякаваць яе супрацоўнікам за якасную, на яго погляд, працу.

«Хачу зазначыць і засведчыць прафесіяналізм і ветлівасць супрацоўнікаў ДАІ. Мне, як пашаходу і як вадзіцелю, было камфортна ажыццяўляць рух па дарогах Мінска. Было халодна, дзеянні людзей навокал былі не заўсёды прадказальнымі, але сталічная ДАІ цудоўна рэгулявала рух у горадзе і прадухіліла з'яўленне затораў і магчымыя праблемы для жыхароў. Верагодна, многія супрацоўнікі дзяжурылі звыш нормы і іх праца павінна быць адзначана.

Лічу, што ўзаемапавага і ўзаемападзяка — тое, што робіць нас народам і дапамагае пазбегнуць заторавых сітуацый на ўсіх дарожных картах», — адзначыў спадар Юльян у сваім лісце ў ДАІ, а таксама папрасіў «давесці гэту інфармацыю да ўсіх раённых падраздзяленняў і, па магчымасці, узнагародзіць матэрыяльна ўсіх задзейнічаных у дзяжурстве асобаў».

«У адказе на зварот адзін з начальнікаў упраўлення падзякаваў Юльяну М. «за праяўленую грамадзянскую пазіцыю». «Падзяка і падтрымка з боку грамадзян вельмі важная для супрацоўнікаў ДАІ», — перакананыя ў ведамстве.

Відаць, у ДАІ ўсё ж ухвалілі сам ліст падзякі нашага чытача, а не яго ўдзел у мітынгу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(25)